Алег Гулак. Фота: belhelcom.org

Алег Гулак. Фота: belhelcom.org

Скончыў школу з залатым медалём, працаваў юрысконсультам на заводзе 

Алег Гулак нарадзіўся ў мястэчку Жылічы, што ў Кіраўскім раёне Магілёўшчыны. Бацькі будучага праваабаронцы ў мясцовай школе настаўнічалі. Маці Яніна Гаўрылаўна вучыла дзяцей біялогіі, а бацька Мікалай Сцяпанавіч — рускай мове і літаратуры.

У 1984 годзе Алег Гулак скончыў з залатым медалём Жыліцкую сярэднюю школу. Ён выпускнік юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Як піша ў кнізе «Арытмія, альбо Код супраціву» Аляксандр Тамковіч, дэбютаваў Гулак праваабаронцам, калі яго адправілі пасля ўніверсітэта на Магілёўшчыну. Яму давялося даказваць, што яго правы парушылі, бо на той час ён меў жонку, якую размеркавалі ў Пінск. Свайго Гулак дамогся — сям’я аб’ядналася. З жонкай Настассяй Алег Гулак пазнаёміўся ва ўніверсітэцкім інтэрнаце.

У Пінску ён тры гады працаваў юрысконсультам на заводзе «Камертон». Меў там кола аднадумцаў.

«Цяпер разумею, што гэта былі незалежныя людзі з нашымі поглядамі, а тады ўспрымала іх проста як іншых: кабеты, з якімі ён сябраваў, не пляткарылі на трасянцы ў канцылярыі і не рабілі «хімію», хадзілі проста з распушчанымі валасамі. Для Пінска 1990-га гэта было ай-ёй. Я з ім толькі віталася. А пасля яго пазнала на нейкім вулічным шэсці ў Мінску», — расказала яго былая калега.

Калі на «Камертоне» пачаліся скарачэнні, Гулак заклікаў дзейнічаць па законе. У выніку адміністрацыя вінаваціла яго ў ангажаванасці рабочымі. А рабочыя казалі пра «дудку адміністрацыі».

Сярод праваабаронцаў «самы разважлівы»

У Пінску Алег Гулак быў сярод заснавальнікаў пінскай суполкі Беларускага Хельсінкскага камітэта. Яна паўстала ў 1996 годзе.

«Погляды яго былі блізкімі мне, ды і чалавекам ён быў цікавым, з дэмакратычнымі поглядамі на жыццё, прыхільнікам правоў чалавека. Актыўна праваабарончай дзейнасцю Алег заняўся, калі стварыўся БХК. Прыцягнуў добрых спецыялістаў. Калі пераехаў у Мінск, мы падтрымлівалі сяброўскія адносіны. Мне было прыемна, што Алег здолеў дамагчыся многага. На жаль, часта сыходзяць лепшыя», — апавядае пра Гулака яго пінскі калега.

Аляксандр Тамковіч піша, што Гулак сярод праваабаронцаў «самы разважлівы і ніколі не спяшаецца з канкрэтнымі высновамі», а «такая якасць вельмі сёння патрэбная, бо толькі такія людзі і здольныя не рубіць з пляча». Тамковіч выдаў кнігу ў 2012 годзе.

«Калі я працаваў над гэтым нарысам, то некалькі разоў даводзілася чуць прэтэнзіі наконт скрупулёзнасці і зусім не нямецкай абавязковасці Алега Гулака. Больш за тое, асабіста пераканаўся ў тым, што для падобных меркаванняў ёсць пэўныя падставы, — заўважае Тамковіч. — На мой погляд, такая рыса не самая галоўная ў характары героя гэтага нарыса. Як вядома, бездакорных людзей няма ўвогуле».

Слухаў «Краму» і бавіў час на лецішчы ў Жылічах

Пісьменніца і журналістка Святлана Курс памятае Алега Гулака па 1990-х.

«Такога жывога, чэснага чалавека, з такім пачуццем гумару немагчыма спаткаць двойчы. Сапраўдны мужчына і чалавек, — адзначыла яна. — Не бачыла, каб ён хоць раз быў злы, грубы, знерваваны. За ўсе гады знаёмства не бачыла ад яго нават ценю кепскага ўчынку альбо слова. А жарты ягоныя даводзілі людзей да некантраляванага рогату».

Алег Гулак, брытанскі рок-музыкант Стынг, Валянцін Стэфановіч. Фота: old.tuzinfm.by

Алег Гулак, брытанскі рок-музыкант Стынг, Валянцін Стэфановіч. Фота: old.tuzinfm.by

Святлана ўдакладняе, што разам з Гулаком працавалі ў БХК. Семʼямі і таварыствамі сустракаліся па вечарах і ладзілі баляванні. Праваабаронца любіў бавіць час з сябрамі, чытаць, слухаць музыку. Аддаваў перавагу класічнаму року, а з беларускіх гуртоў любіў «Краму». Для гэтага гурта яго былая жонка пісала тэксты.

«Ён быў выбітным жартаўніком, гэта было ці не галоўнае. Асабліва я любіла: калі прыходзіў якісьці дзівак, пʼяніца ці няўдаліца, то Алег каментаваў: «І прывялі да яго расслабленага», — згадвае Святлана Курс.

