Не дапамагалі ні самалёты, ні беспілотнікі «Байрактар», ні аптычныя спадарожнікі.

У такіх умовах мог бы дапамагчы загарызонтны радар, сігнал ад якога здольны абгінаць Зямлю. Але 13 красавіка ў аператара комплексу «Няптун» у Адэскай вобласці пад рукой былі толькі звычайныя радары, якія амаль не бачаць цэляў далей, чым 18 кіламетраў.

Усё гэта ўсведамлялі і на крэйсеры «Масква», камандзе якога здавалася, што яна ў поўнай бяспецы.

«Яны разумелі, што з неба іх не відаць, з берага — таксама. Плюс у іх вельмі сур'ёзныя комплексы СПА на борце і іншыя сістэмы абароны. Таму яны падплылі на 120 кіламетраў да ўкраінскага берага. І гэтая самаўпэўненасць іх і загубіла», — кажа не пад запіс адзін з украінскіх ракетчыкаў, датычны да стварэння «Нептуна».

Украіне 13 красавіка нечакана дапамагла сама прырода. Аператар «Нептуна» не павінен быў бы дастаць «Маскву» звычайным радарам, але менавіта гэта і адбылося. Таму пасля некалькіх хвілін цяжкіх ваганняў і кансультацый ён аддаў каманду «Пуск», і дзве ракеты з невялікім інтэрвалам вылецелі ў бок расійскага крэйсера.

Арыенціровачны час іх падлёту павінен складаць крыху больш за 6 хвілін. Што будзе пасля таго, як гэтыя хвіліны пройдуць, не ведаў ніхто.

«Украінская праўда» зрабіла рэканструкцыю таго, як украінскі «Няптун» патапіў расійскі крэйсер «Масква».

Баявое хрышчэнне «Нептуна»

Першае баявое прымяненне «Нептуноў» адбылося зусім не ў красавіку, а ў першыя дні поўнамаштабнага ўварвання Расіі.

Менавіта тады тры расійскія дэсантныя караблі адышлі ад партоў у Крыме і рушылі ў бок украінскага ўзбярэжжа ў Мікалаеўскай вобласці. Высадка войскаў РФ у гэтым раёне давала ім плацдарм для нападу і на Мікалаеў, і на Адэсу.

Менавіта для знішчэння гэтых караблёў былі выпушчаны тры першыя «Нептуны».

«Першыя пускі былі з поўдня Адэскай вобласці, а стралялі ў напрамку Мікалаева. Таму ракеты павінны былі прайсці над Адэсай і, каб гэта было бяспечна для горада, іх пусцілі не на вышыні 5—6 метраў над вадой, як гэта павінна быць, а дзесьці на 120 метрах. Відавочна, што рускія іх засеклі і хутчэй за ўсё знішчылі. Там цікава, што яны нават збілі свой жа самалёт, які ў тым раёне паляваў на «Нептуны», — распавёў суразмоўца УП у вайсковых колах, датычных да праекта «Няптун».

Які дакладна гэта быў дзень, устанавіць не ўдалося, але гэта адбылося не пазней за 26 лютага. Менавіта ў той дзень Генштаб выпусціў афіцыйнае паведамленне, што расійскі вайсковы карабель збіў свой самалёт над Чорным морам.

Ніводны з «Нептуноў» не збіў сваю цэль, але, як запэўніваюць суразмоўцы, расійскія дэсантныя караблі, заспетыя самой магчымасцю падобных ракетных удараў, развярнуліся і хутка паплылі ў Крым.

Асляпіць «Няптун»

Першае прымяненне «Нептуна» пакінула ў ваенных дваякае ўражанне. Экіпажы комплексаў праходзілі навучанне ў распрацоўшчыкаў ракет, і пасля лютаўскіх пускаў у вайскоўцаў зарадзіліся трывожныя сумневы. Нешта было не так.

«Для аператараў самае вялікае расчараванне, калі іх ракеты проста дзесьці знікаюць і нікуды не трапляюць. Таму пасля першых пускаў, дзесьці ў сакавіку, у аператара, які адказваў за комплекс, пачалася ў добрым сэнсе нейкая паранойя. Ён загадаў праверыць усе ракеты — вузел за вузлом», — распавядае адзін з суразмоўцаў у вайсковых колах, знаёмы з сітуацыяй.

