Продаж прасеў, рынак у ступары

Сёлета на рынку нерухомасці Беларусі назіралася адразу некалькі цікавых тэндэнцый, на якія паўплывала палітычная сітуацыя ў краіне і рэгіёне. 

У першы месяц пасля нападу Расіі на Украіну продаж кватэр у Беларусі заўважна прасеў. Калі ў лютым у сталіцы было зарэгістравана 1205 здзелак, то ў сакавіку гэтая лічба скарацілася да 1026. Тэндэнцыя на змяншэнне колькасці здзелак у сакавіку назіралася па ўсёй краіне. Увесну рыэлтары казалі, што людзі былі ў ступары, не ведалі, што рабіць далей. Частка здзелак, якія абмяркоўваліся да 24 лютага, у выніку сарвалася. 

Такія паводзіны купцоў прывялі да імклівага зніжэння цаны «квадрата». У сакавіку быў пастаўлены сваеасаблівы антырэкорд, калі цана прапановы квадратнага метра ў Мінску за тыдзень апусцілася на 29 даляраў. Такога рэзкага падзення цэн на кватэры сталіца не бачыла з 2009 года. 

Продаж аднавіўся, а цэны — не

Тым не менш, з часам рынак стабілізаваўся, у кастрычніку Мінск нават паставіў рэкорд па ўгодах з кватэрамі. Тады за месяц у Мінску зарэгістравалі 1458 угод куплі-продажу кватэр, што стала рэкордам для гэтага месяца за апошнія 10 гадоў. 

Аднак гэта ўсё адно не дапамагло Мінску захаваць цэны, якія былі да пачатку вайны. У лютым сталічны «метр», згодна з данымі рэальных здзелак, каштаваў 1353 даляры. У верасні «метр» у рэальных здзелках патаннеў да 1298 даляраў. Як паказвае статыстыка Realt.by, выніковыя лічбы за год будуць яшчэ больш сціплыя, бо нават згодна з індэксам цаны прапановы па стане на 12 снежня метр у Мінску ў сярэднім каштуе 1189 даляраў. Гэта ўзровень 2007 і 2016 гадоў.

Індэкс цэн прапаноў кватэр у Мінску. Скрыншот з сайта realt.by

Індэкс цэн прапаноў кватэр у Мінску. Скрыншот з сайта realt.by

Такім чынам, за 2022 год «метр» у сталіцы патаннеў на 2,8 працэнта. Пры гэтым Мінск застаўся адзіным буйным горадам Беларусі, дзе нерухомасць па выніках года стала больш танная. У абласных цэнтрах сярэдняя цана «квадрата» вырасла. Найменшы прырост цэн паказаў Брэст — плюс 5,4 працэнта. Найбольш прыкметна цэны на нерухомасць выраслі ў Гомелі — плюс 11,6 працэнта. 

Зніжэнне цэн на нерухомасць у Мінску рыэлтары тлумачаць тым, што сталіца больш за рэгіёны адчула на сабе ўсе негатыўныя наступствы вайны. Менавіта ў Мінску была найбольшая канцэнтрацыя бізнэсу ў цэлым і ІТ-сектара ў прыватнасці. Апошні ад пачатку года скараціўся на 13,3 тысячы чалавек. 

Рэкордна нізкі попыт на офісныя памяшканні

Масавы рэлакейт ІТ-кампаній, сыход часткі заходняга бізнэсу і эканамічная сітуацыя ў краіне ў цэлым заўважна паўплывалі на рынак камерцыйнай нерухомасці. Лічба свабодных офісных памяшканняў цягам года працягвае павялічвацца. 

Прапанова офісаў значна перавышае попыт. Свабодныя памяшканні можна знайсці ў 117 бізнэс-цэнтрах са 141.

На рынку арэнды офісаў з'яўляецца ўсё больш плошчаў, якія раней здымалі IT-кампаніі. У параўнанні з 2019 годам свабодных офісных плошчаў у Мінску стала больш у пяць разоў.

БЦ Fortune. Фота: sigmapolus.com

БЦ Fortune. Фота: sigmapolus.com

Прычыны вызвалення офісаў не заўжды звязаныя з рэлакацыяй бізнэсу. Частка бізнэсу проста аптымізуе выдаткі, пераязджае ў памяшканні меншага памеру, пераводзіць супрацоўнікаў на «аддалены характар працы». 

Расце колькасць кватэр для доўгатэрміновай арэнды

Колькасць прапаноў па арэндзе расце не толькі ў сферы камерцыйнай нерухомасці. З пачаткам сёлетняй хвалі міграцыі значна павялічылася колькасць прапаноў па здачы кватэр у доўгатэрміновую арэнду. 

Па стане на лістапад 2022 года, попыт на арэнду кватэр у Мінску знізіўся на 9 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. 

Колькасць свабодных для засялення кватэр у сталіцы працягвае павялічвацца: за ўвесь лістапад у базе Realt.by фігуравала на 2,6 працэнта кватэр больш, чым месяцам раней. Паралельна з ростам лічбы прапаноў меншае колькасць запытаў «зняць кватэру ў Мінску», па выніках лістапада скарачэнне склала 2,5 працэнта.

Як вынікае са статыстыкі, 2022 год стаў даволі складаным для рынку нерухомасці. У Беларусі далей працягваюць скарачацца аб'ёмы будаўніцтва. Скарачаецца колькасць людзей, занятых у будаўнічай галіне. Толькі за 9 месяцаў бягучага года адток занятых у будаўніцтве склаў амаль 9 тысяч чалавек. Але гэты трэнд зарадзіўся не сёлета: колькасць занятых у будаўніцтве перманентна скарачаецца, пачынаючы са жніўня 2020 года.

Чытайце таксама:

У цэнтры Мінска на продаж выставілі кватэру, у якой цана метра — 6829 даляраў. Глядзіце, што ўнутры

Па якіх цэнах прадаюць кватэры ў сталічных новабудоўлях? Вось дзе самыя танныя варыянты

Клас
8
Панылы сорам
2
Ха-ха
12
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
6