Беларускае тэлеграфнае агенцтва БелТА — 0 паведамленняў аб абвешчаным адступленні РФ з Херсона.

Адзіная навіна на сайце, якая мае дачыненне да рэгіёна — нататка пра гібель так званага намесніка кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Кірыла Страмавусава. У тэлеграм-канале таксама былі пасты аб гібелі Страмавусава, эвакуацыі цывільнага насельніцтва з вобласці, пра наступ УСУ. Аб адступленні УС РФ — ні слова.

«Савецкая Беларусія»— 0 паведамленняў. Навінавы парадак ідэнтычны БелТА: гібель Страмавусава, УСУ наступаюць, «развязка хутка». У тэлеграм-канале выдання пра сітуацыю пад Херсонам навін зусім няма. Затое ёсць публікацыя аб тым, як «украінскія ўцекачы сталі інструментам шантажу ў руках кіеўскага рэжыму».

Агенцтва тэлевізійных навін (АТН) — 0 паведамленняў. Трэба адзначыць, што цікавай была падача навіны ў тэлеграм-канале АТН. Там няма згадак аб адступленні УС РФ з Херсона. Але там публікавалі інфармацыю аб заяве генеральнага сакратара НАТА Енса Сталтэнберга, што «альянс у курсе заяў па Херсоне». Аб якой заяве ідзе гаворка, прапагандысты не ўдакладнілі.

Агульнанацыянальнае тэлебачанне (АНТ) — 0 паведамленняў. Тут прапагандысты напісалі, што па заяве Суравікіна «абстаноўка ў раёне спецаперацыі ў цэлым стабілізаваная» і «на асобных напрамках расійскія войскі аднавілі наступальныя дзеянні». І ніякага адступлення, натуральна, няма.

Сталічнае тэлебачанне (СТБ) — 0 паведамленняў. Кароткае абмеркаванне пакідання Херсона УС РФ адбылося ў стрыме аднаго з прапагандыстаў тэлеканала. Абмяркоўваючы падзею, прапагандысты сышліся ў меркаванні, што, у адрозненне ад адступлення з Харкаўскай вобласці, па сітуацыі ў Херсоне з грамадствам вядзецца нейкая камунікацыя. Прапагандысты лічаць пацвярджэннем правільнасці прынятага рашэння тое, што яго публічна падтрымалі Кадыраў і Прыгожын.

Адрэагаваў на навіну і так званы палітолаг Аляксандр Шпакоўскі. Ён заявіў, што «пасля «дээскалацыі» ў Кіеўскай вобласці і «перагрупоўкі» пад Харкавам стала зразумела, што заяўленыя мэты СВА і падыходы да вядзення вайны маюць патрэбу ў карэкціроўцы, наперадзе зацяжны крызіс». Таксама прапагандыст напісаў, што «ніякіх адчувальных палітычных наступстваў для стабільнасці сістэмы кіравання ў РФ адыход расійскіх войскаў з Херсона не выкліча».

Такім чынам, беларуская прапаганда сарамліва замаўчала і праігнаравала навіну аб адступленні УС РФ з Херсона. Скупа па тэме выказаліся толькі асобныя «самастойныя» прапагандысты. Як і пры асвятленні папярэдніх адступленняў і ваенных паражэнняў Расіі, у сітуацыі з Херсонам беларускія прапагандысты не фарміруюць свайго наратыву, а проста замоўчваюць падзею, у спадзяванні, што яна ад гэтага перастане існаваць.

Клас
4
Панылы сорам
16
Ха-ха
142
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
4