У дылераў абрынуліся продажы 

Па звестках Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, рынак новых легкавых аўто ў краіне ў верасні абрынуўся ў 10 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. За першы месяц восені афіцыйныя дылеры рэалізавалі толькі 374 аўтамабілі, што на 90,4 % менш, чым у верасні 2021 года. Для параўнання: летась яны ў сярэднім прадавалі каля 3500 новых легкавых аўто штомесяц.

Такая сітуацыя ў першую чаргу склалася праз тое, што ў большасці выпадкаў дылерам проста няма чаго прадаваць, паколькі новыя пастаўкі аўто амаль адсутнічаюць.

Volkswagen

Так, напрыкалад, у VW цалкам скончыліся новыя Polo, якія традыцыйна карысталіся вялікім попытам у Беларусі. Паставак новых аўто гэтай мадэлі няма і не чакаецца — паведамілі ў аўтацэнтры. Прычына простая — канцэрн закрыў завод у РФ, дзе выраблялася дадзеная мадэль.

фота: volkswagen.by

фота: volkswagen.by

З легкавікоў дасяжны толькі VW Passat у кузаве седан у камплектацыі Business з бензінавым рухавіком аб'ёмам 1,4 літра на «аўтамаце». Цана на Passat складае 113 тысяч рублёў, што каля 45 500 даляраў. Але прыйсці ў салон і адразу набыць такое аўто не атрымаецца. Ахвотным давядзецца чакаць 2-4 тыдні, пакуль аўтамабіль прывязуць з Германіі. Выбіраць давядзецца з тых варыянтаў, якія дылер ужо замовіў на заводзе ў Еўропе.

Усяго на тры тысячы танней прадаецца VW Taos. За 110 тысяч рублёў можна набыць адзін з кампактных паркетнікаў расійскай вытворчасці. Выбіраць давядзецца з рэшткаў, якія яшчэ не паспелі распрадаць. Новых паставак Taos у Беларусь не будзе.

Папулярныя красоверы VW Tiguan ужо недасяжныя беларускім купцам. Усе машыны, якія раней дылеры атрымалі ад завода VW у РФ, скончыліся. Аднак застаўся як мінімум адзін VW Touareg.

KIA

Аўтамабілі маркі KIA, якія таксама ўваходзілі ў топ-5 самых прадаваемых у краіне, таксама ў дэфіцыце. Самыя танныя мадэлі з тых, што прадаваліся ў нас, KIA Rio і KIA Rio X ужо скончыліся, паколькі апошнія пастаўкі былі ў красавіку. 

Сярод аўто ў наяўнасці засталіся толькі Sportage NQ5 па цэнах ад 162 900 рублёў (каля 65 500$) і яшчэ больш дарагая Sorento, цэны на якую стартуюць з адзнакі ў 175 900 рублёў (каля 71 000$). Абедзве мадэлі раней збіраліся ў Калінінградзе.

Фота: скрыншот з сайта kia.by

Фота: скрыншот з сайта kia.by

Апроч гэтых двух мадэляў, на сайце прадаўца ўказаны цэны на KIA Seltos, іх прапануюць па цэнах ад 83 900 рублёў (каля 34 000$). Аднак у наяўнасці новых Seltos няма. Ёсць толькі дзве машыны, якія працягваюць выкарыстоўваюць для тэст-драйваў, бо дылер спадзяецца, што такія машыны яшчэ з'явяцца ў продажы. 

Renault

Дылеры Renault таксама з большага гандлюць рэшткамі, але тым не менш у іх яшчэ засталіся нават Logan Stapway. У залежнасці ад камплектацыі такія аўто каштуюць ад 47 700 да 52 400 рублёў (каля 19 200 — 21 100$).

Фота: скрыншот з сайта renault.by

Фота: скрыншот з сайта renault.by

Апроч Logan, у невялікай колькасці ёсць Duster, Captur, Arkana і Koleos. Усе мадэлі апроч Koleos вырабляліся на расійскім заводзе канцэрна, таму новых адгрузак не будзе. Як паведамілі ў салоне, у іх ёсць магчымасць дазамаўляць толькі Koleos і мікрааўтобус Master. Абедзве мадэлі імпартуюць з Францыі. 

