Так выглядае месца раскопак. Грабніцу 40 гадоў таму знайшлі марадзёры, археалагічныя работы ў ёй пачаліся ў 1984 годзе
У пячоры Саламеі дзве тысячы гадоў таму хавалі прадстаўнікоў знатнай яўрэйскай сям'і. Пахавальня складаецца з асобных камер з пахавальнымі нішамі. Сцены і падлога ўпрыгожаныя разьбой, а ў пярэдняй частцы арганізаваны двор плошчай 350 квадратных метраў.
У пячоры знайшлі сляды прысутнасці людзей ранневізантыйскага перыяду — прыкладна V стагоддзя. У магільным склепе засталіся сотні гліняных алейных лямпаў пілігрымаў і надпісы вернікаў на сценах. Грабніцу наведвалі паломнікі з Візантыі, Сірыі, Кападокіі.
Лямпы паломнікаў і грэцкі надпіс, надрапаны на сцяне пахавальні
Мяркуючы па надпісах, хрысціяне лічылі пячору месцам пахавання Саламеі — павітухі, якая прымала роды ў Дзевы Марыі. Яна намаляваная на многіх праваслаўных абразах. Але праблема ў тым, што гісторыя пра Саламею расказаная ў Евангеллі ад Якуба, а ягоная сапраўднасць выклікае сумневы.
Ці сапраўды існавала павітуха Саламея і ці была яна пахаваная ў гэтай пячоры, невядома. Археолагі лічаць, што гэтае жаночае імя магло быць высечана на адной з пахавальных каменных скрынь. Хтосьці з першых хрысціян мог яго ўбачыць і паведаміць іншым, што знайшоў магілу павітухі Хрыста. Гэтага было б дастаткова, каб у пахавальню накіраваліся тысячы паломнікаў.





