У 2020-м сотні тысяч людзей у Беларусі выходзілі на вуліцы за сумленныя выбары. У белспорце, прадстаўнікі якога не засталіся ўбаку, тады з'явіўся ліст у падтрымку такога патрабавання. Футбалістаў вышэйшай і першай ліг да яго далучылася зусім няшмат — іх галоўным учынкам стаў запіс відэа супраць гвалту, у якім паўдзельнічала амаль 100 чалавек.

Выстаяўшы, рэжым пачаў помсціць, а прыціскаць за нелаяльнасць даўно гатовы абсалютна любую сферу. Дзясяткі спартсменаў вымушаныя былі з'ехаць з Беларусі, а футбол у Мінспорту адзначылі асобна — у канцы 2021 года склалі спецыяльныя спісы гульцоў і трэнераў, з якімі «не рэкамендуецца» працаваць. Выступу супраць гвалту для гэтага цалкам хапала. Але ж патраплянне ў пералік не было прысудам — знаходзіліся іншыя дзяржсілы, якія дазвалялі атрымаць месца калі не ў тым, то ў іншым беларускім клубе.

Як даведалася «Трыбуна», зараз Мінспорту вырашыла разабрацца з непажаданымі больш жорстка і шырока: з'явіліся абноўленыя «забароненыя спісы», і справа датычыць ужо не толькі футболу, а ўсе абыходы ўнутраных «санкцый» маюць намер наглуха прыкрыць. Вось што пра гэта вядома.

Актыўная барацьба з нелаяльнымі спартсменамі і трэнерамі ў белфутболе міністэрскімі сіламі пачалася год таму. Як «Трыбуне» стала вядома ў сярэдзіне лістапада 2021-га, ініцыятыва па «зачыстцы» паходзіла ад самога міністра Сяргея Кавальчука. У «чорны спіс» увайшлі каля сотні футбалістаў і трэнераў, і ён шмат у чым супадаў з пералікам тых, хто зняўся ў відэа супраць гвалту ў верасні 2020 года. Акрамя таго, дадалі ў пералік і тых, хто сам прэтэнзій не выклікаў, але меў блізкіх сваякоў, заўважаных у публічным (хаця б на ўзроўні сацыяльных сетак) жаданні перамен у Беларусі.

Спіс быў спушчаны ў АБФФ, а далей пайшоў кіраўнікам клубаў — праўда, камусьці ў пісьмовым фармаце, а камусьці толькі ў вусным. Кіраўніцтва ФК павінна было адмаўляцца супрацоўнічаць з «непажаданымі» і нават пераконваць іх, што ў Беларусі яны нідзе не працаўладкуюцца і трэба пашукаць сабе месца за мяжой.

Зрэшты, такое запалохванне аказалася лжывым. Некаторыя футбалісты, якія нейкім чынам выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю, у выніку адгулялі сезон-2022 у чэмпіянаце Беларусі. Напрыклад, дзейнічаў «шлях выпраўлення». Так, пяцёра ўдзельнікаў відэа супраць гвалту (Аляксандр Корзун з «Іслачы», Даніла Нячаеў з БАТЭ і гульцы «Слуцка» Ілля Бранавец, Міхаіл Сачкоўскі, Ягор Сямёнаў) у 2021-м падпісалі прарэжымны ліст. У 2022-м усе яны працягнулі знаходзiцца ў адносінах са сваімі клубамі і выходзіць на поле (Корзун гуляў толькі за дубль «ваўкоў», але ў мінулым месяцы перападпісаў кантракт).

Аляксандр Сачыўка, які публічна спачуваў народу, для заключэння кантракта з мінскім «Дынама» на пачатку 2022 года выканаў адмысловую ўмову — зняўся ў эпічным ідэалагічна вывераным відэа, якое спрадзюсаваў Кавальчук. Улетку такое ж заданне выконваў Ігар Стасевіч, але крыху адышоў ад сцэнарыя Кавальчука пры здымцы, чым выклікаў раздражненне кіраўніка Мінспорту і забарону на вяртанне ў белфутбол.

