Бондарава назвала бюсты і барэльефы славутым беларусам, пастаўленыя перад будынкам музея, «русаненавісніцкай і пранацысцкай экспазіцыяй» і паскардзілася раённаму ідэолагу Уладзіміру Дзевяценю. Аднак той, па словах прапагандысткі, «паставіў на паўзу» справу ў разбіральніцтве з бюстамі і барэльефамі, якія здаліся Бондаравай недарэчнымі.

Яна паведаміла, што, дзякуючы супрацоўніцтву з уладамі, з мемарыяльнай зоны перад будынкам музея былі прыбраныя партрэты паэткі Наталлі Арсенневай, братоў Луцкевічаў, Кастуся Каліноўскага, дзеячаў БНР і БЦР.

На відэа, знятым у Старых Дарогах, можна ўбачыць знішчаны бюст Ларысы Геніюш, а на пастамент паставілі іншы, меншы памерамі, праўдападобна — Якуба Коласа. Таксама знішчана яшчэ некалькі барэльефаў, а некаторыя, як заяўляецца, «правераць гісторыкі».

Знішчаны бюст Ларысы Геніюш, часова заменены на іншы

Знішчаны бюст Ларысы Геніюш, часова заменены на іншы

Адным з тых, хто паўплываў на знішчэнне асобных бюстаў і барэльефаў у музеі, стаў старшыня пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы ППНС Алег Белаконеў. Той самы вайсковы афіцэр, які пасля забойства супрацоўніка КДБ Федасюка ў 2021-м годзе абяцаў жорсткія расправы з нязгоднымі, «100 за аднаго».

Знішчаны барэльеф у памяць Наталлі Арсенневай

Знішчаны барэльеф у памяць Наталлі Арсенневай

Таксама Бондарава падзякавала за знішчэнне часткі экспазіцыі падпалкоўніку КДБ у адстаўцы Емяльяну Ляпёшку, Аляксандру Плавінскаму і «неабыякавым жыхарам Старых Дарог і чыноўнікам, якія пажадалі застацца неназванымі».

«На гэты момант фарміруецца адмысловая камісія з прадстаўнікоў навуковай супольнасці», — адзначыла Бондарава.

Музей у Старых Дарогах

Выкладчык БДУ, краязнаўца, заснавальнік і старшыня культурна-асветнага клуба «Спадчына» Анатоль Белы ў 1990-я гады стварыў у Старых Дарогах прыватны музей гісторыі Беларусі.

На тэрыторыі бацькоўскай сядзібы Анатоль Белы пабудаваў цэлы музейны комплекс, частка экспанатаў якога захоўваецца і пад адкрытым небам, у агародзе на прыватнай тэрыторыі. Усяго ў музеі восем залаў, экспанаты — самыя розныя: ад твораў мастацтва і бюстаў славутых беларусаў да медальёнаў і газет эмігрантаў. Захоўваецца тут вельмі шмат рэчаў, падораных Анатолю Беламу, артэфактаў, звязаных з перыядам найноўшага беларускага Адраджэння.

Асобная экспазіцыя прысвечаная змагарам за Беларусь, асобная — асветнікам, ёсць і персанальныя экспазіцыі. Пасля смерці ў 2011 годзе Анатоля Белага развіццём музея займаліся ягоная жонка Ала і стрыечны брат Міхаіл.

Клас
9
Панылы сорам
20
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
254