Справу разглядаў суддзя Антон Дудаль.

Па матэрыялах абвінавачання, 20-гадовы Мікіта Маляр разам з сябрам восеньскім вечарам прагульваўся па Бабруйску і каля адной з крам наўмысна, падскочыўшы, рукой схапіўся за палотнішча сцяга Беларусі, усталяванага на дрэўку ў металічным кранштэйне, і з сілай пацягнуў яго ўніз. У выніку чаго сцяг разам з фрагментам дзяржала адламаўся ад месца мацавання і ўпаў на тратуарную плітку…

Затым, утрымліваючы сцяг у руках за дрэўка, абвінавачаны прабег не менш за 20 метраў, размахваючы ім. На другі дзень палотнішча выкінулі на вуліцу.

Дапытаны ў судовым пасяджэнні абвінавачаны сваю віну па прад'яўленым абвінавачванні прызнаў часткова, паведаміў суду, што не меў намеру апаганіць дзяржаўны сімвал.

Аднак суд, які адбыўся 25 лістапада, прызнаў Маляра вінаватым у здзеку са сцяга і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Мера стрымання да ўступлення прысуду ў законную сілу была адмененая, яго вызвалілі з-пад варты ў зале суда.

Пазней стала вядома, што Мікіта Маляр накіраваны для адбыцця пакарання ў ПУАТ №6.

Адрас для лістоў: ПУАТ-6, 225886, Брэсцкая вобл., Кобрынскі р-н, в. Лушчыкі, вул. Лясная, д. 14.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
6