Фота: Biriu kroviniu terminalas

Фота: Biriu kroviniu terminalas

На працягу многіх гадоў прадукцыя «Беларуськалія» пастаўлялася на замежныя рынкі праз порт Клайпеды. Беларускі вытворца па дамоўленасці валодаў 30% акцый Biriu kroviniu terminalas (BKT). Ён выкупіў іх у 2013 годзе за 30 млн даляраў. Аднак «Беларуськалій» трапіў пад санкцыі і з лютага гэтага года спыніў пастаўляць угнаенні праз тэрмінал.

Ігар Удавіцкі звяртаўся ў Раду па канкурэнцыі Літвы, каб атрымаць дазвол на здзелку. Цяпер яму наўпрост і ўскосна належаць 70% кампаніі. У выніку бізнэсмен можа стаць аднаасобным уладальнікам тэрмінала.

Фота: portofklaipeda.lt.

Фота: portofklaipeda.lt.

Пасля таго, як пра сітуацыю стала вядома, у кабінет прэм'ер-міністра Літвы паступіў зварот ад беларуса Віталя Алейніка. З адказу на яго вынікае, што здзелка Удавіцкага з «Беларуськаліем» пад пытаннем.

«Я і мае суграмадзяне былі шчыра здзіўленыя, калі даведаліся пра намер аднаго з літоўскіх бізнэсоўцаў структураваць здзелку аб куплі акцый групы «Беларуськалій». Як толькі здзелка была пастаўлена на стол Рады па канкурэнцыі Літвы, я неадкладна прасіў гэты аддзел накласці вета на здзелку, нават не разбіраючыся ў сутнасці яе ўздзеяння на канкурэнцыю ў гэтым сектары літоўскай эканомікі. На жаль, Рада па канкурэнцыі Літвы дала свой водгук, што будзе не ў стане накласці вета на здзелку, бо пытанне не ўваходзіць у сферу іх кампетэнцыі», — адзначаў беларус у сваім звароце.

«Наша мэта — перадаць гэтыя актывы і рэсурсы людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій у Беларусі, у тым ліку і рэпрэсаваным працаўнікам «Беларуськалія», — кажа Віталь Алейнік.

Але ці можа быць канкрэтны механізм для такога выкарыстання актываў?

«Яшчэ на пачатку года я падаў хадатайніцтва ў Генпракуратуру Літвы, каб на беларускія актывы былі (прынамсі, у межах юрысдыкцыі Літвы) накладзеныя абмежаванні ў сэнсе немагчымасці перадачы правоў уласнасці на іх і гэтак далей, — кажа Віталь Алейнік. — Пракурор афіцыйна мне адказаў, што гэтае хадайніцтва далучана да матэрыялаў крымінальнай справы, заведзенай у Літве па фактах злачынстваў рэжыму супраць грамадзян Беларусі, згодна з прынцыпамі ўніверсальнай юрысдыкцыі. Санкцыі — гэта палітычны інструмэнт: сёння ўвялі, заўтра адмянілі», — заўважае Віталь.

А вось юрыдычны працэс так проста палітыкай не спыніш: таму менавіта ў межах юрыдычнага працэсу актывісты могуць «перацягнуць» нават санкцыйныя актывы у рэчышча Крымінальнага кодэкса і далей разбірацца, як па факце рэалізоўваць рашэнне суда, тлумачыць актывіст.

Ён прыводзіць прыклад: на днях спадар Янулявічус з Канфедэрацыі прамыслоўцаў Літвы заявіў, што яны могуць выкарыстаць санкцыйныя актывы для «кампенсацыі стратаў інвестараў і фізасоб», калі Лукашэнка нацыяналізуе іх бізнэс у Беларусі.

«Значыць, цалкам такія актывы выкарыстоўваць можна. Але я перакананы, што перш за ўсё гэта трэба выкарыстоўваць на карысць пацярпелых беларусаў, а не нейкіх інвестараў, якія гадамі круціліся вакол дыктатуры, а цяпер схамянуліся», — адзначае Алейнік.

Актывіст мяркуе, што ў выпадку продажу беларускія актывы за мяжой павінны прыярытэтна выкарыстоўвацца для кампенсацыі страт пацярпелых, у тым ліку і супрацоўнікаў «Беларуськалія». Але ён адзначае і іншае: Беларусі выгадна супрацоўнічаць з Літвой і мець свае актывы ў Клайпедзе з пункту гледжання лагістычных выдаткаў, дыверсыфікацыі экспартных каналаў і г.д. Тое, што рэжым пачаў распрадаваць «сямейнае срэбра» ў выглядзе актываў таго ж «Беларуськалія», не адпавядае нацыянальным інтарэсам беларусаў.

«Упэўнены, што патрэбна ўсімі сіламі захаваць нашыя актывы за мяжой у руках беларусаў да таго часу, калі мы зможам іх выкарыстоўваць у самой Беларусі», — падсумоўвае ён.

У адказе ад літоўскага ўрада падкрэслена, што Літва займае паслядоўную пазіцыю, згодна з якой асуджае Расію і Беларусь за іх дзеянні, і «прыкладае ўсе намаганні для аказання максімальна моцнага дыпламатычнага, палітычнага і эканамічнага ціску».

«У межах эканамічнага ціску неабходна забяспечыць безумоўнае выкананне ўсімі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі рэжыму санкцый Еўрапейскага саюза і мэтаў абмежавальных мер ЕС», — гаворыцца ў адказе.

«Беларуськалій» знаходзіцца ў спісе падсанкцыйных кампаній. У лісце адзначаецца, што сродкі і эканамічныя рэсурсы падсанкцыйных арганізацый і асоб павінны быць замарожаны без магчымасці іх выкарыстання.

Клас
38
Панылы сорам
0
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2