Папярэджанні аб экстрэмальных умовах надвор'я дзейнічаюць у 12 штатах ЗША.
На свежай мапе Нацыянальнага ўпраўлення акіянічных і атмасферных даследаванняў (NOAA) бачна, як замяло Амерыку напярэдадні Калядаў.
Выява NOAA для AP
Моцныя маразы, шквалісты вецер і магутныя снегапады сталі прычынай гібелі 23 чалавек. Больш за паўтара мільёна жыхароў краіны засталіся без электрычнасці.
Магутны зімовы шторм ахапіў тэрыторыю ў 3200 км — ад Тэхаса да Квебека. «Выбухны цыклон» прынёс моцныя завеі на мяжу ЗША і Канады, у раён Вялікіх азёр. Значная тэрыторыя Канады таксама апынулася пад уладай зімовага шторму.
Нацыянальная метэаралагічная служба ЗША канстатуе, што гэта першае настолькі маштабнае наступленне халадоў за ўсю гісторыю назіранняў.
Тэмпература паветра ў штаце Мантана ў пятніцу апускалася да мінус 45 градусаў. У Мічыгане ў пятнічную ноч тэмпература апусцілася да мінус 17 градусаў.
Магутныя снегапады прагназуюцца ў Пенсільваніі.
У Сіэтле і Портлендзе жыхары коўзаюцца па ледзяной глазуры, якая пакрыла вуліцы гарадоў.
Сярод ахвяр зімовага шторму — загінулыя ў ДТЗ людзі. Сітуацыя на дарогах значна ўскладнілася. Так, у штаце Агаё сутыкнуліся адразу 50 машын, ахвярамі буйнога ДТЗ сталі чатыры матацыклісты.
Амаль 6000 авіярэйсаў былі скасаваныя ў пятніцу ў ЗША, сведчаць звесткі сайта FlightAware. Таксама вядома аб адмене 1200 авіярэйсаў у суботу.
Гэтае Раство можа стаць самым халодным у ЗША за апошнія тры дзесяцігоддзі, лічаць сіноптыкі.