Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Мёртвыя працягваюць жыць

У 1950-х гадах у лякарнях пачалі з’яўляцца апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ). Іх вынаходніцтва спарадзіла таксама этычную дылему: калі цела магло дыхаць бясконца доўга, і пры гэтым не аднаўляцца і не раскладацца, то ў якім выпадку лекару юрыдычна дазволена прызнаваць чалавека «памерлым»?

Ажно да канца 1960-х крытэрыі вызначэння смерці грунтаваліся на тым, як людзі паміралі на працягу стагоддзяў: калі ў чалавека спынялася дыханне і не было пульсу, то ён лічыўся памерлым. У 1967 годзе лекары правялі першую перасадку сэрца. А ў 1968-м група экспертаў, што сабралася ў Гарвардскай медычнай школе, прапанавала дадаць новы крытэр — адсутнасць мазгавой актыўнасці, бо не было — і дагэтуль няма — спосабу выправіць нефункцыянальны мозг.

У дадатак да зняцця цяжару працяглага, бессэнсоўнага лячэння, новы падыход да вызначэння смерці, заснаваны на мозгу, дапамагаў таксама прадухіліць спрэчкі наконт таго, калі лекары могуць атрымліваць органы для трансплантацыі. Калі мозг донара быў мёртвы, выкарыстанне органаў было дапушчальным з этычнага пункту гледжання. Такім чынам, з часам смерць мозгу стала найбольш папулярным сярод лекараў вызначэннем біялагічнай смерці.

Тым не менш, былі рэдкія выпадкі, калі медычнае ўмяшанне паспяхова падтрымлівала чалавека на працягу многіх гадоў пасля таго, як яго мозг больш не працаваў. Такім прыкладам стаў выпадак Джахі МакМата у ЗША, распавядае Popular Mechanics. Тады пасля няўдалай аперацыі на міндалінах і зарэгістраванай смерці мозгу дзяўчынка правяла яшчэ пяць гадоў ва ўмовах штучнай падтрымкі ўсіх функцый арганізма.

Цела Джахі, якое сілкавалася праз зонд і забяспечвалася дадатковымі гармонамі, працягвала расці і развівацца — адбылося нават палавое выспяванне. Такія выпадкі, калі некаторыя эндакрынныя функцыі могуць працягвацца без актыўнасці мозгу, даюць крытыкам падставы сцвярджаць, што цяперашнія медычныя стандарты няпоўныя. 

Выпадковы прарыў

Нейрабіёлаг з Ельскага ўніверсітэта Ненад Сестан даследуе гены, якія кантралююць рост нейронаў і ўтварэнне сувязяў у мозгу. Для правядзення гэтых даследаванняў ён замаўляе зрэзы тканіны ў банках мозгу па ўсім свеце. Восем-дзевяць гадоў таму ўзор мозгу з Лондана не патрапіў своечасова на самалёт. Дадатковы дзень, неабходны для прыбыцця, лічыўся катастрафічным: клеткі гінуць праз некалькі хвілін без кіслароду.

Але Сестан ужо заўважыў, што гэта не заўсёды так: некалькі разоў удавалася аднавіць жывыя клеткі мозгу, якія пакідалі на некалькі лішніх гадзін у непрыдатных умовах. Таму, калі пратэрмінаваны мозг прыбыў з Лондана, Сестан папрасіў аднаго са сваіх калегаў рассекчы яго кавалак і даць яму расці ў кубку Петры, які змяшчаў клеткавыя пажыўныя рэчывы.

Пасля таго, як гэта спрацавала і некаторыя клеткі выраслі, Сестан пачаў задумвацца: калі ад мёртвага мозгу можна захаваць жывыя клеткі — чаму б не паспрабаваць аднавіць увесь орган?

Доктар Ненад Сестан. Фота: Anthony Decarlo / Yale School Of Medicine

Доктар Ненад Сестан. Фота: Anthony Decarlo / Yale School Of Medicine

Сестан і яго калегі стварылі цяпер ужо запатэнтаваную сістэму перфузіі (кровазабеспячэння), якую яны назвалі BrainEx. І яны дамагліся ашаламляльных вынікаў. У артыкуле 2019 года каманда апісала, як BrainEx аднавіў ключавыя характарыстыкі мазгоў свіней, здабытых з бойні. Праз чатыры гадзіны пасля таго, як свінні памерлі, нейроны запрацавалі, пачалі функцыянаваць крывяносныя сасуды, гэтак жа як пачалі працаваць і імунныя клеткі мозгу.

Пасля ашаламляльнага поспеху каманда пачала распрацоўку пашырэння BrainEx да версіі для ўсяго цела, якую лабараторыя назвала OrganEx. Рэканструкцыя сістэмы заняла каля трох гадоў.

