«Гэта нацыянальныя калядныя хіты», — радуецца выхаду новай кружэлкі Таццяна Ячная. Гусляр Алесь Чумакоў дадае: «Так склалася, што гэтыя творы не вельмі папулярныя ў Беларусі. Мы цудоўна ведаем «We wish you a Merry Christmas» або «Jingle bells», аднак зусім незнаёмыя з каляднымі хітамі Францыі ці Італіі. А гэта вельмі прыгожыя творы».

Адмыслова для альбома пераклады калядных спеваў зрабілі Сяржук Сокалаў-Воюш, Макс Шчур, Андрэй Хадановіч, Наталля Васілевіч, Аляксей Крукоўскі і Алесь Чумакоў. Дадалі да праграмы і пераклад беларускага класіка — Янкі Купалы.

«Узышла ў лесе елачка — гэта не зусім і калядка. Па шчырасці, не вельмі хацелася спяваць штосьці з рускамоўнага свету, але факт, што пераклад зрабіў Купала, нас пераканаў».

Калядны альбом музыканты запісалі літаральна за 3 дні. У варшаўскай студыі Everest з імі працаваў гукарэжысёр Павел Сініла.

«Было адчуванне, што мы на адной хвалі», — дзеліцца прыемнымі ўражаннямі Таццяна. Алесь дадае: «Мне нават не трэба было даваць яму парады. А гуслі — вельмі няпросты інструмент. Ён не сучасны. Не зразумела, як здымаць з яго гук, які ідзе ва ўсе бакі. Але нашае разуменне ідэальна супала. Так што прыйшлі на студыю і зрабілі. Недарэмна мы рыхтавалі гэтую праграму 3 гады».

Музыканты звяртаюць увагу на тое, што гучанне кружэлкі атрымалася вельмі якасным і сучасным. Нават далёкім ад гэтага рэпертуару людзям будзе цікава: «Альбом зроблены сапраўды крута, на сусветным узроўні».

— Калядная музыка — гэта самая прыгожая музыка ў свеце. Яна цікавая яшчэ і тым, што ў ёй можна расчытаць культурныя коды, пазнаёміцца з гісторыяй, традыцыямі. У старажытныя часы спевы былі як газеты і часопісы. Праз іх перадаваліся звесткі. Гэтым і займаліся вандроўныя музыкі.

Над вокладкай кружэлкі працаваў Андрэй Строцаў. У простай каляднай сцэне — і адпаведны настрой, і пэўны сімвалізм:

«Ён змог зрабіць яе і працягам, і чымсьці новым. Як і сама наша праграма, якая быццам і працягвае папярэднюю ідэю, але гэта іншыя рытмы, трохі іншыя настроі. Вельмі прыемна было выконваць гэтыя песні, і я спадзяюся, што вельмі прыемна будзе іх і слухаць», — разважае Таццяна Ячная.

Ці адбываецца ў гэтых калядных спевах праекцыя на Беларусь? Музыканты кажуць, што часткова і так. Напрыклад, у перакладзе італьянскай калядкі Макс Шчур дадаў куплет: «А зараз, Ісусе, пачуй, як мы цябе шануем у Беларусі».

— Але ўвогуле змест калядак па ўсім свеце прыблізна аднолькавы. Таму вельмі хацелася перадаць традыцыю, якая асабліва моцна пашырылася ў Еўропе ў апошнія 200 гадоў.

Ашчадна падышлі музыканты і да манеры выканання — вельмі простай, натуральнай, збольшага харавой, часамі трошкі народнай. Пранікнёны спеў пад акампанемент прыгожага акустычнага інструмента стварае ўражанне і сапраўды чагосьці чароўнага, крыштальнага, светлага.

«Не хацелася выпендрывацца, а захацелася паказаць матэрыял у яго чыстым выглядзе», — распавядае Алесь пра вакальны падыход. Таццяна дадае: «На мой погляд, галоўнае — не адцягваць увагу на сябе. Мы проста спрабавалі захаваць атмасферу свята, а гэта галоўнае».

Паслухаць і замовіць альбом «Засьпявайма ўсе як адзін — дзень настаў Хрыстовых Радзін» можна тут.

Канцэртныя прэзентацыі праграмы пройдуць у Беларусі і Польшчы. Ужо запланаваныя выступы ў Любліне, Уроцлаве, Гданьску, Познані і Варшаве. Сачыць за інфармацыяй музыканты запрашаюць на сайце gusli.by.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру