Фота: Маша Д. / «Медыязона»

Фота: Маша Д. / «Медыязона»

Польшча

У сакавіку мінулага года Яўгенія разам з мужам і дачкой пераехала ў Познань. Праз два месяцы ў сям'і з'явілася другое дзіця.

Яўгенія распавядае, што сям'я пачала рыхтавацца да родаў адразу пасля пераезду. Для таго, каб яна трапіла ў бясплатную радзільню, мужу трэба было паспець аформіць ІП і зрабіць унёскі ў сістэму сацыяльнага страхавання.

«Ва ўсім Вялікапольскім ваяводстве няма платных прыватных радзільняў, нарадзіць можна толькі па страхоўцы. Калі яе няма, роды таксама прымуць, але выставяць вялікі рахунак. На той момант гэта было ад 5 000 злотых і да бясконцасці, верхняй планкі няма», — тлумачыць жанчына.

Яна ўспамінала, што перажывала з-за моўнага бар'ера і баялася дыскрымінацыі. Асцярогі Яўгеніі, аднак, аказаліся дарэмнымі — лекары размаўлялі на англійскай, а ў прыёмным аддзяленні «нават пару фраз на рускай сказалі».

Беларуска кажа, што была прыемна здзіўленая ветлівасцю персаналу і абсталяваннем радзільні. У палату часта прыходзілі, каб дапамагчы з дзіцём ці даць параду — адзін толькі спецыяліст па лактацыі наведваў парадзіх пяць разоў на дзень.

«Падавалі электрычны малакаадсмоктвальнік і бутэлечкі, слоічкі. Малако можна было замарозіць і потым забраць дадому. Выдавалі падкладку (гэта звычайна з сабой вязуць у Беларусі), чыстую начную кашулю. Малым — памперсы, распашонкі, коўдрачкі, прасцінкі, капялюшыкі і нават соскі аднаразовыя. Сумесь у радзільні ў Беларусі была рассыпная, а тут нейкая крутая NAN, і яна была адразу па бутэлечках разлітая», — пералічвае Яўгенія.

Партнёрскія роды, адзначае яна, у адрозненне ад Беларусі, у Польшчы былі фактычна бясплатнымі — заплаціць прыйшлося толькі за бахілы, шапачку і халат. Мужу зрабілі тэст на каранавірус, і як толькі прыйшоў адмоўны вынік, яго пусцілі ў палату.

Дзіцяці перш за ўсё аформілі пасведчанне аб нараджэнні — у Польшчы дастаткова спрошчанага варыянта, але, каб аформіць беларускія дакументы, патрабуецца поўны — гэта каштуе прыкладна 60 злотых, распавядае Яўгенія.

Каб атрымаць для дзіцяці дазвол на жыхарства ў Польшчы, пасведчання аб нараджэнні недастаткова — у пакет дакументаў уваходзіць беларускі пашпарт, які выдаюць толькі ў Беларусі. Таму для пачатку дзіцяці трэба дазвол на перасячэнне мяжы. Даведку для выезду выдае амбасада Беларусі ў Варшаве, а чаргу туды трэба займаць прыкладна за тры месяцы, кажа жанчына.

«Пасведчанне аб нараджэнні мы апастылявалі, пераклалі на рускую і засведчылі ў натарыуса. На польскай мове ў амбасадзе не прымаюць. Дазвол падобны да беларускага пашпарта, ён дзейнічае на працягу шасці месяцаў», — тлумачыць Яўгенія.

Па пашпарт паехалі ўсёй сям'ёй.

Падрыхтоўка патрэбных дакументаў заняла месяц — больш, чым чакалася.

«У Беларусі давялося зноўку перакладаць дакументы ў беларускага перакладчыка, таму што ў ЗАГСе не прымаюць пераклады, зробленыя ў Польшчы», — успамінае жанчына. Каб вярнуцца ў Польшчу, дзіцяці давялося атрымаць візу — гэта таксама заняло час. У выніку дзіцяці зрабілі польскі дазвол на жыхарства.

Яўгенія лічыць, што прайшла бюракратычныя працэдуры «ўдала», але адзначае, што «гэта быў нейкі стрэс»: «Не ведаю, як для астатніх, але як па мне, то гэта было складана. Плюс гэта вельмі шмат часу займае, нават калі рабіць паскорана і загадзя ўсюды запісвацца», — кажа яна.

Наталля і яе муж асцерагаліся ехаць у Беларусь і спадзяваліся зрабіць дзіцяці дазвол на жыхарства, не выязджаючы з Польшчы. Дзяўчына адправіла ліст кіраўніку Вялікапольскага ваяводства і папрасіла зрабіць дзіцяці дазвол на жыхарства без беларускага пашпарта.

«Пішу: «Вось мы тут нарадзілі дзіця. У гэты момант не хочам выязджаць у Беларусь, каб зрабіць яму пашпарт, з пункту гледжання на палітычную і эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне». Ваявода адказаў, што калі мы дамо нейкія дакументы пра пераслед, тады яны пойдуць у выглядзе выключэння нам насустрач. У нас няма такіх дакументаў — ніхто нас не затрымліваў», — распавядае Наталля.