Гулак вельмі любіў сваю сядзібу ў Жылічах. Паводле родных, там бавіў шмат часу: займаўся садам, гародам, нешта майстраваў. Гэта быў яго аптымальны адпачынак, пакуль ён жыў у Беларусі.

«Я юрыст з Пінска, хачу з вамі працаваць»

У сталіцу Гулак перабраўся ў 1997 годзе, бо жонка паступіла ў аспірантуру БДУ. У Мінску ён стаў працаваць у цэнтральным офісе БХК. Спачатку звычайным юрыстам, потым выканаўчым дырэктарам, намеснікам старшыні, а ў 2008 годзе стаў старшынёй. На гэтай пасадзе замяніў Таццяну Процька.

«Я памятаю, як Алег упершыню прыйшоў да нас — малады, высокі, у доўгім па модзе чорным паліто: «Я юрыст з Пінска, хачу з вамі працаваць». Да амбітнага маладога чалавека спачатку паставіліся насцярожана. Але толькі спачатку.

Праца гэтая расцягнулася надоўга — БХК Алег аддаў 25 гадоў, амаль усё сваё свядомае жыццё. 15 год кіраваў арганізацыяй», — напісала Таццяна Процька.

Гулак працаваў над паляпшэннем законаў, накіроўваў ад імя БХК свае прапановы ў дзяржаўныя ўстановы.

«Станоўчыя вынікі, хоць і нязначныя, ад гэтай працы былі. Мы разумелі, што працуем на будучую Беларусь, — піша Процька. — Асабліва цяжка было са жніўня 2020 года. Масавыя парушэнні правоў чалавека, паламаныя лёсы людзей патрабавалі асаблівай аддачы ад усіх сяброў арганізацыі, асабліва ад яе кіраўніцтва. Праз сэрца праходзілі звесткі пра збіццё людзей, пазбаўленне іх свабоды, пра наяўнасць палітвязняў.

Лёс Алеся Бяляцкага, паплечніка Алега па праваабарончай дзейнасці, таксама ніколі не пакідаў яго ў спакоі. Інфармаванне міжнародных арганізацый пра падзеі ў Беларусі стала важным кірункам дзейнасці БХК».

Алег Гулак удзельнічаў у дзясятках судовых спраў, грамадскіх дзеяннях па абароне людзей, якія сталі ахвярамі парушэння правоў чалавека ў Беларусі. У 2016 годзе ён атрымаў прэмію ў сферы правоў чалавека і законнасці Міністэрстваў замежных спраў Францыі і Нямеччыны.

Знаёмыя згадваюць, што яго ў сферу праваабароны прывяло непрыманне гвалту, жаданне дапамагчы, выкарыстоўваючы юрыдычныя магчымасці дзяржавы.

Алег Гулак з Алесем Бяляцкім. Фота: старонка Алега Гулака ў Facebook

Алег Гулак з Алесем Бяляцкім. Фота: старонка Алега Гулака ў Facebook

Праваабаронцы мяркуюць, што ўлады да пэўнага часу мірыліся з БХК, бо міжнародны імідж арганізацыі быў высокі і станоўчы.

Гулак ніколі не крычаў і заўсёды шукаў кампрамісы

Жыхарка Мінска Аксана Пятрова (імя змененае) пазнаёмілася з Алегам Гулаком напачатку 1990-х, калі абое толькі пачыналі шлях грамадскіх актывістаў.

Аксана кажа, што значна пазней зразумела, якім унікальным чалавекам быў Гулак. Яна ўпэўненая: БХК працаваў шмат гадоў дзякуючы яго намаганням, характару, перакананням, уменню весці дыялог.

«У яго проста ўбудавана была ўнутраная сістэма справядлівасці. Ён ніколі не крычаў і заўсёды шукаў кампрамісы», — адзначае яна.

«Не можам спыняць нашую працу ў той час, калі яна асабліва патрэбная»

Вярхоўны Суд ліквідаваў Беларускі Хельсінкскі Камітэт на пазоў Міністэрства юстыцыі 1 кастрычніка 2021 года.

Ліквідаванне БХК сам Алег Гулак лічыў палітычным рашэннем.

«Мы будзем працягваць працу па абароне правоў чалавека, шукаць формы, каб рабіць гэта, не падстаўляючы людзей», — запэўніваў ён.

Гулак заяўляў, што БХК — «занадта сур’ёзны брэнд, каб яго губляць праз такое рашэнне, мы не можам спыняць нашую працу ў той час, калі яна асабліва патрэбная».

«Мы не заўсёды можам ацаніць маштабы рэпрэсій: часта людзі баяцца, што галоснасць іх пераследу можа ім пашкодзіць», — казаў Алег Гулак незадоўга да смерці, падсумоўваючы вынікі 2022 года ў сферы правоў чалавека.

Чытайце таксама:

Цела Алега Гулака крэміруюць, а прах пахаваюць на радзіме

«А хто робіць свет лепшым? Ідэалісты». Размова з жонкай Алеся Бяляцкага пра Нобелеўскую прэмію і справу, якая больш чым праца

Беларускага палітвязня абралі віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
16
Абуральна
1