LADA

У LADA ў той ці іншай ступені дасяжныя аўто ўсяго мадэльнага шэрагу. Самая папулярная LADA сярод беларусаў, Vesta, цяпер прадаецца па цэнах ад 39 000 рублёў (каля 15 700$). Столькі просяць за седан без штатнай аўдыясістэмы. Vesta SW Cross з АКПП каштуе 67 260 рулёў (каля 27 100$).

Як высветлілася, пасля прыняцца пастановы, якая абмяжоўвае гандлёвыя надбаўкі, цэны на машыны крыху знізіліся. Але прадаўцы чамусьці не акцэнтуюць на гэтым увагі і пра патаненне распавядаюць толькі пасля прамога пытання.

Супрацоўнікі аднаго з дылерскіх цэнтраў Renault-Lada сцвярджаюць, што машыны ў іх у сярэднім патаннелі на 10 тысяч рублёў. Калі параўноўваць цэны на прыкладзе LADA Vesta, то мы ўбачым, што аўтамабіль патаннеў прыкладна на 6 тысяч рублёў. Яшчэ ў сярэдзіне верасня цэны на Vesta пачыналіся з адзнакі ў 45 900 (18 200$). Тым не менш, калі параўноўваць іх, напрыклад, з 2018 годам, то машыны значна падаражэлі. Тады Vesta прадавалася па цэнах ад 19 610 да 26 500 рублёў ці каля 9400-12600 даляраў па тагачасным курсе.

Mitsubishi & Nissan

Дылеры Nissan і Mitsubishi не маюць у продажы новых аўто. Патэнцыйным кліентам прапануюць толькі тыя машыны, якія раней выкарыстоўваліся для тэставых паездак. 

А што з Geely?

Беларуска-кітайскі БелДжы, як і раней, прапануе пакупнікам тры мадэлі: Coolray, Atlas Pro і Tugella. Аўто ў наяўнасці няма, таму жадаючым набыць «айчынны» аўтамабіль давядзецца трошкі пачакаць. Падрабязней пра сітуацыю з цэнамі на Geely «Наша Ніва» пісала раней.

Фота: скрыншот з сайта geely.by

Фота: скрыншот з сайта geely.by

Ці з'явіцца замена мадэлям, якія сышлі з рынку?

Велізарны спад продажаў новых аўто дылерамі яшчэ не азначае, што аўто няма. Проста цяпер замест афіцыйных дылераў іх усё часцей прадаюць «шэрыя» імпарцёры. 

На рынку таксама застаюцца прадаўцы аўтамабіляў кітайскіх брэндаў.

Так, напрыклад, у Haval у наяўнасці аўтамабілі пяці мадэляў з сямі пазначаных на сайце. На бягучы момант недасяжныя толькі два пікапы. Па астатніх у наяўнасці ёсць аўтамабілі розных колераў і камплектацый. Самы танны з Haval каштуе 78 400 рублёў, або каля 31 500 даляраў. Пасля ўводу абмежаванняў на гадлёвыя надбаўкі аўтамабілі Haval таксама патаннелі, але як і ў выпадку з Renault-LADA мэнэджар паведамляе пра гэта толькі пасля таго, як патэнцыйны пакупнік сам пацікавіцца. Па словах спецыяліста, машыны ў сярэднім патаннелі на 10 тысяч рублёў.

Фота: скрыншот з сайта haval.by

Фота: скрыншот з сайта haval.by

Чатыры з пяці прадстаўленых мадэляў кітайскага брэнда выпускаюць на заводзе ў Расіі. 

Іншы кітайскі брэнд JAC таксама актыўна працуе на беларускім рынку, у канцы кастрычніка яны прадставілі легкавы аўтамабіль JAC J7, цэны на ліфтбэк пачынаюцца з адзнакі ў 27 тысяч даляраў.

Чытайце таксама: Якія змены ў ПДР пачалі дзейнічаць з 27 кастрычніка 

«Схема была выгаднай, калі льготнікі бралі па 300-500 даляраў, а цяпер…» Як аўтаперагонны бізнэс перажывае складаныя часы

Кіраўнік Акадэміі навук распавёў, колькі будзе каштаваць першы беларускі электрамабіль 

Клас
4
Панылы сорам
5
Ха-ха
7
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
3