Хімік кажа, што, калі пабачыў скрыншот, ягоная першая думка была пра тое, што гэты зварот з'яўляецца фэйкам ці пранкам. Спецыяліст не разумее, навошта дасылаць на афіцыйную пошту БелАЭС нейкае відэа з момантам апраменьвання.

«Выпраменьванне і апраменьванне не бачнае чалавечым вокам, радыяцыя таксама не бачная, таму відэа абсалютна нічога не дасць. Гэта выглядае вельмі дзіўна», — адзначае эксперт.

Cяргей Бесараб — хімік, эксперт па радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай бяспецы

Cяргей Бесараб — хімік, эксперт па радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай бяспецы

«Датычна магчымасці нейкага інцыдэнту з удзелам рэактарнага абсталявання, то адразу прыходзіць у галаву, што штосьці магло здарыцца пры перагрузцы паліва. Але ж гэта, як мы памятаем, адбывалася ў канцы лета 2022 года. Ды і адпрацаванае паліва перагружаецца ў басейн вытрымкі (каля рэактара) з дапамогай маніпулятараў, дыстанцыйна. Людзей там не можа быць у прынцыпе», — лічыць Бесараб.

Па словах хіміка, свежае ядзернае паліва ўвогуле не выпраменьвае пранікаючай радыяцыі. Асноўная яго частка — гэта ўран, які з'яўляецца слабым альфа-выпраменьвальнікам. 

«Альфа-выпраменьванне затрымліваецца нават слоем паветра і ніякай небяспекі для чалавека не ўяўляе», — запэўнівае навуковец. 

Сярод іншых варыянтаў Бесараб называе нейкае здарэнне з уцечкай ахалоджвальніка рэактара, парушэнне герметычнасці рэактарнага контура.

«Ахалоджваючая актыўную зону вада, безумоўна, можа выклікаць апраменьванне персаналу. Але як гэта тычыцца відэа?» — задаецца пытаннем хімік.

Ён адзначае, што радыяцыя не бачная ў звычайных умовах, таму радыебіялагічныя эфекты на чалавеку праявяцца праз тыдні. І каб бачыць эфект уздзеяння на чалавека, відэа патрэбна здымаць на працягу гэтых тыдняў.

«Увогуле адзіны магчымы варыянт візуалізацыі радыяцыі (а значыць, і мэтазгоднасць відэа) — гэта выпраменьванне Вавілава—Чаранкова. Блакітнае святло, якое ўзнікае, калі зараджаныя часцінкі рухаюцца хутчэй за святло ў празрыстым асяродку. Такі эфект можна бачыць унутры рэактара, калі адбываецца ягоны пуск. Гэта значыць, што і нейкі ўмоўны працаўнік АЭС павінен сядзець у вадзе, якая ахалоджвае ТВЭЛы падчас пуску рэактара», — кажа ён.

Сяргей Бесараб дадае, што разумее як рэакцыю Мінэнерга, так і насельніцтва. 

«Мінэнерга было шакаванае тым, што з-за нейкай дробязі ўзняўся такі шум. Я б асабіста нават не звярнуў увагі на той зварот, калі б не такі розгалас у СМІ, бо з тэхнічнага пункту гледжання адлюстраванае ў звароце цалкам бессэнсоўнае. Але натуральна, што ў звычайнага жыхара Беларусі спрацаваў трыгер «радыяцыя». Але той, хто трохі разумее у тэме — не зверне на гэта ўвагі».

Чытайце таксама: 

«Казаць, што мы ўсе памрэм, — дакладна няправільна». Эксперт пра магчымыя наступствы ядзернай вайны

Клас
7
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
2