Фота: аб'яднанне «Рух»

Фота: аб'яднанне «Рух»

Намёт Свята-Елісавецінскага манастыра актывісты заўважылі каля праваслаўных могілак у Варшаве яшчэ на пачатку лістапада. Каля галоўнага ўвахода стаяў іх намёт, дзе прадавалі розныя царкоўныя рэчы.

Але гэты ж мінскі манастыр збірае дапамогу для расійскіх салдат ва Украіне.

У абіцелі актыўна ладзіцца акцыя «Помощь братьям», дзе збіраюць рэчы і грошы для расійскіх акупантаў. На сабраныя сродкі набываюць неабходныя рэчы, лекі і вайсковы рыштунак. Таксама сёстры манастыра пішуць паштовыя лісты падтрымкі расійскім жаўнерам ва Украіне з подпісам: «Дорогому солдату из Белой Руси / Белоруссии».

Духоўнік манастыра протаіерэй Андрэй Лемяшонак вядомы сваімі прарасійскімі і пралукашэнкаўскімі поглядамі. 

Сябры «Руху» ладзілі пікет каля манастырскага намёта, а таксама праводзілі тлумачальную размову з патэнцыйнымі пакупнікамі.

Па інфармацыі аб'яднання, прадстаўнікі Свята-Елісавецінскага манастыра хутка прыедуць гандляваць у Польшчу і на калядныя святы. Таму зараз актывісты накіроўваюць пісьмовыя запыты Польскай Праваслаўнай Царкве і прадстаўнікам Каталіцкага Касцёла, каб даведацца, на якіх падставах манахіні атрымліваюць дазвол працаваць на тэрыторыі краіны. 

Дадаткова запусцілі збор подпісаў пад петыцыяй супраць прысутнасці ў Польшчы гандлёвых пунктаў Свята-Елісавецінскага манастыра.

Клас
40
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
38