Кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі ЦБС Вольга Дабравольская расказала аб праблемах, з якімі рэгулярна сутыкаюцца беларусы пры падачы дакументаў на атрыманне гуманітарнай візы на тэрыторыі Польшчы. У прыватнасці, гаворка ішла пра выпадкі, калі ў грамадзян Беларусі не прымалі дакументы, а адмовы давалі выключна ў вуснай форме.
Таксама закранулі пытанне дыскрымінацыі беларусаў па нацыянальнай прыкмеце ў візавых цэнтрах на тэрыторыі Польшчы.
Прадстаўнікі МУС і МЗС Польшчы паабяцалі прымаць заявы і разглядаць іх у індывідуальным парадку, а таксама прыняць усе неабходныя меры для паляпшэння працы візавых цэнтраў.
Акрамя таго, чыноўнікі расказалі пра планы прадаўжэння тэрміну, на працягу якога ў беларусаў будзе магчымасць атрымаць гуманітарную візу на тэрыторыі Польшчы. Такія візы нібыта можна будзе атрымаць да 31 сакавіка 2023 года замест першапачаткова запланаванага 31 снежня 2022-га.
Таксама разглядаецца магчымасць атрымаць на тэрыторыі Польшчы візу Poland Business Harbour. У планах выдаваць іх аднаразова для тых, хто ўжо меў падобную візу раней.
Такія змены ўжо ёсць у праекце пастановы аб выдачы віз замежнікам.