На сустрэчы з міністрам аховы здароўя Дзмітрыем Піневічам Лукашэнка даводзіў, што ўлады абралі правільную стратэгію ў барацьбе з каранавірусам.

«Гэта яшчэ раз гаворыць пра тое, што пад кантролем строгім і ціскам сістэма аховы здароўя працуе».

Паводле звестак Мінздароўя, за ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі (ад сакавіка 2020-га па ліпень 2022-га, больш новых даных не публікавалася) памерлі 7 тысяч 118 пацыентаў з выяўленым COVID-19.

Афіцыйная статыстыка не ўлічвае смерці пацыентаў ад ускладненяў розных хвароб, выкліканых каранавірусам. У такіх выпадках у пасведчаннях аб смерці COVID-19 не адзначаецца, а фіксуецца асноўная хвароба. Больш за тое, да каранавіруснай статыстыкі, якую публікуюць улады, мала даверу, бо лічбы хворых і памерлых, якія ў асобных бальніцах называлі журналістам, паказвалі на куды большыя маштабы эпідэміі.

Ёсць іншы паказчык, які дазваляе ацаніць колькасць ахвяр ад кавіду, — залішняя смяротнасць. Ён паказвае, наколькі фактычная смяротнасць перавысіла чаканую. Паказчык улічвае і такія ўскосныя фактары, як перагружанасць медычных устаноў (праз што чалавек не змог своечасова звярнуцца па дапамогу), смерць ад наступстваў, выкліканых кавідам, недыягнаставаныя выпадкі.

Паводле даследавання медычнага навуковага часопіса The Lancet, у Беларусі звязаная з COVID-19 залішняя смяротнасць перавысіла 85 600 чалавек. Гэта лічбы за два гады — у перыяд з 1 студзеня 2020-га па 31 снежня 2021-га.

На той момант Міністэрства аховы здароўя паведамляла афіцыйна пра 5580 смяротных выпадкаў.

У сувымернай па колькасці насельніцтва Чэхіі (10,5 мільёна чалавек) залішняя смяротнасць за гэты перыяд сягнула 49 100 чалавек, або амаль удвая менш. 

У суседняй Латвіі з насельніцтвам у 1 мільён 800 тысяч чалавек залішняя смяротнасць склала 12 400 чалавек. А ў Літве, дзе насельніцтва 2 мільёны 700 тысяч чалавек, гэты паказчык на ўзроўні 20 тысяч чалавек.

У 38-мільённай Польшчы залішняя смяротнасць дасягнула 214 000 чалавек. 

Ва Укране да поўнамаштабнай вайны залішняя смяротнасць ад кавіду склала 181 000 чалавек. Да 24 лютага 2022 года ва Украіне жыло 43,5 мільёна чалавек. Такім чынам, Украіна справілася з каранавірусам удвая лепш, чым Беларусь.

Калі гэтыя разлікі правільныя, то ў пераліку на 100 тысяч насельніцтва ў Беларусі найбольшы паказчык залішняй смяротнасці ад кавіду з усіх пералічаных вышэй краін. 

Гэта вынік таго, што ўлады па ўказцы Лукашэнкі не хацелі прызнаваць эпідэмію.

Трэба сказаць, што залішняя смяротнасць і ў іншых згаданых краінах перавышае колькасць афіцыйных смерцяў ад кавіду. Аднак калі ў Літвіі і Літве розніца паміж гэтымі паказчыкамі 3 разы, то ў Беларусі — 15 разоў.

Мінздароўя намякнула, колькі ў Беларусі хворых на кавід

«Пандэмія і рэпрэсіі ўзарвалі сістэму». Дактары расказваюць, як змянілася медыцына за тры гады

Прафесар Карпаў: Каранавірус будзе жорсткім

Клас
3
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
16
Абуральна
20