Былы вайсковец палка Каліноўскага Сяргей Богдан (пазыўны Чарлі). Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Ну як гэта, нічога. Глядзіце, аўто з украінскімі нумарамі. Мікалаеўскі рэгіён. У Мікалаеве мы паўтара месяца прабылі. Прыехалі — вады не было. Трэба было хадзіць набіраць у ліман, цягнуць у распалагу, каб банальна схадзіць у прыбіральню ці памыцца. Бярэш пляшку пяцілітровую — і пайшоў…» — распавядае Чарлі.

Трохлітровы слоік сала

На сустрэчу з журналістамі прыйшоў у вайсковай уніформе. Каржакаваты, рудабароды, пад палямі панамы — уважлівыя зялёныя вочы (сцвярджае, што ў некаторых выпадках робяцца блакітнымі), на нагах берцы. Калі пачынае гаварыць пра полк і вайну, голас набірае моцы і ўжо не слабне. На Чарлі звяртаюць увагу жанчыны і паліцыянты.

«Уяві сабе: нам прыслалі 18 пакетаў панцаку. Страшэнны капец! І тры мяхі хлеба счарсцвелага, хоць цвікі забівай, з цвіллю. Нас зээсушнікі быццам бы мусілі памяняць, але калі прыйшлі, то аказалася, што ў якасці падмацавання. І няшмат іх было. Але яны нам трохлітровы слоік сала падагналі.

Проста ўлёт! Я так не радаваўся нават на Новы год, калі мне бацькі пад ялінку падарункі клалі», — расказвае былы ваяр палка Каліноўскага пра 20-дзённае стаянне на перадавой каля Калініндорфа (Херсоншчына), куды праз абстрэлы не маглі падвезці паёк.

Кантузія

Менавіта там, каля Калініндорфа, Чарлі першы раз кантузіла. Расказвае пра гэта ў дэталях. Была пятніца, 13 мая (цяпер мае тату, прысвечанае гэтай даце). Першы снарад разарваўся злева за метраў дзесяць ад Чарлі. Потым — другі…

«Чую свіст. Кінуў торбу перад сабой, упаў і каскі не расшпіліў, а яе трэба расшпільваць, каб табе шыю не вывернула выбуховаю хваляю. Торба ўзяла ўдар на сябе. Мой вялікі бэг сапёрны ўратаваў мяне. Я адразу крычаць, з носу кроў палілася. У галаве свіст і звон. Разумею, што трэба бегчы, яшчэ мозг працуе, схапіў торбу, бягу, але зноў свіст, я падаю, і за мной яшчэ адзін разрываецца, за метраў 5—10. Аж ногі ад зямлі хваляй прыўзняло», — распавядае Чарлі.

Кажа, іх пазіцыю выдаў расійскі беспілотнік «Арлан». Расіяне выпусцілі тады па іх аж 49 снарадаў. Але да гэтага ў той жа дзень каліноўцы паспелі знішчыць два расійскія мінамётныя разлікі, падбіць БМП і разбіць штаб.

Былы вайсковец палка Каліноўскага Сяргей Богдан (пазыўны Чарлі). Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Чарлі прызнаецца, што з нейкага моманту нічога не помніць. Ужо пасля пабрацімы распавялі, што «сядзеў прыбіты, нуль рэакцыі». А потым устаў і пайшоў. Працягваў выконваць загад Брэста (Іван Марчук, камандзір батальёна «Волат»), выносіў боекамплекты. Падобна, ужо несвядома.

«Калі ўжо ўсё вынеслі і ўсіх эвакуявалі, прыйшоў Брэст і кажа, маўляў, едзь у бальнічку. А я, такі: «Ннн…» І не магу слова вымавіць. Я зусім не кеміў», — згадвае баец Чарлі.

