Францішак паведаміў, што неўзабаве пасля абрання пантыфікам у 2013 годзе ён напісаў заяву аб адстаўцы на выпадак, калі не зможа выконваць свае абавязкі па стане здароўя. У гутарцы з карэспандэнтам іспанскай газеты ABC Францішак сказаў, што перадаў ліст кардыналу Тарчызіа Бертонэ, які ў той час быў дзяржаўным сакратаром Ватыкана. Пантыфік дадаў, што, на ягоную думку, пісьмовае распараджэнне знаходзіцца ў цяперашняга дзяржаўнага сакратара Ватыкана, кардынала П'етра Параліна. Гэта другая асоба ў іерархіі Рымска-каталіцкай царквы пасля Папы.

Францішак, якому ў суботу споўнілася 86 гадоў, у 2021 годзе перанёс аперацыю па ліквідацыі звужэння кішэчніка. Таксама яго мучаць болі ў каленях, з-за якіх ён некалькі месяцаў карыстаўся інвалідным крэслам. У апошні час ён усё часцей выкарыстоўвае кій замест інваліднага крэсла для перамяшчэння па горадзе.

На пытанне, што адбудзецца, калі з-за праблем са здароўем або з-за няшчаснага выпадку пантыфік раптам акажацца не ў стане выконваць сваю працу і ці не варта ўвесці правіла для такіх выпадкаў, Францішак адказаў: «На практыцы такое правіла ўжо існуе».

«Я ўжо падпісаў сваё адрачэнне, — сказаў Францішак, адзначыўшы, што ён зрабіў гэта ў самым пачатку свайго папства. — Я падпісаў яго і сказаў: «Калі я стану нямоглым з медыцынскіх прычын або з якіх-небудзь іншых, то вось маё адрачэнне».

У мінулых выступленнях Францішак вітаў рашэнне свайго папярэдніка, папы Бенедыкта XVI, сысці ў адстаўку, калі з-за сталага ўзросту той адчуў, што не зможа належным чынам выконваць свае абавязкі. 95-гадовы Бенедыкт, які цяпер жыве ў манастыры на тэрыторыі Ватыкана, быў першым пантыфікам, які пайшоў у адстаўку за апошнія 600 гадоў, і яго сыход з пасады адкрыў шлях для абрання Францішка, які стаў першым папам-паўднёваамерыканцам.

Клас
19
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
1