Гэта рэкламны здымак дома моды Louis Vuitton. На фота футбалісты гуляюць у шахматы.

Праўда, фатаграфіі былі зроблены ў розны час, а потым футбалістаў аб'ядналі на адным кадры з дапамогай мантажу.

Прыз найлепшаму маркетолагу свету павінен паехаць у офіс LV: за вельмі кароткі час кадр пачаў прэтэндаваць на статус аднаго з найважнейшых фота ў гісторыі спорту. Ён атрымаў мільёны лайкаў і ўжо стаў адным з рэкордных у Instagram: трэцяе месца ў гісторыі сацсеткі са старонкі Роналду і дзявятае — са старонкі Месі.

І гэта яшчэ, відавочна, не канец.

Карыстальнікі твітара пакапаліся ў гісторыі і знайшлі схаваны сэнс гэтай фатаграфіі

Чамадан LV са здымка быў часткай чэмпіянату свету па футболе 2018 года, у ім захоўваўся і быў прадстаўлены трафей падчас адкрыцця і фіналу. Менавіта гэты чамадан знаходзіцца проста пад дошкай.

Усе разумеюць, які фінал будзе сапраўдным упрыгожаннем турніру ў Катары.

На дошцы — рэальная шахматная партыя паміж Карлсэнам і Накамурай.

Адзін з карыстальнікаў фэйсбука напісаў наступнае:

«Яўная перавага ў белых Раналду. Ён павінен гэтую партыю выйграць у Месі (+1 вялікая фігура і 1 пешка), і пешачная структура лепшая ў белых. Месі, здавайся!» — заўважыў Яўген.

Усё аказалася яшчэ больш цікавым. Вядомы шахматыст і трэнер Магнуса Карлсэна Петэр Хейнэ Нільсэн адзначыў, што на дошцы знаходзіцца партыя, якая была згуляная паміж Магнусам Карлсэнам і Хікару Накамурай у 2017 годзе і скончылася ўнічыю.

Гэткая метафара пра тое, што гэтыя двое знаходзяцца ў пастаяннай барацьбе і ніколі не змогуць вызначыць, хто больш моцны.

Клас
73
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
1