Для праверкі з кіеўскага канструктарскага бюро «Прамень», якое з'яўляецца галаўным распрацоўшчыкам ракеты, прыехала група спецыялістаў, якая выявіла вельмі падазроную заканамернасць.

«З Кіева прыехалі спяцы і рэальна прыфігелі. Яны выявілі, што на ўсіх ракетах выведзена са строю адна дэталь, праз якую ракеты не дэтанавалі, як павінны былі б. Яны ўсё паправілі, і адразу наступны пуск, дзве ракеты — у яблычак», — распавядае суразмоўца, датычны да праекта «Няптун».

Усё гэта выглядала не інакш як спланаваная дыверсія. Праўда, крыніцы «Украінскай праўды» ў КБ «Прамень» не схільныя да версіі аб наўмысным шкодніцтве.

«Нас пастаянна выклікаюць нешта паправіць або праверыць. Гэта спецыфіка прадукту такая. Ракета ж напоўнена вельмі адчувальнай электронікай, для яе нават на этапе простай транспарціроўкі ёсць шмат небяспек. Не думаю, што была нейкая дыверсія», — пераконвае суразмоўца на прадпрыемстве-распрацоўшчыку ракеты.

У той жа час іншыя дзве незалежныя адна ад другой крыніцы, у прыватнасці, у вайсковым кіраўніцтве, мяркуюць, што ракеты маглі пашкодзіць наўмысна.

«Такая гісторыя і насамрэч была. Аказалася, што на ўсіх ракетах аднолькавая няспраўнасць, і яна відавочна спецыяльна зробленая. Гэта быў адзіны раз за ўсю вайну, калі б я мог сказаць, што гэта падобна да здрады. Але ўсё выправілі — і «Масквы» больш няма», — прызнаецца суразмоўца ў разведцы.

Знайсці і патапіць: крушэнне «Масквы»

13 красавіка каля 16-ці гадзін дня аператар комплексу «Няптун» з красамоўным, але пакуль засакрэчаным украінскім прозвішчам атрымаў вельмі нечаканыя даныя на радарах.

Яго звычайны радар паказваў, што дзесьці за 120 кіламетраў ад берага стаіць вялікая цэль. Падобнага памеру аб'ект у гэтым сектары Чорнага мора мог быць толькі адзін — флагман ЧФ РФ крэйсер «Масква».

Але як звычайны радар мог паказваць загарызонтную цэль на такой адлегласці? Як пераконваюць не пад запіс украінскія ракетчыкі, на баку абаронцаў стала сама прырода.

З-за таго, што над морам стаялі шчыльныя аблокі, сігнал ад радара адбіваўся ад іх да паверхні вады, а ад вады назад да аблокаў.

«У нас на момант уварвання не было загарызонтных радараў, і Расія пра гэта ведала. Але так як аблокі стаялі вельмі нізка і сігналу з гэтага калідора паміж вадой і аблокамі няма куды было дзецца, то радар нечакана дабіў аж да «Масквы», — тлумачыць суразмоўца УП.

Расіяне былі настолькі ўпэўненымі ва ўласнай недасягальнасці для ўкраінскіх сіл, што, як мяркуюць нашы суразмоўцы, верагодна, нават не актывавалі сістэмы СПА. Хоць нават у іх былі б вялікія праблемы з «Нептунамі».

«Няптун» — гэта ціхаходная ракета на вадкім паліве, якая падкрадаецца да карабля незаўважнай да самага апошняга моманту. Пакуль не позна. Яе звычайныя сістэмы СПА амаль не бачаць, таму што яна ляціць над самай вадой», — тлумачыць суразмоўца з ліку чальцоў РНБА.

У заходняй прэсе існуе свая версія падзей.

Па даных The New Yorker, 13 красавіка Украіна адправіла запыт у Еўрапейскі цэнтр НАТА з просьбай пацвердзіць каардынаты цэлі і атрымала адтуль пацверджанне. А выданне The New York Times пераконвала, што для выканання запыту Украіны быў задзейнічаны амерыканскі самалёт-разведчык P-8 «Пасейдон», які і падаў дакладныя каардынаты. Такую ж інфармацыю падавала профільнае выданне Navy Recognition.

