Фотафакт: Sputnik

Фотафакт: Sputnik

Продаж ноўтбукаў айчыннай вытворчасці ў цэнтры беларускай сталіцы доўжыўся ўсяго некалькі дзён, паведамляе Sputnik.

«Пункт продажу з'ехаў. У нас іх дакладна ўжо не будзе. Астатняе не ведаем», — патлумачылі ў інфацэнтры ГЦ Galleria Minsk.

У крамах электратэхнікі ноўтбук так і не з'явіўся. Няма навінкі ні на сайце «Гарызонта», ні ў інтэрнэт-крамах. 

«Першы беларускі ноўтбук выходзіць на рынак у мадэлі H-book MAK4. Гэта айчынная распрацоўка, створаная на аснове перадавога досведу і тэхналогій. Гэта сучасны камп'ютар, які па сваёй якасці і прадукцыйнасці параўнальны са знакамітымі брэндамі. Апаратная аснова H-book MAK4 распрацавана на працэсарах Intel Core 11 пакалення, якія забяспечваюць паказчыкі бесперабойнай працы і высокай прадукцыйнасці як ва ўмовах офіснай і хатняй працы, так і пры выкананні задач высокай сістэмнай нагрузкі, захоўваючы пры гэтым выключную аўтаномнасць», — расказваў БелТА генеральны дырэктар «Гарызонта» Юрый Прадко.

Мадэль на i-3 працэсары прадавалася ў гэтым пункце за 1599 рублёў, пісала Tochka.by. Раней паведамлялася, што беларускі ноўтбук у базавай камплектацыі з дыяганаллю 15,6 цаляў абыдзецца ў суму ад 1300 рублёў, але, як патлумачыў кансультант, выйшла крыху даражэй з-за лагістыкі.

Цікава, што ў аддзеле продажу прадпрыемства «Гарызонт», куды тэлефанавала «Наша Ніва», не сталі называць цану.

«Цэн у мяне няма. Прыходзьце на выставу ў Galleria Minsk, там можна паглядзець ноўтбукі і цэны», — адказалі ў аддзеле. 

Выглядае, што цяпер і гэтай магчымасці няма.

Серыйная вытворчасць ноўтбукаў мусіла стартаваць у лістападзе, але затым яе перанеслі на снежань. У 2023 годзе плануюць выпусціць ці то 80 мадэляў, ці то 80 штук.

Клас
5
Панылы сорам
23
Ха-ха
145
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
5