Па сутнасці, OrganEx функцыянуе як сістэма жыццезабеспячэння. Яна мае помпу, якая імітуе працу сэрца, і аксігенатар, які імітуе працу лёгкіх, а таксама ўключае блок фільтрацыі крыві і дадатковыя помпы, трубкі і сенсары для вымярэнняў метабалітаў, газаў, электралітаў і ціску ў рэальным часе. Плюс ёсць сумесі, якія сістэма ўводзіць у арганізм: раствор для карэкцыі дысбалансу электралітаў і pH, гемаглабін каровінага паходжання, які пераносіць кісларод, і каля дзясятка лекаў — супрацьзапаленчых, антыаксідантаў, антыгістамінных прэпаратаў, антыбіётыкаў і іншых.

Мёртвыя свінні

У эксперыменце з 10 свіннямі выкарыстоўваліся два маніторы: адзін для сэрца, а другі для мазгавой дзейнасці. Пасля таго як прайшла адна гадзіна з таго часу, як абодва маніторы канстатавалі смерць жывёлаў, навукоўцы пачалі падключаць кожнае нерухомае цела да сістэмы OrganEx або, у якасці кантролю, да стандартнага ECMO (звычайнай сучаснай сістэмы штучнай падтрымкі жыццезабеспячэння). 

Эксперымент планавалі працягваць шэсць гадзін, але першыя і найбольш відавочныя змены адбыліся прыкладна праз паўгадзіны: сардэчныя маніторы, падлучаныя да чатырох з пяці [падлучаных да OrganEx] свіней, пачалі фіксаваць працу органаў. Электрычная актыўнасць сэрцаў аднавілася спантанна, без націскання на грудную клетку або іншых відавочных мераў выратавання жыцця. Cамі сэрцы прыкметна скарачаліся. Пры гэтым ні ў адной з пяці жывёл у групе, якая была падлучаная да ECMO, не было электрычнай актыўнасці або скарачэнняў.

Пасля шасці гадзін перфузіі даследчыкі ўвялі прэпарат для эўтаназіі і адключылі апарат. Яны даследавалі пад мікраскопам тканкі жыццёва важных органаў свіней. Форма і арганізацыя клетак выглядала прыкметна лепш ва ўзорах OrganEx. Некаторыя змены былі відавочныя няўзброеным вокам: у апрацаваных OrganEx свіней адсутнічалі тыповыя прыкметы смерці, такія як рыгіднасць цягліц (rigor mortis) і фіялетавая афарбоўка (livor mortis). Але што больш за ўсё ўразіла даследчыкаў і гаворачы пра што яны з цяжкасцю падбіралі словы — гэта былі «рухі».

Калі ў рамках падрыхтоўкі да візуалізацыі галаўнога мозгу навукоўцы ўвялі катэтар у шыю свінні і ўпырснулі кантрасны фарбавальнік у сонную артэрыю, здарылася нешта дзіўнае: 70-кілаграмовая мёртвая жывёліна, здавалася, павярнула галаву. Даследчыкі сцвярджаюць, што гэта былі не проста паторгванне ці сутарга, а быў менавіта «складаны» рух. Па словах навукоўцаў, гэта сведчыць пра тое, што перфузія OrganEx можа аднавіць нервова-цяглічныя злучэнні, дзе сустракаюцца нервы і цяглічныя валокны.

Пытанне вызначэння смерці

Навукоўцы ўсё яшчэ ламаюць галаву над тым, што азначаюць вынікі OrganEx. Эксперыменты праводзіліся на жывёлах, і наперадзе яшчэ шмат гадоў, перш чым яны змогуць паўплываць на чалавечую медыцыну. Тым не менш на клеткавым узроўні яны паказваюць, што смерць можа наступіць не так хутка і не так канчаткова, як лічылася раней.

Пэўна, юрыдычныя і этычныя пытанні павінны і будуць абмяркоўвацца з працягам развіцця тэхналогіі, бо пытанняў паўстае шмат. Напрыклад, колькі часу мусіць выдаткаваць лекар, каб выратаваць пацыента, які памірае? Якія тэхналогіі ён павінен паспрабаваць? Калі органы пачынаюць быць даступнымі для донарства? Медычныя брыгады і лякарні павінны пастаянна, хутка і пад велізарным ціскам прымаць такія цяжкія рашэнні, якія залежаць ад таго, ці сапраўды пацыент памёр.

Таму біяэтыкі ўжо задаюць галоўнае пытанне: на чым мае быць заснавана наша вызначэнне смерці — на юрыдычнай канструкцыі, сацыяльнай дэтэрмінацыі ці біялагічным факце?

Клас
50
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
34
Сумна
3
Абуральна
5