Праўда, ва ўкраінскіх вайсковых колах скептычна ставяцца да празмернага перабольшання ролі саюзнікаў.

«Усе гэтыя гісторыі пра тое, як «вялікія дзядзькі» дапамагаюць нам, гэта толькі на руку Расіі. Насамрэч мы самі здольныя вырашаць задачы неверагоднай цяжкасці. Ну вы праўда думаеце, што знайсці крэйсер «Масква» было складана? Гэта 120-метровая гара жалеза і электронікі ў маленькім Чорным моры. Яна прабіваецца любымі спадарожнікамі ў любым дыяпазоне. Мы яе пастаянна бачылі і фіксавалі», — абураецца адзін з суразмоўцаў УП у колах армейскага камандавання.

13 красавіка крэйсер нечакана сам зайшоў у зону паражэння ўкраінскіх ракет. Як толькі яго зафіксавалі, каля 16-ці гадзін адбылося два пускі «Нептуноў», якія адзін за другім вылецелі ў бок «Масквы».

«Украінскай праўдзе» ўдалося атрымаць фатаграфію гэтага гістарычнага пуску ракет.

Але самая цікавая фаза аперацыі пачалася якраз пасля таго, як ракеты панесліся ў моры.

Па разліках ракетчыкаў, палёт «Нептуноў» на такую адлегласць павінен быў скласці крыху больш за 6 хвілін. Але як даведацца, ці патрапілі ракеты?

Як запэўніваюць суразмоўцы УП, знаёмыя з ходам аперацыі, аператары «Байрактараў» адмаўляліся вылятаць для верыфікацыі трапляння: над аблокамі яны б нічога не ўбачылі, а ляцець пад аблокамі — гэта 100% збіцця. «Таму ніхто не ведаў, ці ўдалося трапіць. Але потым прыйшлі звесткі, што «Масква» ўлупіла поўны наперад. Гэта значыла, што штосьці ўсё-такі адбылося. З траекторыі было відаць, што крэйсер хацеў схавацца за «вышкі Бойкі». Гэта вялікі металічны аб'ект, і калі ляціць ракета, то яна захопіць спачатку вышку як цэль, а карабель за ёй будзе ў бяспецы», — кажа адзін суразмоўцаў у асяроддзі ракетчыкаў.

Паралельна з тым, да «Масквы» адначасова з розных бакоў накіравалася чатыры караблі. Але менавіта тады на моры пачаўся нечаканы шторм, і любыя выратавальныя аперацыі вельмі ўскладніліся. Калі ўкраінскія вайскоўцы зразумелі, што з Крыма ў «Маскву» выйшаў буксір, то ім стала відавочна: сітуацыя на крэйсеры крытычная.

Адзін з вядомых цяперашніх сілавікоў напісаў у тую ноч журналістам УП: «Масква — усё. ***»

На наступны дзень шторм на Чорным моры заціх. Хмарнае неба пасвятлела, вятры сціхлі. Адзіным, што парушала пасляштормавую ідылію, быў цяжкі чорны сілуэт, які праглядаўся з адлегласці нават дзясяткаў кіламетраў.

Здавалася, што нейкі выпадковы cіні кіт раптам заплыў у Чорнае мора і цяпер шукае дарогу назад. Насамрэч гэты «кіт» не плыў, а паступова ішоў на дно. Падбітую двума «Нептунамі» «Маскву» бачылі сотні рускіх маракоў з іншых караблёў, якія маглі толькі бездапаможна кружыць вакол.

Нават адбуксіраваць завалены на левы борт крэйсер да Крыма было ўжо немагчыма. Першыя крытычныя гадзіны былі страчаныя з-за шторму. Сама прырода як бы дапамагла Украіне адправіць флагман акупацыйнага флоту туды, куды яе паслалі абаронцы вострава Змяіны яшчэ 24 лютага, у першы дзень поўнамаштабнага ўварвання.

Клас
170
Панылы сорам
3
Ха-ха
12
Ого
10
Сумна
6
Абуральна
15