Новабудоўля знаходзіцца па адрасе Сухараўская, 40, побач з 10-й гарадской паліклінікай. Дарэчы, у яе ўжо ёсць назва — 14-я гарадская дзіцячая клінічная паліклініка. Там 7 паверхаў, прадугледжаны і элементы безбар'ернага асяроддзя. Холы, калідоры, кабінеты паліклінікі аформлены ў пастэльных танах. Зусім хутка на сцены павесяць карціны дзіцячых мастакоў.

У холе першага паверха ўсталююць велізарнае электроннае табло з раскладам прыёму дактароў, а апарат «Электронная чарга» тут ужо ёсць.

Маюцца і два прасторныя памяшканні для дзіцячых калясак. Акрамя таго, на першым паверсе з'явяцца аптэка і буфет. У будынку некалькі ліфтаў: для пацыентаў, супрацоўнікаў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Галоўны доктар 14-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Наталля Татур кажа, што будынак гатовы на 97%.

«Увод у эксплуатацыю запланаваны ў першым квартале 2023 года. Мэблю амаль усю прывезлі, цяпер яе збіраюць. Большая частка медыцынскага абсталявання змантаваная і ўсталяваная».

За новай паліклінікай замацуюць дзяцей і падлеткаў з Сухарава — яны пяройдуць з 10-й гарадской паліклінікі (гэтая паліклініка інтэграваная — у ёй аказваюць медыцынскую дапамогу дарослым і дзецям). Усяго 18 200 чалавек.

Па праекце магчымасці новай дзіцячай паліклінікі — 480 наведванняў у змену.

У ёй будуць педыятрычнае аддзяленне, стаматалагічнае, фізіятэрапеўтычнае з блокам водалячэння і спелеапячорай, аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі, функцыянальнай дыягностыкі, клініка-дыягнастычная лабараторыя.

З вузкіх спецыялістаў будуць прымаць лор, кардыёлаг, неўролаг, афтальмолаг, хірург, траўматолаг.

Будзе сучаснае абсталяванне.

Працаваць у новую паліклініку пяройдуць супрацоўнікі 10-й паліклінікі (з дзіцячых аддзяленняў), а таксама з іншых устаноў аховы здароўя Мінска. Цяпер штат укамплектаваны практычна на 90%. 

Клас
9
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
6
Сумна
0
Абуральна
0