Балота знаходзіцца ля перасячэння МКАДа і трасы на Брэст — у адным з «пялёсткаў» дарожнай развязкі. Гэта круглы ўчастак плошчай 1,28 гектара.

Узяць пад ахову тэрыторыю вырашылі таму, што яна уяўляе сабой тыповы біятоп пераходнага балота. Тыповы біятоп — гэта ўчастак з аднароднымі экалагічнымі ўмовамі, дзе жывуць пэўныя віды жывёл і раслін, які адлюстроўвае характэрныя асаблівасці прыроды Беларусі. У гэтым выпадку тыповым біятопам прызнана пераходнае балота.

На мінскім балоце ўсярэдзіне маленькага «пялёстка» МКАДа растуць рэдкія і знікаючыя віды раслін, якія ахоўваюцца не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе, ды і наогул у свеце. Дзве з гэтых раслін — вярба чарнічная і ладдзян трохнадрэзаны — уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.

«Таму гэты прыродны комплекс унікальны для біялагічнай разнастайнасці не толькі горада Мінска, але і краіны ў цэлым. Яго ахова дазволіць захаваць месцы вырастання рэдкіх і знікаючых відаў раслін, што дазволіць зберагчы прыроднае багацце», — адзначылі ў Камітэце прыродных рэсурсаў.

На ўчастку, узятым пад ахову, будзе абмежаваная любая дзейнасць, якая парушае прыродную раўнавагу. Нельга праводзіць работы, звязаныя са змяненнем рэльефу і існуючага гідралагічнага рэжыму, скідаць туды сцёкавыя, дрэнажныя, кар'ерныя воды, пашкоджваць расліннасць, травяное покрыва, уладкоўваць месцы адпачынку, ставіць палаткі, выкарыстоўваць механічны транспарт. 

Клас
61
Панылы сорам
3
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
2