Фота: AP

Фота: AP

У публікацыі, аўтары якой спасылаюцца на шэраг амерыканскіх і ўкраінскіх крыніц, сказана, што просьбы аб касетных боезарадах — адна з самых неадназначных за ўвесь час поўнамаштабнага расійскага ўварвання.

Супрацоўнікі амерыканскай адміністрацыі атрымліваюць такія просьбы Кіева ўжо некалькі месяцаў, паведамляе CNN. Паводле яе даных, Вашынгтон цалкам не выключае, што пастаўкі могуць адбыцца ў будучыні, але лічыць іх крайняй мерай, неабходнай толькі ў выпадку небяспечнага змяншэння ўкраінскіх запасаў.

Адна з галоўных перашкод атрымання Украінай касетных боепрыпасаў — абмежаванні на іх перадачу за мяжу, устаноўленыя амерыканскім Кангрэсам.

Касетная зброя забаронена Міжнароднай канвенцыяй, прынятай у 2010 годзе, аднак ні Украіна, ні ЗША, ні Расія да яе не далучыліся.

Галоўная небяспека такіх боегаловак у тым, што абсталяваныя імі снарады або ракеты нясуць мноства самастойных больш дробных аскепкавых выбуховых прылад, якія паражаюць значныя плошчы. Пры гэтым некаторая колькасць такіх зарадаў не разрываецца і яшчэ многія гады можа прадстаўляць небяспеку для мірнага насельніцтва.

Як піша CNN, прэзідэнт Джо Байдэн можа адмяніць устаноўленыя кангрэсменамі бар'еры на экспарт касетных боепрыпасаў, але ў Белым доме даюць зразумець, што ў бліжэйшы час гэта наўрад ці адбудзецца. «Здольнасць Украіны дасягаць поспеху ў цяперашняй і наступных фазах канфлікту ніякім чынам не залежыць ад атрымання гэтых боепрыпасаў і з гэтым не звязаная», — сказаў тэлекампаніі неназваны супрацоўнік Кангрэса ЗША.

Па даных амерыканскіх журналістаў і праваабарончых арганізацый, расійская армія неаднаразова выкарыстоўвала касетныя боепрыпасы ў ходзе нападу на Украіну, што прыводзіла да значных ахвяр, у тым ліку сярод цывільнага насельніцтва.

Для Украіны, як лічаць аўтары публікацыі, касетныя боегалоўкі могуць вырашыць дзве найважнейшыя задачы: папоўніць недахоп боепрыпасаў для перададзеных ЗША рэактыўных сістэм залпавага агню і артылерыі, а таксама дамагчыся парытэту з арміяй РФ па артылерыйскай моцы.

У прыватнасці, па даных тэлекампаніі, Кіеў просіць даць яму касетныя боегалоўкі для амерыканскіх РСЗА HIMARS і 155-міліметровых гаўбіц. У ЗША ёсць немалыя запасы такіх боепрыпасаў — і з 2016 года яны здымаюцца з узбраення, паколькі «ўтрымліваюць сотні больш дробных зарадаў касетнага тыпу, якія часта застаюцца неразарванымі на полі бою і ўяўляюць пагрозу для цывільнага насельніцтва», паведамляла амерыканскае камандаванне.

У адказ на пытанне аб небяспецы такіх узбраенняў неназваны ўкраінскі чыноўнік сказаў: «Расіяне выкарыстоўваюць гэтыя касетныя боепрыпасы — і ім усё роўна. Мы будзем імі змагацца з расійскімі войскамі, а расіяне іх ужываюць супраць нашых мірных жыхароў».

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0