Усе фота: асабісты архіў герояў

Усе фота: асабісты архіў герояў

«Мы вырашылі, што пераезд будзе цікавым жыццёвым досведам»

Карына нарадзілася ў Мінску. У Беларусі ў яе было два салоны кветак і дэкору, якімі яна займалася апошнія пяць гадоў.

«У Францыю мы з мужам пераехалі паўгода таму. Мужу зрабілі прапанову па працы, у якую ўваходзіў пераезд у Парыж.

Нейкі час мы падумалі і вырашылі, што гэта будзе цікавым жыццёвым досведам, які пашырыць наш кругагляд. Рызыкнулі — і так апынуліся ў Францыі», — распавядае яна.

На пераезд у сям’і было каля двух месяцаў. У самім працэсе не было асаблівых цяжкасцяў, акрамя збору шматлікіх рэчаў і прыняцця рашэнняў адносна таго, што браць з сабой, а што пакінуць у Мінску.

Таксама трэба было разабрацца, што рабіць з бізнэсам.

«Займацца дыстанцыйна я б не змагла, бо ў кветкавай сферы патрэбная асабістая прысутнасць: праверка кветак у халадзільніках, прыняцце паставак, закуп новага матэрыялу і г.д. У выніку я прадала сваю справу. Гэта было няпростым рашэннем: эмацыйна і псіхалагічна вельмі складана зразумець, што хуткім часам на працу (дзе ты праводзіў увесь свой час) ісці не трэба».

Карыне пашанцавала, і дакументамі для пераезду яна не займалася. Аддала мужу сваё пасведчанне аб нараджэнні — на гэтым ейны ўдзел скончыўся. Кампанія, у якой працуе муж, знайшла агенцтва па пераездзе, падатковых кансультантаў і г.д.

«З іх боку была і ёсць вялізная падтрымка», — кажа Карына.

«Не маючы французскага рахунка ў банку, вы не можаце арандаваць жыллё, а без арандаванага жылля вы не можаце адкрыць банкаўскі рахунак»

Першыя некалькі месяцаў сям’я жыла ў цэнтры Парыжа. Гэта часовае жыллё ім дала кампанія мужа.

Каля месяца Карына праглядала абʼявы на сайтах арэнды нерухомасці — былі варыянты як у цэнтры Парыжа, так і ў прыгарадзе. Агенцтва па пераездзе арганізоўвала ўсе сустрэчы па жытле і займалася звязанымі з гэтым пытаннямі.

«У выніку мы знялі невялікую кватэру за пару кіламетраў ад Парыжа: тут вельмі свежае паветра, шмат паркаў і лясоў для шпацыраў, тэнісныя корты, палі для гольфа і г.д. Таксама аказалася плюсам, што ў нас тут ёсць сваё бясплатнае парковачнае месца, бо ў Парыжы ўся паркоўка платная і вельмі дарагая. Калі жыць у горадзе, у месяц неабходна аддаваць за паркоўку каля €250», — распавядае Карына.

Паводле яе, самастойна знайсці жыллё ў Парыжы значна больш складана і доўга. Цана арэнды не павінна перавышаць 1/3 афіцыйнага месячнага заробку. Таксама неабходны гарант: альбо грамадзянін Францыі з пэўным высокім узроўнем даходу, альбо французская кампанія, дзе вы працуеце.

«А яшчэ тут можна сутыкнуцца з парадаксальным замкнёным колам: справа ў тым, што, не маючы французскага рахунка ў банку, вы не можаце арандаваць жыллё, а без арандаванага жылля вы не можаце адкрыць банкаўскі рахунак. Шчыра кажучы, я не ведаю, як самастойна ўсе гэтыя праблемы вырашыць. Бюракратыя ў Францыі квітнее».

Што тычыцца коштаў на арэнду, у Парыжы і добрых раёнах прыгарада арэнда кватэры 50 кв. м каштуе ад € 1800 + камунальныя плацяжы (€ 100-200 у залежнасці ад сезона). Часцей за ўсё жыллё здаецца без мэблі. Цэны на нерухомасць тут таксама вельмі высокія (вядома, усё залежыць ад раёна, пабудовы і г.д).

Купіць кватэру ў Парыжы зараз можна ў межах €9-12 тысяч за квадратны метр. Сярэдні ж кошт «квадрата» па ўсёй Францыі — € 4-6 тысяч (чым бліжэй да цэнтра, тым даражэй).

«Кошты тут вельмі розныя: усё залежыць ад звычак і пераваг людзей. У самім Парыжы цэны на прадукты харчавання ў 2-3 (на некаторыя пазіцыі ў 5!) разы даражэйшыя, чым за горадам. У сярэднім на сямʼю з двух чалавек, якія сілкуюцца кожны дзень дома, спатрэбіцца каля 800 еўра ў месяц».

