Дактары з розных паліклінік расказалі «Нашай Ніве», што кіраўніцтва ўстаноў забараніла лекарам камунікаваць з прадстаўнікамі фармдыстрыб'ютараў, якія доўгі час мелі кантакты як з шараговымі лекарамі, так і з кіраўніцтвам устаноў.

«Гэта была распаўсюджаная практыка, калі фармпрадстаўнікі расказвалі пра сваю прадукцыю», — распавядае доктар.

Дактарам былі выгадныя такія візіты, бо фармпрадстаўнікі прыносілі з сабой не толькі інфармацыю аб прадукце, але і канцылярскія тавары, паперу, танометры.

Загад Мінздароўя, які абавязвае ўзгадняць прысутнасць фармпрадстаўніка ва ўстанове аховы здороўя з кіраўніком установы, з'явіўся яшчэ некалькі год таму. Але гэтага загаду не прытрымліваліся строга.

У той жа час сілавыя структуры бачылі ў кантактах з фармпрадстаўнікамі спрыяльную глебу для карупцыі.

Загадчыкі паліклінік падпісваюць паперы, дзе яны папярэджваюцца пра наступствы карупцыі і абавязваюцца данесці да лекараў адпаведную інфармацыю. Сярод іншага, цяпер забараняецца кантактаваць з фармпрадстаўнікамі, бо гэта таксама могуць разглядацца як карупцыя.

«У першыя дні кастрычніка наш калектыў яшчэ хадзіў на запланаваную раней прэзентацыю, якую ў рэстаране ладзіла адна з фармакалагічных кампаній, а ўжо праз пару дзён загадчыца паведаміла, што больш ніякіх прэзентацый не будзе. Таксама забаранілі пускаць фармпрадстаўнікоў у кабінет», — кажа лекарка. 

Па словах суразмоўцы, у адміністрацыі паліклінікі напалоханыя праверкамі.

«Кажуць, нібыта ў некаторых установах ужо ладзіць праверкі пракуратура, правяраюць, як выдаваліся бальнічныя лісты, дактароў распытваюць, чаму яны выпісвалі адны прэпараты, а не на іншыя, паўсюль шукаюць прыкметы карупцыі», — кажа доктарка.

«Людзі асцярожнічаюць, бо ніхто не хоча сесці ў турму за нататнік або пачак паперы», — кажа суразмоўца.

Па словах аднаго з медыкаў, цяпер правяраючыя органы займаюцца лекарамі, якія нібыта былі зацікаўленыя ў назначэнні пэўных пралангуючых прэпаратаў для ўвядзення ў суставы за так званыя адкаты. Увага да кантактаў з фармпрадстаўнікамі можа быць наступствам гэтай крымінальнай справы.

Чытайце таксама: 
На галоўнага доктара мінскай бальніцы завялі справу за «незаконныя надбаўкі»

Як Чыж і яго таемны літоўскі партнёр зарабілі мільярды на хітрай нафтавай схеме

Клас
5
Панылы сорам
15
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
4