Іншых варыянтаў у мужа і жонкі не было, і яны вырашылі, што паедуць у Беларусь. У пасольстве дзіцяці зрабілі дазвол на выезд, але скарыстацца ім не ўдалося, таму што «пачалася сітуацыя на мяжы з мігрантамі». «Мы вырашылі, што палякі могуць у любы момант закрыць мяжу або нашы не будуць выпускаць. Спалохаліся і не паехалі», — тлумачыць жанчына.

Тэрмін дзеяння даведкі падыходзіў да канца, а калі беларусы сабраліся ехаць, пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне. Паездку па дакументы зноў прыйшлося адкласці — у выніку за тыдзень да заканчэння дзеяння дакумента Наталля з дачкой адправіліся ў Беларусь. У ЗАГСе ўсё прайшло гладка, але пры падачы дакументаў у пашпартны стол паўсталі бюракратычныя ўскладненні.

«Калі бацькі зарэгістраваныя ў розных месцах, то адзін бацька без дазволу іншага не можа прапісаць у сябе дзіця. Калі ў Беларусь] едзе адзін з бацькоў, то лепш адразу ў Польшчы такую паперку напісаць. Мне сказалі, хай муж гэтую паперку перадае або сам прыязджае. Там якраз выходныя былі доўгія, і муж прыехаў», — распавядае Наталля.

Яна загадзя напісала ў консульства просьбу выдаць дачцэ польскую візу. На той момант у мужа Наталлі ўжо быў ДНЖ, а сама яна яшчэ чакала рашэння.

«Мне сказалі, каб муж зрабіў нам запрашэнне — я атрымаю гасцявую візу, а дзіця пойдзе па ўз'яднанні. І самі мяне на візу запісалі», — кажа беларуска. Гэта быў час, дадае Наталля, калі людзі масава з'язджалі з Беларусі і час чакання ў амбасадзе павялічыўся, хоць муж і жонка даплацілі за тэрміновасць.

«Два тыдні чакалі пашпарта, яшчэ тры тыдні я чакала, пакуль консульства праверыць усе дакументы. Я была ў Беларусі дзесьці з канца сакавіка, а з'ехала толькі 2 чэрвеня. Думала за тры тыдні вярнуцца, але не атрымалася», — распавядае жанчына.

Аэліта Бародзіч, яе муж і шасцёра дзяцей у Беларусь вярнуцца не могуць. Сям'я атрымала міжнародную абарону ў кастрычніку 2020 года. Сігналам для экстраннага ад'езду стаў візіт з органаў апекі — бацькам далі зразумець, што «ложкаў, кніжак і поўнай лядоўні недастаткова: яшчэ і па маршах няма чаго шастаць».

«У нас быў канфлікт у школе з прадстаўніком аддзела адукацыі. На пратэстах не трапляліся, ніхто нас не біў, штрафаў не плацілі. Але ў школе пра нашу пазіцыю было вядома, і праз школу сталі на нас ціснуць. Органы апекі сказалі: «Ну вы ж самі разумееце, мяняць школу — не варыянт, у межах Беларусі мы ўсюды вас дастанем. Адзіны варыянт — з'ехаць», — успамінае Аэліта.

Бародзіч напісала ў консульства Польшчы і ўсёй сям'і за тры дні зрабілі гуманітарныя візы. Па прыездзе муж і жонка падалі дакументы на міжнародную абарону, а пакуль чакалі рашэння, Аэліта даведалася пра новую цяжарнасць. Каб прэтэндаваць на выплаты пасля родаў, трэба стаць на ўлік да 10-га тыдня, тлумачыць яна.

Было цяжка знайсці гінеколага — спецыяліст у Контах Уроцлаўскіх, дзе жыве сям'я беларусаў, не займаецца вядзеннем цяжарнасці. Яшчэ дзве клінікі, па словах Аэліты, адмянілі запіс на прыём у аднабаковым парадку. Лекара атрымалася адшукаць ва Уроцлаве толькі да 14-га тыдня, таму дапамогу пасля родаў сям'я «шчасліва страціла».

«Калі мы паступілі ў радзільню, у мяне яшчэ не было дазволу на жыхарства. Узялі карту цяжарнасці, туды ўпісаны мой PESEL. На падставе гэтага прынялі ў бальніцу без праблем, без чэргаў, без якіх-небудзь затрымак. У бальніцы адразу выдалі паперку, у якой пазначана, куды звярнуцца па пасведчанне аб нараджэнні. Яго нам выдалі разам з PESEL і прапіскай», — распавядае беларуска.

Пасля гэтага муж і жонка яшчэ раз прайшлі ўжо вядомую ім працэдуру атрымання міжнароднай абароны: звярнуліся ў памежную службу ва Уроцлаўскім аэрапорце, адтуль іх адправілі ў адміністрацыю па справах іншаземцаў у Варшаве. Пасля разгляду дакументаў дзіця ўпішуць у рашэнне аб абароне, выдадзенае сям'і, і на гэтай падставе аформяць ДНЖ, тлумачыць Аэліта.