Тыя, хто ведаў, як ваяваць…

У бальніцы Чарлі прабыў чатыры дні. Пасля гэтага Брэст забраў байца на базу ў Мікалаеў. Гэта былі чорныя дні для батальёна. Праз суткі пасля кантузіі Чарлі з-пад Лазавога прывезлі Паўла Волата — «двухсоты». Чарлі расказвае, «яго шэсць разоў даставалі з таго свету, на сёмы раз не дасталі». А праз паўтара месяца не стала і камандзіра Брэста, разам з ім загінуў Сябро (Васіль Парфянкоў)…

«Сябро круты быў. Найлепшы. Чалавек, які ведаў, як ваяваць. Брэст ведаў, як ваяваць. Волат наогул найразумнейшым чалавекам быў — мегамозг. Ну і я ўжо ведаю, як ваяваць. Бо быў побач з імі, людзьмі, якія рэальна ваявалі. Яны, можа, і цяпер недзе ў сваёй там рэальнасці ваююць…» — кажа Чарлі.

Здымае нарэшце панаму, куртку (сядзім у кавярні) — і нібыта іншы чалавек. Паказвае на чорна-чырвоную нашыўку «Правага сектара» на левым рукаве кіцеля, якую яму падарыў Сябро. Кажа, што там, на вайне, няма ні правых, ні левых, а ёсць толькі дзве рэчы: жыццё і смерць. А ўсялякая «палітыка ідзе ў дупу пасля першага стрэлу».

Былы вайсковец палка Каліноўскага Сяргей Богдан (пазыўны Чарлі). Фота: Аліса Ганчар / Белсат

На правым плячы — нашыўка з амерыканскім сцягам. Тлумачыць, што пасля штурму Лазавога памяняўся сцяжкамі з сябрам-амерыканцам, аддаўшы таму бел-чырвона-белую.

«Ён загінуў два тыдні таму», — прамаўляе спакойна і здымае барсетку, каб сфатаграфавацца. Кажа, што барсетка Атама (Васіля Грудовіка), якога таксама ўжо няма.

«Я працягваю жыць вайною»

18 ліпеня Чарлі разарваў кантракт з ЗСУ і звольніўся з палка. На пытанне, чаму так зрабіў, адказвае, што не мог там заставацца.

«Была страшная дэпрэсія. Пасля смерці Вані Брэста, Атама, Сябро, Папіка, пасля той аперацыі для мяне настаў нейкі пераломны момант. Я не мог быць там. Не мог заставацца, бо не было майго камандзіра, не было маіх сяброў. Проста не мог… Мне было цяжка камунікаваць, знаходзіць агульную мову. Я спачатку з’ехаў у адно месца, каб больш-менш пазбіраць мазгі. А потым зразумеў, што не бачу больш сэнсу…» — расказвае былы ваяр палка Каліноўскага.

Былы вайсковец палка Каліноўскага Сяргей Богдан (пазыўны Чарлі). Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Але хачу вярнуцца ў сам працэс. На вайну. Такі інстынкт… Я працягваю жыць вайной», — кажа.

26 снежня («Так, адразу пасля Хрыста») Сяргею споўніцца 28 гадоў. Ён сумуе па Гродне («Яго ніякая Варшава не заменіць»), па сваёй вінтоўцы «SCAR 5,56», з якой гэтак «любіў паліваць» («Без аўтамата пачынаю адчуваць сябе… не чалавекам, ці як гэта»), і па сваіх сябрах, якія «ваююць цяпер у іншай рэальнасці». На гэты смутак накладаюцца наступствы дзвюх кантузій:

«Разумееш, наколькі гэта сурʼёзна — ПТСР [посттраўматычны стрэсавы разлад]? Ты на адзін адсотак не выкупаеш, што гэта такое. У галаве такое творыцца! Гэта як уключыць самую нелюбімую песню і нонстопам яе круціць там. Ты засынаеш і ў сне ходзіш у бой. Я сёння Лазавое нанава штурмаваў. Мне нічога не цікава».

Гаворыць, што псуецца зрок, кепска чуе на левае вуха, спіна разваленая.

«І шум у вушах. Мала чым магу пахваліцца, карацей. Бо накрывае так, што не дай ты божа», — прызнаецца беларус.

Але самае страшнае, кажа, што, вярнуўшыся, апынецца з усім гэтым сам-насам:

«Нічога не маю, апроч сябе. То-бок шэры свет, і я ў ім. Вось я з табою сяджу і кажу, а ўсё роўна ты мяне не разумееш. І ніхто не разумее. Хіба каго такога ж кантужанага сустрэну, дык тады нам і словы не спатрэбяцца…»

«Кожны з нас мусіць атрымаць рэабілітацыю»

Праз нейкі час у Варшаве Сяргею перадалі кантакт спецыялістаў па рэабілітацыі. Але, кажа ён, гэта асобны выпадак. А такіх, як ён, шмат. У закрытай суполцы, дзе камунікуюць паміж сабою беларусы, якія вярнуліся з вайны ва Украіне, ужо 55 чалавек. Ва ўсіх падобныя праблемы і той самы сіндром.

