Фота: Bruce The Deus / wikimedia.org / CC BY-SA 4.0
Самая істотная новая функцыя — гэта выстаўленне таймера аўтавыдалення ва ўсіх новых чатах па змоўчанні. Знаходзіцца гэта ў раздзеле «Прыватнасць і бяспека» ў «Наладах». Называецца пункт «Auto-Delete Messages» («Аўтавыдаленне паведамленняў»).
На беларускую мову назву пакуль не пераклалі
Акрамя ўсяго іншага, цяпер акаўнт можна рэгістраваць на блакчэйн-нумар, які можна набыць на платформе Fragment (належыць самому Telegram). Адзін нумар каштуе 9 TON (за выпадковы нумар), што прыкладна раўназначна 16 далярам.
Яшчэ адна важная функцыя — гэта магчымасць ствараць часовыя QR-коды, каб падзяліцца кантактам. Нават калі ў вас няма юзернэйма, то вы цяпер можаце даць свой кантакт у выглядзе QR-кода і не «свяціць» свой нумар, не ствараць юзернэйм.
Відэа: Telegram.org
Сярод менш істотных зменаў — больш зручная структура вялікіх групавых чатаў і магчымасць уводзіць для чатаў, у якіх больш за 200 карыстальнікаў, унутраны спам-фільтр.
Як новыя функцыі ўплываюць на бяспеку беларусаў?
Гучнае сцвярджэнне пра «Ultimate privacy», вядома, хутчэй маркетынгавы крок.
Блакчэйн-нумар параўнальна дарагі і пры гэтым мала чым адрозніваецца ад опцыі, калі вы купляеце віртуальны нумар або нумар вам дае іншы чалавек. Гэта той жа нумар, прывязаны да нейкага акаўнту, толькі ў блакчэйне, а не сім-картай.
Аўтавыдаленне ў чатах па таймеры — гэта адназначна добрая функцыя. Але ў выпадку, калі не вырашаныя іншыя вельмі істотныя праблемы месенджара (да прыкладу, кэш захоўваецца ў незашыфраваным выглядзе, а база даных праграмы непразрыстая і хавае ў сабе шмат выдаленых паведамленняў, праблема з ботамі) і не абазначаны кірунак на іх вырашэнне, то гэта кропля ў моры.
Не ясна, наколькі бяспечна дзяліцца кантактамі праз QR-код, бо функцыя з'явілася толькі нядаўна — аднак канцэптуальна ідэя цікавая.
Агулам, гэтыя змены вартыя, каб паставіць абнаўленне, але недастатковыя, каб уплываць на бяспеку ці прыватнасць карыстальнікаў месенджара, прынамсі, у Беларусі.
Удакладненне. Як слушна заўважыў адзін з нашых чытачоў, адна з новых небяспечных функцыяў тэлеграму — гэта тое, што карыстальнікі на Android цяпер могуць карыстацца староннімі праграмамі для навігацыі, якім праграма будзе перадаваць геаданыя. Але мы раім увогуле адключаць доступ да геалакацыі ў тэлеграм для ўсіх карыстальнікаў.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»