Дакументаў, якія пацвярджаюць беларускае грамадзянства, у дзіцяці няма — бацькі не могуць вярнуцца ў краіну. У польскім акце аб нараджэнні пазначана, што дзяўчынка — беларуска па нацыянальнасці на падставе дакументаў бацькоў.

«Для выезду з Польшчы будзем рабіць пашпарт падарожніка. Яго трэба атрымліваць зноўку кожны год», — кажа Бародзіч.

Літва

Сын Паўла Лібера і Вольгі Сямёнавай нарадзіўся праз тры месяцы пасля таго, як сям'я пераехала ў Літву. У віленскай радзільні Вользе выдалі даведку аб нараджэнні, а пасля выпіскі яна атрымала ў беларускай амбасадзе дазвол на ўезд дзіцяці ў Беларусь і пасведчанне аб нараджэнні.

«Даведка аб тым, што я магу вывезці дзіця, дзейнічае на працягу шасці месяцаў. Мы спадзяваліся, што ўвесь жах у Беларусі скончыцца хутчэй і мы зможам з'ехаць», — прызнаецца беларуска.

Надзеі мужа і жонкі не апраўдаліся і праз паўгода ім давялося шукаць спосаб легалізаваць сына ў Літве без беларускага пашпарта. Павел і Вольга пайшлі ў міграцыйную службу і патлумачылі, што не могуць вярнуцца ў Беларусь. Калі ім аформілі дазвол на жыхарства, муж і жонка звярнуліся з просьбай пра ДНЖ і для хлопчыка.

«Напісалі ліст, што не можам вярнуцца ў краіну, і ў нас ёсць дзіця, у якога няма ніякіх міжнародных дакументаў. Папрасілі зрабіць дазвол на жыхарства, і нам пайшлі насустрач. На працягу месяца дзіцяці зрабілі дазвол на жыхарства на падставе даведкі з радзільні і пасведчання аб нараджэнні, выдадзенага беларускім консульствам. ДНЖ дзейнічае год, потым трэба зноў звяртацца ў міграцыю», — распавядае жанчына.

Паводле яе слоў, немагчымасць вярнуцца ў Беларусь не стала сур'ёзнай перашкодай для легалізацыі сына, а супрацоўнікі міграцыйнай службы ў зносінах былі «вельмі добрымі і мілымі». Каб сына можна было вывозіць за межы Літвы, муж і жонка зрабілі яму пашпарт замежнага грамадзяніна.

«Таксама запісаліся ў міграцыйную службу. Я напісала ў вольнай форме заяву з тлумачэннем таго, што ў нас ёсць дазвол на жыхарства, але дзіця мы не можам нікуды вывезці, таму просім даць пашпарт замежнага грамадзяніна. На падставе гэтага на працягу месяца яму выдалі пашпарт. Ён дзейнічае столькі ж, колькі і дазвол на жыхарства, потым зноў трэба мяняць», — кажа Вольга.

Раман працаваў у хоры Белтэлерадыёкампаніі, а ў снежні 2021 года разам з жонкай з'ехаў па гуманітарнай візе ў Вільню.

«Заканчваўся кантракт, і мяне выклікаў да сябе дырэктар Дома радыё, якому мы падпарадкоўваліся. Пачаў здалёк, але потым сказаў, што ў іх ёсць інфармацыя пра тое, што мы з жонкай пакідалі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Я крыху адбіўся, што я не я, і хата не мая. Гэта быў апошні званочак, што трэба штосьці рабіць», — распавядае пра прычыны ад'езду Раман.

Мінулым летам у мужа і жонкі нарадзілася дачка — задумацца пра яе дакументы прыйшлося «з самага пачатку», паколькі магчымасці вярнуцца ў Беларусь у бацькоў няма. Перш за ўсё муж і жонка вырашылі аформіць пастаянны ДНЖ для сябе — бабуля жонкі Рамана нарадзілася ў Літве.

Беларусы сабралі дакументы і звярнуліся ў міграцыйную службу, але ім адмовілі — у пасведчанні аб нараджэнні бабулі не была пазначаная яе нацыянальнасць.

«Раней і без гэтага выдавалі, але зараз ужо не выдаюць. Мы звярнуліся ў Нацыянальны архіў, але высветлілася, што сваякі жонкі былі запісаныя як рускія. Потым з Гістарычнага архіва прыйшла даведка, што яны ўсё ж такі былі грамадзянамі Літвы, але мы ўжо адпусцілі гэтае пытанне», — тлумачыць Раман.

У выніку сям'я вырашыла падавацца на часовы ДНЖ па гуманітарных прычынах.

У міграцыйнай службе спачатку не хацелі прымаць дакументы дачкі, бо ў яе было толькі пасведчанне аб нараджэнні. Тады муж і жонка напісалі заяву з выкладаннем сітуацыі і просьбай прыняць дакументы дзіцяці без беларускага пашпарта, і гэта вырашыла праблему.

Клас
26
Панылы сорам
5
Ха-ха
6
Ого
8
Сумна
7
Абуральна
10