«Я яшчэ раз паўтару: кожны хлопец, які вярнуўся з вайны, абавязаны атрымаць рэабілітацыю, яго павінны прызнаць ветэранам. Ён мусіць мець усе ільготы і выплаты, пенсію — проста тут і цяпер.

Хтосьці вяртаецца без рукі ці нагі, хтосьці варʼяцее, ёсць такія, гэта мае пабрацімы, я з імі разам ваяваў. Гэта калі жонка звоніць і просіць прыехаць, бо не ведае, што з ім рабіць. Гэта рэальна сурʼёзна», — гаворыць Сяргей Богдан.

Былы вайсковец палка Каліноўскага Сяргей Богдан (пазыўны Чарлі). Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Кажа таксама пра жаданне стварыць ветэранскую арганізацыю, якая б дапамагала былым ваярам. Мяркуе, што, калі нічога не рабіць, можа паўтарыцца гісторыя з 1990-х, калі ветэраны-афганцы, адчуўшы сябе непатрэбнымі, знаходзілі рулі ды ішлі ў бандыты. Працягвалі ваяваць.

«Ты бачыў наогул смерць? Як настае? Не? Вось апошні гэты водбліск у вачах… Гэта страшна. Не тое слова… Але цябе так бʼе адрэналін, што табе ўсё адно. Уся рэч у адрэналіне. Становішся залежны ад яго. І ўжо нічога не прыносіць радасці ў жыцці. Сэкс? Не, не тое. Цалуеш дзяўчыну, а сам… Магу цэлы дзень праляжаць у ложку. Я хачу туды. Я там», — прызнаецца Чарлі.

Чарлі — кінолаг, сам Сабака паводле году нараджэння (1994). Першую аўчарку падарыў яму тата. Цэзар. Застаўся на радзіме, у Гродне. А ва Украіне працаваў з Вольфам, які цяпер з іншым кінолагам займаецца размініраваннем на паўночнай мяжы («Шукае як трэба, хоць малады яшчэ, паспеў з ім троху папрацаваць»). Тужыць па сваіх гадаванцах. Кажа, сабака мусіць быць сабакам, падпарадкоўвацца чалавеку, бо стадная жывёліна:

«Як, у прынцыпе, і чалавек». Вайна вызваляе жывёльныя інстынкты ў чалавеку.

«Ёсць людзі, якія не могуць там пераступіць праз сябе. Я — лёгка. Я думаю, што быў, напэўна, і народжаны дзеля вайны. Проста ведаю, што я там патрэбны. Не ведаю, чаму мяне туды цягне…» — гаворыць Чарлі.

«Бой не скончаны»

Расказвае, раней быў «спакойненькім хлопцам, які займаўся сваёй справаю — лупіў нацыстаў у горадзе Гродна». Потым перастаў, бо «яны зніклі». Займаўся сабакамі, музыкаю, нават экаактывізмам: «Не паверыш, прыбіраў лясы!» Да дзяржавы заўжды ставіўся, мякка кажучы, з падазрэннем. Як мог, змагаўся з рэжымам. Называе сябе «антысістэмнікам».

А тэма вайны ўсплывала (і ўплывала на Сяргея) яшчэ ў дзяцінстве, бо бацька быў ветэранам ваенных дзеянняў у Афганістане. Чарлі кажа, што цяпер разумее, як цяжка было тату. Раней гэтага не разумеў. А цяпер адчуў на сваёй скуры. Успаміны пра бацьку, які пайшоў з гэтага свету ў 2017-м, дапамагаюць Сяргею змагацца («Тата, калі бачыш мяне ці чуеш, дзякуй табе!»).

