Фота: vitalur.by

Фота: vitalur.by

Суразмоўцы «Нашай Нівы» звяртаюць увагу на трывожны стан сеткі крамаў «Віталюр» і нават прагназуюць яе імавернае банкруцтва напачатку 2023 года. 

Асноўная праблема 27-гадовай кампаніі ў тым, што «Віталюр» узяў празмерна амбітны стратэгічны курс на адмову ад арэнды памяшканняў для сваіх крамаў і пабудовы ўласных плошчаў.

«Віталюр» разгарнуў вялізнае будаўніцтва, але здарыўся 2020-ты, рэпрэсіі, напад на Украіну і санкцыі ў адказ. У выніку банкі скарацілі фінансаванне будоўляў. 

Для працягу будаўніцтва «Віталюр» пачаў карыстацца схемай свайго роду кароткага самакрэдытавання, затрымліваючы плацяжы пастаўшчыкам. Зрабіць усё «прыгожа» не атрымалася, і праблемы сталі нарастаць комам. 

Дайшло да неплацяжоў: да прыкладу, у лістападзе 2022-га пастаўшчыкі падалі заявы на спагнанне з «Віталюра» праз суд 4,8 млн рублёў, у снежні (па стане на 15.12) — 1,5 млн рублёў. 

Дакладнай справаздачнасці «Віталюра» за 2022-гі ў доступе яшчэ няма, але і 2020-ты, і 2021 год сетка спрацоўвала ў мінус — 19,7 і 14,9 млн рублёў адпаведна. 

Ад абазнаных суразмоўцаў «Нашай Ніве» стала вядома, што ў структуры доўгу кампаніі цяпер пераважаюць кароткія даўгі — блізка да 90%. Прыкладна такі ж працэнт быў і ў 2021-м (на суму 376 млн рублёў). 

Такая структура доўгу — нездаровая. 

«Гэта чортава кола: канфлікты з пастаўшчыкамі вядуць да зніжэння асартыменту, што вядзе да зніжэння прыбытку на наменклатуры тавараў, што кепска адбіваецца на прывабнасці сеткі для пакупнікоў, што вядзе да наступнага пагаршэння плацежаздольнасці, што вядзе да зніжэння асартыменту, што вядзе… І асабліва кепска на стан справаў сеткі паўплываў указ аб гэтак званых «справядлівых цэнах», — кажуць нам знаёмыя з сітуацыяй у сетцы. 

«Дапамогі шукаць няма адкуль. У прынцыпе, канкурэнты не асабліва хаваюць, што парадуюцца фінансавай смерці «Віталюра», бо гэта можна будзе падаць лукашэнкаўцам як «паглядзіце, да чаго мы дайшлі!» і асцярожна патрабаваць паслабленняў па ўказе па цэнах, каб цэнаўтварэнне адбывалася свабадней, інакш такі лёс будзе чакаць усе сеткі, а «Віталюр» — проста першы званочак», — дадаў менеджар адной з буйных крамаў. 

Ці спрабуе «Віталюр» выходзіць са становішча? 

Нам вядома, што кампаніі ўдалося атрымаць у банкаў-крэдытораў адтэрміноўку на пагашэнне доўгу. Але часу ўсё адно застаецца вельмі мала.

Калі б такая сітуацыя здарылася ў іншы год, сітуацыю вырашыў бы продаж часткі нерухомасці. «Віталюр» спрабуе прадаць як мінімум 15 памяшканняў у розных месцах Беларусі, у тым ліку ў Мінску. Але ў цяперашніх умовах попыт на рынку малы, бо чаканні астатніх гульцоў рытэйлу, таксама як і іншых патэнцыйных інвестараў, песімістычныя. 

Паколькі бізнэс у цяжкім становішчы і адчайна шукае грошы, з яго выбіваюць непрымальныя дысконты. 

«У Беларусі мала каму трэба і мала хто можа купіць. І ўсе яны, канечне ж, ведаюць пра цяжкае становішча «Віталюра». І ўсе яны чакаюць, бо ведаюць, што цана можа яшчэ ўпасці», — тлумачыць суразмоўца «Нашай Нівы». 

Каментар кіраўніцтва «Віталюра» нам атрымаць не ўдалося. 

Сёння «Віталюр» дэкларуе прысутнасць у 15 гарадах Беларусі, а таксама наяўнасць 94 крамаў — па гэтым паказчыку «Віталюр» другі сярод сетак крам у краіне. 

«Віталюр» — сямейны бізнес сям'і Яцукоў. Бацька Аляксандр Яцук займае пасаду старшыні рады дырэктараў, а ягоныя сыны Віталь і Юрый — камерцыйнага дырэктара і выканаўчага дырэктара. Назва «Віталюр» — гэта складзеныя першыя літары імёнаў сыноў.

Бізнес Яцука пачынаўся з аптовых паставак рыбы і морапрадуктаў у беларускія крамы, але ў нейкі момант Яцук вырашыў зайсці і ў розніцу. Яцукі маюць пазітыўную рэпутацыю ў асяроддзі беларускага бізнэсу як людзі, якія «зрабілі сябе самі» і не былі заўважаныя ў карупцыйных схематозах.

Клас
18
Панылы сорам
14
Ха-ха
31
Ого
22
Сумна
87
Абуральна
27

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?