Фота: з сацыяльных сетак. Дзмітрый Іваноў

Фота: з сацыяльных сетак. Дзмітрый Іваноў

Чэрыкаў — гарадок на самым усходзе краіны. У 2020 годзе там таксама актыўна пратэставалі людзі. Дзмітрый Іваноў, прадпрымальнік і таксіст, быў адным з такіх. Некалькі разоў яго затрымлівалі, штрафавалі, кідалі «на суткі». Сёлета 22 верасня ён быў схоплены амапаўцамі на адной з аўтамабільных стаянак у райцэнтры.

Пасля затрымання таксіста завезлі за тры сотні кіламетраў у Жодзіна, а адтуль на суд даставілі зноў у Чэрыкаў.

Пакрыўджаны ім міліцыянт Мікалай Бараноўскі праславіўся тым, што ўдарыў жанчыну на пратэсце ў верасні 2020 года. Яна падала заяву ў Следчы камітэт па факце прымянення сілы супрацоўнікам міліцыі.

Інцыдэнт скончыўся апраўданнем міліцыянта, у дзеяннях якога следчыя не ўгледзелі прыкметаў «перавышэння ўлады ці службовых паўнамоцтваў», а гвалт у адносінах да жанчыны быў расцэнены, як паводзіны «ва ўмовах абгрунтаванай прафесійнай рызыкі або крайняй неабходнасці».

1 лістапада Бараноўскі адсудзіў 1000 рублёў маральнай шкоды ў Дзмітрыя Іванова. Міліцыянт палічыў сябе абражаным яго каментаром у сацыяльных сетках.

Як стала вядома «Нашай Ніве», на судовым працэсе Іваноў не мог сядзець, патлумачыўшы, што ў яго баляць ныркі. 

На працэсе Дзмітрый Іваноў цалкам прызнаў віну і выбачыўся перад міліцыянтам. Кампенсацыю маральнай шкоды аплаціў яму да суда.

Вырак прадпрымальніку суддзя Алена Цыркунова агучыла 1 лістапада. Яму прысудзілі 1,5 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Пракурор прасіў суд пакараць абвінавачанага двума гадамі пазбаўлення волі.

Прадпрымальніка вызвалілі з-пад варты ў залі суда. 1 лістапада, як паведаміла суддзя, у Іванова нарадзіўся сын.

«Трымаўся да апошняга». Жыхары Чэрыкава пра затрыманага за «палітыку» земляка

Клас
3
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
8
Абуральна
49