Скрын відэа Мінабароны РФ

Скрын відэа Мінабароны РФ

«Наперадзе зімой нас чакае пякельны звіздец. Ніякіх значных шанцаў утрымаць цяперашні фронт не будзе, і праціўнік пра гэта выдатна ведае, канцэнтруючы свае сілы там, дзе яму зручна і выгадна. Ні па адным з пунктаў, забеспячэнне якіх вызначае паспяховасць абароны, ніякага прагрэсу няма, толькі рэгрэс», — піша Марозаў.

Мурз ваюе ў расійскіх сілах на Данбасе з 2014 года. Ëн належыць да брыгады «Призрак», якая ўваходзіла ў склад арміі так званай «Луганскай народнай рэспублікі».

Мурз піша, што пасля пакідання Херсона грамадскасць, замест таго, каб цвяроза ацаніць сітуацыю, узялася з актыўнай дапамогай СМІ, ваенкараў і ўсіх іншых падручных сродкаў высмоктваць «пазітыўчык» з любой «хераты», якая часцяком дэманструе сітуацыю наадварот.

Паводле яго, замоўчваецца катастрафічны снарадны голад у артылерыі, таму танкамі замяняюць артылерыю на пастаяннай аснове. Бо для танкаў снарады «быццам бы яшчэ ёсць».

«У рэальнасці такая стральба — экстранная часовая мера ў сітуацыі, калі трэба разава накрыць буйную навалу праціўніка, а артылерыі свабоднай пад рукой няма або выкарыстоўваць яе немагчыма».

Такім чынам расійскія танкі выпрацоўваюць свой рэсурс.

«Гладкаствольныя танкавыя гарматы не прызначаныя для таго, чым яны цяпер займаюцца цэлымі днямі, — для бесперапыннага закідвання аскепкава-фугаснымі снарадамі пазіцый праціўніка».

У той жа час артылерыя — небаяздольная, нізкапрафесійная.

«Эшалоны боепрыпасаў, якія паляцелі ў нікуды пад ухвальнае блекатанне прапагандонаў», — піша блогер.

Таксама ён распавядае, што расійскае камандаванне без шкадавання знішчае сваю пяхоту.

«Расійскія вайскоўцы валодаюць неймаверным талентам ператвараць любы пасёлак з парай пасадак і свінафермай у Вердэн, дзе сточваюцца ўласныя, а не варожыя падраздзяленні».

Ён наракае на адсутнасць нармальнай радыёсувязі ў расійскай арміі і, як наступства, — на праблемы з кіраваннем войскамі.

«Нічым буйнейшым за «рэшткі мотастралковага батальёна» ва УС РФ кіраваць як адзіным арганізмам не могуць», — піша блогер.

Мабілізаваных расійскае камандаванне гоніць на забой, бо «ў сілу адсутнасці нармальных камандных кадраў і адсутнасці сродкаў сувязі, падраздзяленні проста створаныя для таго, каб пажыраць чалавечы рэсурс і не ўяўляць сабой ніякай баявой каштоўнасці».

Таксама блогер піша аб праблемах з выкарыстаннем авіяцыі, БПЛА, забеспячэннем арміі, у тым ліку і высокімі тэхналогіямі.

У той жа час луганскі апалчэнец высока ацэньвае баявую падрыхтоўку ўкраінскай арміі. Паводле яго, украінцы гадамі вучыліся правільна ваяваць. «У іх ёсць тактыка, у іх ёсць сістэма прымянення гэтага».

«Вучыцца ў праціўніка нашай арміі западло, а між тым гэтай вясной і летам праціўнік прадэманстраваў на Данбасе ўсе неабходныя складнікі паспяховай доўгачасовай абароны, якая папіла вельмі шмат крыві нашым войскам.

Паўтару яшчэ раз — такога ўзроўню ваеннай некампетэнтнасці проста не існуе. Гэта — наўмыснае шкодніцтва, сабатаж і здрада», — піша ён.

Блогер мяркуе, што наперадзе расійскую армію чакае горшае. «Ніякіх значных шанцаў утрымаць цяперашні фронт не будзе, і праціўнік пра гэта выдатна ведае, канцэнтруючы свае сілы там, дзе яму зручна і выгадна. Ні па адным з пунктаў, забеспячэнне якіх вызначае паспяховасць абароны, ніякага прагрэсу няма, толькі рэгрэс, прычым які сістэмна заахвочваецца».

«Расійскай арміі яе камандаванне не пакідае аніводнага шанцу на поспех», — рэзюмуе ён.

Клас
220
Панылы сорам
4
Ха-ха
49
Ого
7
Сумна
5
Абуральна
13