Пісьменніца планавала наведаць Пінск, дзе ў міжваенны перыяд жылі і працавалі яе дзяды, а таксама пабачыць мясціны, звязаныя з вядомым польскім рэпарцёрам Рышардам Капусцінскім, які нарадзіўся ў Пінску. У Мінску Вольны планавала сустрэцца з беларускімі праваабаронцамі і інтэлектуаламі.

У Пінск Мая Вольны ехала аўтобусам з Варшавы. У Брэсце ў яе пачаліся праблемы.

«Беларуская памежніца доўга разглядала мой пашпарт, распытвала пра мэту паездкі. Потым сказала, каб я пачакала ў невялікай кабінцы. Памежнікі забралі мой пашпарт і доўга пра нешта размаўлялі, а мне сказалі чакаць і не рухацца. Потым, пасля 23:00, прыйшоў іншы памежнік і зачытаў мне пастанову пра тое, што ў выніку рашэння ўладаў РФ мне забаронены ўезд на 20 гадоў», — расказала «Радыё Свабода» Мая Вольны.

Прычыну беларускі памежнік не паведаміў, спаслаўшыся на тое, што ў беларускай камп'ютарнай сістэме яна «не бачная». Пасля жанчыну папрасілі забраць рэчы з аўтобуса і пасадзілі ў легкавы аўтамабіль з трыма мужчынамі.

«Мне сказалі, што толькі так я магу вярнуцца ў Польшчу. Я села ў машыну і толькі тады мне вярнулі пашпарт. Мужчыны, беларусы, дапамаглі мне перайсці мяжу на польскі бок», — сказала Вольны.

Польцы забаранілі наведваць Беларусь да 30 лістапада 2042 года. Раней пра такія вялікія тэрміны забароны на ўезд публічна не паведамлялася. Права наведваць Беларусь абмяжоўвалася максімальна на 10 год.

У мінулым годзе польская пісьменніца шмат падарожнічала па Расіі, збіраючы матэрыял для новай кнігі. Яна лічыць, што забарона з боку РФ можа быць звязаная з яе крытычнымі выказваннямі ў сацыяльных сетках і адмовай даць інтэрв'ю тэлеканалу Russia Today за некалькі тыдняў да Новага года.

«У той самы час у Расіі пераклалі і апублікавалі іншае інтэрвʼю са мной, дзе я разважала пра стан расійскага грамадства. Пасля гэтага на мяне пасыпалася маса гнеўных каментароў, а тую размову ў выніку выдалілі з сайта», — расказала пісьменніца «Радыё Свабода».

Мая Вольны — пісьменніца, рэпарцёрка, доктарка гуманітарных навук. Пачынала працаваць у рэдакцыі культуры польскага тыднёвіка Polityka. Працавала дырэктаркай музея ў Бельгіі і аглядальніцай найважнейшага фламандскага інфармацыйнага сайта VRT. Аўтарка сямі мастацкіх раманаў і дзвюх кніг нон-фікшн.

Клас
3
Панылы сорам
18
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
28