Але былі і выпадкі, калі ніякіх умоў «непажаданым» выконваць не даводзілася. Як распавялі «Трыбуне» людзі, знаёмыя з сітуацыяй, гульцоў атрымлівалася абараніць ці трэнерам праз клубных кіраўнікоў, ці самім босам. Аргументамі станавіліся ключавая роля гульца ў планах па дасягненні выніку або статус клубнай легенды. Калі клуб быў настроены сур'ёзна і ішоў да канца, Кавальчука і кампанiю неаднаразова ўдавалася «працiскаць», і нават фігуранты «чорнага спісу», якія актыўна выказвалі свой пратэст пасля выбараў, атрымлiвалi кантракты і гулялі ў клубах вышэйшай і першай ліг.

Але ж так працавала не ва ўсіх выпадках. Па некаторых спартсменах пазіцыя міністэрства была больш жорсткай, хаця нейкага алгарытму ў гэтым не праглядалася. Кіраўнікі клубаў у такіх сітуацыях адкрыта заяўлялі гульцам, што абараніць іх не ўдалося і падпісаць дамову «не дазволілі». Хтосьцi спадзяваўся на змяненне свайго становішча і некалькі месяцаў на пачатку 2022-га праводзіў у Беларусі без кантракта, але ў выніку ўсе варыянты на радзіме аказваліся заблакаванымі. Такія гульцы з'язджалі за мяжу.

Як стала вядома «Трыбуне», днямi ў Мінспорту вырашылі ўзяцца за «зачыстку» футбола гранiчна жорстка. Як распавялі некалькі крыніц выдання, кіраўнікам клубаў давялі, што ад «нелаяльных» трэба пазбаўляцца без спроб заступніцтва. Паводле інфармацыі суразмоўцаў, ведамства Кавальчука дало зразумець, што «лiтасцi» больш не плануецца, а ідэалагічная праца будзе толькі больш жорсткай. Карацей, калі хтосьцi хоць раз публічна павёў сябе так, як рэжым лічыць «няправільным», то ў белфутболе на сезон-2023 ён заставацца не павінен.

Дадаткова «чорныя спісы» былі разасланыя ці ў папяровым, ці ў электронным выглядзе (больш ніякіх вусных распараджэнняў) ва ўпраўленні спорту і турызму пры выканкамах. З гэтымі структурамі клубы, якія падсілкоўваюцца за кошт дзяржаўнага і мясцовага бюджэту (гэта значыць, амаль усе), узгадняюць кантракты. Цяпер чыноўнікі атрымалі інструкцыю і будуць уважліва сачыць, ці не спрабуюць у камандах працаўладкаваць тых, каго забаранілі ў міністэрстве. Па інфармацыі «Трыбуны», ужо ў цяперашняе міжсезонне некаторым клубам менавіта з вышэйапісаных прычын прыйшлося расставацца з гульцамі, з якімі яны жадалі працягнуць супрацоўніцтва.

Падобна, зараз не ратуе нават «дзейнае раскаянне». Іван Бахар, якога з 2020-га сістэма падазравала ў спачуваннi народу, у 2021-м падпісаўся за рэжым, а ў 2022-м развёўся з жонкай, якая раней хацела сумленна лічыць галасы ў выбарчай камісіі, але, як распавёў журналіст Мікалай Хадасевіч, Бахар не можа застацца ў мiнскім «Дынама». Паводле слоў Хадасевіча, гулец «атрымаў усё ж такі за справы 2020 года бан», таму цяпер «яму трэба з'язджаць з Беларусі», над чым ужо працуюць агенты.

А яшчэ цяпер футболам не абмяжоўваецца. Як распавялі крыніцы «Трыбуны», спісы, распаўсюджаныя па выканкамах, уключаюць у сябе «непажаданых» з мноства відаў спорту. Гэта стала вялікай нечаканасцю для атлетаў і трэнераў — пасля таго, як праведзеная восенню атэстацыя ў нацкаманды прайшла без асаблівых пытанняў, людзі жылі з упэўненасцю, што іх кантрактам на наступны год нічога не пагражае, аднак раптам з'явілася «рассылка» ад міністэрства.

Пакуль у спартыўным асяроддзі не змаглі па прозвішчах даведацца, хто дакладна знаходзіцца ў пераліках «забароненых» да супрацоўніцтва. Таму ў напружанні цяпер застаюцца цэлыя калектывы — у «тумане невядомасці» страціць стаўкі баяцца нават тыя, хто проста маўчаў і не падпісваўся за рэжым.

Клас
10
Панылы сорам
17
Ха-ха
17
Ого
3
Сумна
11
Абуральна
66