Выратавальнікі працуюць пасля прылёту ў Кіеве

Выратавальнікі працуюць пасля прылёту ў Кіеве

Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў Пячэрскім раёне Кіева было два траплянні, на месцы працуюць медыкі і ратавальнікі. Неўзабаве Клічко паведаміў пра яшчэ адно траплянне ў шматпавярхоўку.

У выніку абстрэлаў у сталіцы Украіны ўводзяцца экстранныя адключэнні святла.

Пазаштатны дарадца МУС Украіны Антон Герашчанка паведаміў пра тое, што ў Кіеве ёсць прынамсі адзін загінулы.

Выбухі былі зафіксаваныя ў Харкаве, там паведамлялася пра праблемы з электрычнасцю, спыніла працу мясцовае метро. Таксама пасля выбухаў з'явіліся перабоі са святлом і вадой у Жытоміры, у некаторых раёнах яны прапалі цалкам.

Без электрычнасці засталася частка Львова, паведаміў мэр горада Андрэй Садовы.

У Роўна нанеслі ўдар па аб'екце крытычнай інфраструктуры, некаторыя часткі горада засталіся без электраэнергіі, паведаміў мэр горада Аляксандр Трацьяк.

Паведамлялася таксама пра выбухі ў Крывым Розе, Адэсе, Ковелі Валынскай вобласці, Чаркаскай, Хмяльніцкай, Цярнопальскай абласцях, а таксама пра працу СПА ў Сумскай вобласці.

Хмяльніцкі, як паведаміў кіраўнік мясцовай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, у выніку двух прылётаў часткова застаўся без святла.

«Расійскія тэрарысты нанеслі чарговы спланаваны ўдар па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры. Сітуацыя крытычная. Больш за ўсё траплянняў — у цэнтры і на поўначы Украіны.

У Кіеве сітуацыя вельмі цяжкая, ужо ўвялі спецыяльныя графікі аварыйных адключэнняў. «Укрэнерга» вымушана пачаць экстранныя адключэння святла. Графікі стабілізацыйных адключэнняў пакуль не дзейнічаюць», — заявіў па выніках абстрэлаў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Кірыла Цімашэнка.

Усяго ў ходзе сённяшняй атакі расіяне выпусцілі каля 100 ракет і тым самым перакрылі папярэдні «рэкорд», устаноўлены 10 кастрычніка. Тады было выпушчана 84 ракеты, паведаміў прэс-сакратар украінскіх ВПС Юрый Ігнат.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
65