З першага дня вайны Руская служба Бі-бі-сі сумесна з выданнем «Медыязона» і камандай валанцёраў вядзе пайменны спіс страт расійскіх вайскоўцаў ва Украіне.

На 23 снежня ўдалося пацвердзіць інфармацыю пра 10 505 загінулых салдатаў і афіцэраў. Але спіс можа ўтрымліваць прынамсі на 40-60% менш імёнаў загінулых, чым рэальна пахавана ў Расіі. Да такой высновы журналісты прыйшлі, калі вывучалі абстаноўку на могілках у больш як 60 расійскіх населеных пунктах.

Такім чынам, па найбольш кансерватыўнай ацэнцы, страты расійскай арміі і Расгвардыі ва Украіне могуць складаць больш за 21 тысячу чалавек.

Агульныя беззваротныя страты Расіі (гэта значыць, колькасць тых, хто выбыў са строю з прычыны ранення, смерці або прапаў без вестак) могуць складаць прынамсі 95 500 чалавек.

Гэтая лічба атрымана на аснове назіранняў Цэнтра ваенна-марскога аналізу ЗША, згодна з якімі на кожнага загінулага расійскага вайскоўца падчас вайны ва Украіне прыпадае ў сярэднім каля трох з паловай параненых. У гэтую лічбу не ўваходзяць тыя, хто ваяваў на баку Расіі ў складзе «народных міліцый» Данецка і Луганска.

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
0