«Я не мог уявіць сабе, што ў чалавека можа быць такое праз вайну, праз пабачанае. Але гэта так. І я на 100 % разумею свайго бацьку і стараюся — прашу адзначыць гэтае слова! — змагацца з гэтымі дэманамі. Але пакуль прайграю ўсухую. Іншая рэч, што бой не скончаны. Вайна трывае», — дзеліцца Сяргей.

Прызнаецца, што ў гэтай нутраной вайне, якую цяпер вядзе, самае страшнае — пытанні, якія мучаць бесперастанку. Чаму? Чаму не памёр? Чаму не быў разам з тымі, хто загінуў? Чаму… Шмат пытанняў. Адрасуе іх не Богу. Выключна сабе. У Бога Сяргей Богдан не верыць. Хіба ў лёс:

«Як яно мае быць, так і будзе. У кожнага свая роля, якую мусіць у гэтым жыцці адыграць. Пытанне толькі ў тым, ці добра ты яе адыграеш. Але што нас не забівае, тое робіць мацнейшымі».

«Вайна зрабіла цябе мацнейшым?» — пытанне. «Спачатку растаптала мяне і знішчыла, а потым зрабіла мяне мацнейшым, так», — адказвае.

Чарлі здымае майку і паказвае тату, якія набіў ва Украіне. Тую самую пра «пятніцу 13-га» ды іншыя. Пад адной з іх подпіс: «За лысіну Брэста страляю з-пад куста. Ян Бармалей валіць гусей». Разважае пра палітыку, пра тое, што мірных перамоў з тэрарыстамі не мае быць, а вайна скончыцца толькі тады, калі «рухне Масква». Прызнаецца, што верыць толькі ў аднаго палітыка — Лесю Руднік, «якая можа стаць прэзідэнтам».

«Ты наогул задаволены, што ацалеў?» — пытанне да Чарлі. «Не… Я не помню сябе да вайны. У маім жыцці ёсць толькі вайна. Не ведаю, як патлумачыць…» — адказвае.

Замест пасляслоўя

Сяргей Чарлі Богдан распавядаў, што пасля Ночы паэтаў у Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве 30 кастрычніка падышоў да прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінета Беларусі Паўла Латушкі і запытаў, ці магчыма арганізаваць у Польшчы хаця б медыцынскую дапамогу для былых ваяроў палка імя Каліноўскага. Павел Латушка паабяцаў узняць гэта пытанне «падчас дыпламатычнай сустрэчы».

Журналісты звязаліся з палітыкам.

«Я абяцаў, што абмяркую гэта падчас сустрэчы ў МЗС Польшчы. Што і зрабіў. То-бок звярнуўся з адпаведным хадайніцтвам праз МЗС да польскіх уладаў. Яны будуць разглядаць гэта пытанне. Напэўна, буду вяртацца да гэтага і запытаю пра іх пазіцыю», — адказаў Павел Латушка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

21
с цитатами / Адказаць
15.11.2022
Цитата:
«Представь себе: нам прислали 18 пакетов перловки. Страшный капец! И три мешка хлеба очерствевшего, хоть гвозди забивай, с плесенью.
-Что там километрами поездов с гуманитарной помощью и миллиардами евро и долларов в помощь? Украинцы пишут, что воруют адово. Стоят склады, полные пищи и она плесневеет, но людям не отдают. Барыги-ссс.

Цитата:
Говорит, что там, на войне, нет ни правых, ни левых, а есть только две вещи: жизнь и смерть. А всякая «политика идет в жопу после первого выстрела».
-Однако нашлись в "полку Калиновского" желатели в политику. Майки стали продавать, ходить по украинским каналам и говорить "какая Тихановская глупая и какие они умные". Последний пример - дурак-янка, он вообще на первый стрим с некой Оленой пришел и пропал у Олены свет (веерные отключения). Так это янка пол-часа сидел, не отключив камеру, потому издавал глупые звуки, потом вообще матом прошелся про этот стрим и ведущую, даже просто показывал язык и верещал мышью. Такой вот - боетц-янка....
2
мясцовы2 / Адказаць
15.11.2022
Калі-ласка, не абражайце байца сваімі сьлязлівыми рэакцыямі. Яму трэба кваліфікаваная дапамога, падтрымка, а не жаласць.
0
Железный Дровосек / Адказаць
15.11.2022
Ещё никому не удавалось вернуться с войны. Знаю
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру