Сустрэча Новага года ў беларускім санаторыі традыцыйна карыстаецца попытам. Святочная вячэра са стравамі ад шэф-кухараў, канцэрт зорак беларускай эстрады, Дзед Мароз і Снягурка з конкурсамі і гульнямі і танцы да самай раніцы — такія праграмы прапануюць здраўніцы ў навагоднюю ноч.

Астатнія дні будуць насычаны мерапрыемствамі на адкрытым паветры: зімовыя гулянні, спаборніцтвы і экскурсіі. І, безумоўна, медыцынскія і СПА-працэдуры, якія дазволяць адпачыць і парэлаксіраваць. У большасці санаторыяў месцы на навагоднія святы цалкам забраніраваны. Адзін дзень у беларускім санаторыі ў гэты час у сярэднім абыдзецца ў 93 рублі, навагодні банкет — да 200 рублёў, піша «Звязда».

Навагодні банкет, зімовыя гулянні і СПА-праграмы

Як адзначае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, Новы год у айчынных санаторыях традыцыйна карыстаецца павышаным попытам. Усе здраўніцы будуць цалкам запоўненыя. У перыяд навагодніх свят тут чакаюць каля 22 тысяч гасцей. Адметна, што амаль палова з іх (больш за 10 тысяч) — замежныя грамадзяне, пераважна расіяне. Як правіла, на гэты час санаторыі арганізоўваюць двухтыднёвыя туры, якія будуць праходзіць з 25 снежня да 7 студзеня. Заезды будуць практычна паўсюль у адзін і той жа час.

Навагодняя праграма істотна адрозніваецца ад звычайнага знаходжання ў санаторыі. Акрамя комплексу медыцынскіх паслуг (а ўсе пуцёўкі набыты з гэтай опцыяй) праграмы будуць насычаны святочнымі мерапрыемствамі.

Гэта канцэрты артыстаў беларускай эстрады, майстар-класы з нацыянальным каларытам, вулічныя гулянні, спартыўныя мерапрыемствы з акцэнтам на зімовыя віды спорту. Сёлетняе надвор'е ім спрыяе, і амаль усе санаторыі ўключылі ў праграмы масавыя лыжныя прагулкі. І, вядома, традыцыйны навагодні банкет з Дзедам Марозам і Снягуркай. Напрыклад, адзін з найлепшых беларускіх санаторыяў, «Альфа Радон», прапануе сёлетні навагодні банкет пад назвай «Рускія сезоны» — у стылі рускага дваранства з тэматычным фуршэтам, класічнай музыкай і творчымі майстар-класамі.

У сярэднім адзін дзень знаходжання ў гэты час у санаторыі складае каля 93 рублёў, кошт навагодняга банкету — у сярэднім 195 рублёў. Большасць санаторыяў на Новы год ужо забраніравана. У тым ліку адзін з самых нятанных — санаторый «Пліса» — паведамляе, што вольных месцаў на Новы год не засталося. А вось санаторыі сярэдняй цэнавай катэгорыі яшчэ маюць вольныя нумары, напрыклад, санаторый «Крыніца» пад Мінскам. Цана навагодняга банкету тут — 195 рублёў.

— Сёння санаторыі працуюць у рэжыме санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі. — Няма ўспышак захворванняў, пры тым што сёння санаторыі запоўнены на 80 %. За апошнія гады гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў запаўняльнасці ў асенне-зімовы перыяд, што сведчыць пра высокі попыт на такі від паслуг.

Суразмоўца дадаў, што актыўна ідзе браніраванне і зімовых месяцаў. Студзень забраніраваны на 67 %, люты — больш чым на 40 %. Папярэднія вынікі года сведчаць пра тое, што сістэма санаторна-курортнага лячэння спрацавала паспяхова. Удалося выйсці на паказчыкі дзейнасці ўдалага 2019 года, нават па некаторых пазіцыях перавысіць. А калі параўноўваць з мінулым годам, то сёлетні стаў нашмат больш паспяховым. Выручка па экспарце паслуг вырасла на 70 %, а агульная выручка — на 46 %. У грашовым выражэнні выручка ад экспарту паслуг складзе 100 мільёнаў даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2