Фота: Белта

Фота: Белта

Інфармацыя дагэтуль даволі ўрыўкавая, бо ўзровень страху высокі. 

«Нашай Ніве» вядома, што на мінулым тыдні затрымліваліся трое навукоўцаў з Інстытута біяарганічнай хіміі навукова-прамысловага цэнтра «ХімФармСінтэз». Іх адпусцілі, але ўзялі падпіску аб неразгалошванні. 

Была затрыманая супрацоўніца Фізіка-тэхнічнага інстытута.

Як мінімум адно затрыманне адбылося ў прэзідыуме НАН.

Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі прыходзілі таксама ў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Гэта, магчыма, адбылося раніцай 26 кастрычніка.

У інстытуце філасофіі ў супрацоўнікаў правяралі тэлефоны: праглядалі фотагалерэю і тэлеграм. Тое ж самае рабілася і ў іншых акадэмічных інстытутах.

Яшчэ ў адным інстытуце сілавікі размаўлялі з супрацоўнікамі ў кабінеце дырэктара. Размова вялася сам-насам. Людзей забіралі з працоўных кабінетаў і лабараторый без папярэджання. Некаторым супрацоўнікам прапаноўвалі супрацу з сілавікамі.

Частку затрыманых завезлі на допыт у Камітэт дзяржаўнай бяспекі і пазней адпусцілі. Частку, як мінімум 5 ці 6 чалавек, адправілі на суткі на Акрэсціна.

Усяго па інфармацыі «Нашай Нівы» з дзвюх крыніц, затрымліваліся 44 супрацоўнікі. Калі вы маеце больш інфармацыі, пішыце ў наш тэлеграм-бот @Nasa_Niva_Bot або тым рэдактарам і журналістам «Нашай Нівы», каго ведаеце асабіста.

Некаторыя навукоўцы кажуць, што «першы аддзел» — гэта значыць, КДБ — збірае інфармацыю пра тое, якія спасылкі супрацоўнікі Акадэміі навук адкрываюць на сваіх працоўных камп'ютарах.

Якая логіка прасочвалася ў апошніх затрыманнях? Здаецца, лукашысты прыйшлі да ўдзельнікаў тэлеграм-чату «Навукоўцы супраць гвалту».

Чат «Навукоўцы супраць гвалту» быў прызнаны лукашэнкаўцамі «экстрэмісцкім». «Экстрэмісцкім» улады прызнаюць усе непадкантрольныя ім рэсурсы і арганізацыі, любую дзейнасць незалежнага характару.

Як пазней стала вядома, 41 з 44 затрыманых ужо выйшлі на свабоду. Сярод затрыманых — вядомы мовазнавец Сяргей Гаранін, а таксама 56-гадовая жанчына з прэзідыума НАН.

Чытайце таксама: 

«Нам будзе вельмі цяжка вырвацца». Шчыры Банцар — пра ГУБАЗіК, працу качагарам і сваю асабістую паразу

«Яго ўжо чакалі — прыставілі пісталет да галавы і сказалі, што ён ужо прыйшоў». Пра гомельскага хлопца, які сядзіць за любоў да Украіны, расказвае сястра

МУС правяло вучэнні ў турме, чакаючы новых пратэстаў

Клас
23
Панылы сорам
9
Ха-ха
11
Ого
14
Сумна
25
Абуральна
237