Але прадукты харчавання ў Францыі — цудоўнай якасці. «Выбар гародніны, садавіны, сыроў, рыбы і мяса тут проста вялізны. Я — вегетарыянка і магу сказаць, што асартымент адпаведнай прадукцыі тут нашмат большы, чым у Мінску», — распавядае Карына.

Паводле яе падлікаў, для жыцця на дваіх тут спатрэбіцца ад 3500 еўра на месяц і вышэй.

«Тут людзі жывуць значна больш расслаблена, але забастоўкі — гэта накшталт нацыянальнага віду спорту»

Зараз Карына вучыць французскую з двума рэпетытарамі.

«Неабходна разумець, што для поўнай інтэграцыі веданне мовы абавязковае. Ды і шчыра кажучы, у Францыі англійскую не вельмі любяць».

Яшчэ з адрозненняў, па назіраннях дзяўчыны, людзі ў Францыі жывуць значна больш спакойна, менш спяшаюцца і больш адпачываюць.

«Уявіце сабе: большасць рэстаранаў, крам (у тым ліку харчовыя) па нядзелях не працуюць. Графік у іх тут увогуле дзіўны: пасля 19:00 цяжка нешта набыць нават у будны дзень. Лепш за ўсё планаваць справы на першую палову дня. Французы вельмі вольныя па сваёй натуры, мне падабаецца за імі назіраць.

Яшчэ тут усе вельмі прыязныя і ветлівыя. Развітанне ў краме на касе займае шмат часу — спачатку мне было крыху цяжка адказваць такой вялікай колькасцю кампліментаў, але цяпер я атрымліваю задавальненне ад такога роду зносінаў».

Яшчэ Францыя адрозніваецца колькасцю затораў: у Мінску іх не бывае, а тут яны заўсёды (і па выходных, і ўначы). Выязджаць па справах трэба вельмі загадзя. Наогул, у горадзе хутчэй за ўсё перамяшчацца на метро (у якім, дарэчы, 308 станцый).

«І, вядома ж, самая яркая французская рыса — забастоўкі. У мясцовых жыхароў гэта нешта накшталт нацыянальнага віду спорту. Зусім нядаўна была паліўная забастоўка, бо бензіну не было на запраўках тры тыдні. Яшчэ часта страйкуюць кіроўцы цягнікоў, так што перад паездкай лепш за ўсё праверыць маршрут праз прыкладанне».

Затое ў Парыжы амаль заўсёды выдатнае надворʼе: сонца, блакітнае неба і вельмі шмат зеляніны. Так што настрой тут на парадак лепшы, чым у Мінску.

«Іншаземцы тут зʼяўляюцца штодзённай справай — ніхто не звяртае ўвагі на прыезджых»

Інфраструктура Парыжа і прыгарадаў проста выдатная: вакол разнастайныя крамы, булачныя, мясныя лаўкі і г.д. Тут ёсць месца для дробнага бізнэсу. У Парыжы вельмі шмат музеяў. Таксама вялікая колькасць рэстаранаў, у тым ліку з гіда Мішлен.

«Атрымліваю асалоду ад атмасферы, любуюся старадаўнімі фасадамі і ажурна падстрыжанымі раслінамі. Кожны дзень падчас прагулкі я бачу Эйфелеву вежу цалкам — радуюся ёй, як дзіця навагодняй ёлцы. Мусіць, з такіх маленькіх радасцяў і складаецца жыццё», — кажа Карына.

Зараз яна паступова вяртаецца да фларыстычнай прадпрымальніцкай дзейнасці: улетку дэкарыравала вяселлі, а ўвосень адкрыла краму на платформе Etsy; зараз рыхтуецца да навагодняга сезона.

«Я неяк прачытала адну фразу, якая мне вельмі спадабалася: «Пераезд — гэта сацыяльная смерць». Так яно і ёсць. Вельмі важна разумець, што новая краіна зʼяўляецца вялізным стрэсам. Не варта фарсіраваць падзеі і прымушаць сябе рабіць тое, што не можаце. Не абясцэньвайце намаганні і хваліце сябе за невялікія дасягненні.

Я раю быць максімальна адкрытымі новаму, размаўляць з людзьмі, падарожнічаць, больш чытаць і вывучаць мясцовую культуру. Абавязкова займайцеся спортам — гэта дапаможа аднавіць эмацыйны баланс. Не забывайце пра хобі і любімую справу», — дае парады яна.

Клас
53
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
6
Сумна
4
Абуральна
5