Валанцёр Ілья Міронаў просіць завесці крымінальную справу ў дачыненні да начальніка гомельскага ізалятара часовага ўтрымання Баравых. Ілья накіраваў адпаведную заяву ў Следчы камітэт, паведамляе выданне «Штодзень».

На думку валанцёра, начальнік ІЧУ парушыў некалькі артыкулаў: «Злоўжыванне ўладай» (ч. 2 арт. 424 КК) і «Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў» (ч. 3 арт. 426 КК). Ілья Міронаў падрабязна распавядае пра парушэнні сваіх правоў у ізалятары часовага ўтрымання, дзе ён знаходзіўся з 8 па 20 снежня.

«Было парушанае маё права на гуманнае абыходжанне і павагу чалавечай годнасці, бо мне не далі матраца і бялізны, чыстай вопраткі і прадметаў гігіены. Я быў пазбаўлены сну і адпачынку. Мяне спецыяльна будзілі ноччу і не давалі прылегчы ўдзень. Для запалохвання ў адносінах да мяне незаконна выкарыстоўвалі кайданкі. Ежа, якую мне давалі, была агідная, прызначаная хутчэй для харчавання жывёл, чым для людзей. Без нармальнага харчавання, сну, адпачынку, вопраткі, прадметаў гігіены, ва ўмовах стрэсу я знаходзіўся 12 дзён», — адзначае Ілья Міронаў у заяве, накіраванай у Следчы камітэт. 

Нагадаем, што Ілья Міронаў пасля таго, як правёў год за кратамі, ужо двойчы адбываў адміністрацыйныя суткі.

Клас
18
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2