Уладзімір Япрынцаў і Юрый Чыж у судзе

Уладзімір Япрынцаў і Юрый Чыж у судзе

Юрый Чыж і Уладзімір Япрынцаў не выказалі пратэсту з нагоды хадайніцтва пракурора, пакінуўшы гэтае пытанне на меркаванне суда.

Валерый Есьман прыняў рашэнне правесці разбіральніцтва паводле гучнай крымінальнай справы ў закрытым судовым пасяджэнні.

Юрый Чыж пад'ехаў да суда амаль за 40 хвілін да пачатку працэсу. Перад пачаткам суда ён жартаваў з адвакатамі і тымі, хто прыйшоў яго падтрымаць. Ён нядрэнна выглядаў, усміхаўся і быў відавочна ў добрым гуморы.

Калі Юрый Чыж у пачатку верасня мінулага года выйшаў на волю, прайшла чутка, што яму змянілі меру стрымання на хатні арышт. Але гэта няпраўда, як высветліла «Народная Воля», бізнэсовец знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах. Па некаторых інкрымінаваных артыкулах ён атрымаў памілаванне.

Некаторыя кажуць: маўляў, калі Чыж знаходзіцца на волі, можа, трэба было скарыстацца магчымасцю і з'ехаць з краіны куды далей?

«А навошта? — адказвае пытаннем на пытанне вядомы бізнэсовец. — У мяне было шмат магчымасцяў з'ехаць, але… не бачу прычын кудысьці бегчы».

Былы партнёр Чыжа па бізнэсе Уладзімір Япрынцаў у суд прыйшоў літаральна за 10 хвілін да пачатку пасяджэння. Былыя сябры знаходзіліся ў розных канцах калідора суда, размаўляючы са сваімі адвакатамі. Адзін з адным яны нават не віталіся.

Падтрымаць Уладзіміра Генадзьевіча прыйшоў яго сябар, даволі медыйная асоба, бізнэсмэн Мікалай Чукісаў. Праўда, у залу пасяджэння ён не заходзіў, таму што праходзіць па гэтай справе сведкам.

І Уладзімір Япрынцаў, і Юрый Чыж прыводзяць аргументы і даволі пераканаўча кажуць: «Праўда на маім баку».

Хто з іх мае рацыю, урэшце вырашыць суд.

Чым скончыцца судовы працэс і ці застанецца Юрый Чыж на свабодзе — варыянты адказаў на гэтыя пытанні могуць быць зусім розныя…

Дарэчы, як прагучала ў судзе, Юрый Чыж знаходзіўся пад вартай двойчы: з 11 сакавіка па 14 верасня 2016 года, і з 15 сакавіка па 9 верасня 2022 года.

«Маю намер ісці да канца, — сказаў Юрый Аляксандравіч «Народнай Волі». — Але, чым усё скончыцца, не ведае ніхто. Трэба ўсё прайсці».

Зноў судзяць Юрыя Чыжа

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
5