Тут і далей: скрын відэа

Тут і далей: скрын відэа

Пра знаёмства з Сахашчыкам і чаму Пазняк яму давярае

Зянон Пазняк распавёў, што з Валерыем Сахашчыкам ён пазнаёміўся летам 2022 года. Пасля таго як Сахашчык выступіў з заклікам да беларускай арміі не ваяваць з Украінай, ён стаў вядомай асобай, кажа Пазняк, таму ён прапанаваў Сахашчыку сустрэцца.

На заўвагу журналіста, што Пазняк цяжка ідзе на саюзы, лідар КХП БНФ адказаў, што гэтае меркаванне — памылковае і засноўваецца на 30-гадовай прапагандзе.

«У палітыцы галоўнае — уменне камунікаваць з людзьмі, — тлумачыць Зянон Пазняк. — Важна, якія людзі маюць прынцыпы, якая ў іх ідэалогія, што гэта за чалавек, ці ён прыстойны, ці на яго можна палажыцца, ці ён трымаецца свайго слова, ці ёсць у яго гонар. І калі ёсць, то трэба ўмець паважаць сваіх ворагаў, таму што з такімі людзьмі можна рабіць палітыку. А калі такога няма, то, што б ён ні казаў, як бы ён не прыкідваўся, нічога з такога не будзе».

Пазняк кажа, што ўспрымае Валерыя Сахашчыка як чалавека гонару, чалавека прыстойнага, які не засведчаны, што ён парушаў закон, зрабіў подласць ці неякае злачынства.

«А тое, што ён вырас у гэтай сістэме, што раней гаварыў пра рускае афіцэрства, што быў некалі на Байкале — то гэта быў чалавек сістэмы, ён выйшаў з гэтай сістэмы і хоча працаваць на Беларусь.

І вось мы з ім абмяркоўваем нашыя агульныя праблемы — як нам Беларусь уратаваць», — тлумачыць Пазняк.

Хаця палітык адносіцца да Аб’яднанага пераходнага кабінета як да пустышкі, але пры гэтым ускладае надзеі на працу Валерыя Сахашчыка.

«Галоўнае пытанне перад нашай нацыяй — гэта перамога Украіны ў гэтай вайне. Гэта пытанне нумар адзін. І таму я супрацоўнічаю з Валерыем Сцяпанавічам, і наш нацыянальны сакратарыят з ім супрацоўнічае, паколькі мы бачым, што чалавек валодае прафесійнымі якасцямі, ён можа дапамагчы.

Такіх людзей, прыстойных, у беларускім войску ёсць шмат. Яны ўсе баяцца зараз, ніхто з іх публічна не можа выступіць, інакш з іх здымуць пагоны і пасадзяць у турму. Валерый Сцяпанавіч выступіў супраць гэтай сістэмы. Канечне, ён ужо не быў у войску, быў за мяжой, яму было прасцей, але гэта таксама ўчынак. Таму дзе ёсць прыстойныя людзі і дзе ёсць задачы вельмі важныя для захавання нашай нацыі, там трэба супрацоўнічаць. Тую справу, якую ўзначальвае Валерый Сцяпанавіч, трэба падтрымліваць», — кажа Пазняк.

Пра стварэнне беларускіх добраахвотніцкіх фарміраванняў

Пазняк гаворыць, што ён цалкам падтрымлівае ідэю беларускіх вайсковых фарміраванняў ва ўкраінскай арміі і асабліва — полк Каліноўскага.

«Найлепей, калі будзе адна вялікая структура, якая будзе пашырацца, якая будзе зроблена на адпаведным узроўні, узброеная. У нас ёсць кантакты з кіраўніцтвам палка Каліноўскага. Мы бачым, што ўзрастае давер да палка Каліноўскага ў грамадстве. Іх легітымнасць падмацаваная крывёю, загінула ўжо шмат людзей. Таму мы спадзяёмся, што калі ўдасца стварыць моцную вайсковую адзінку, якая будзе палітычна матываваная, якая вырасце да брыгады, то ў нас будзе рэальная магчымасць змяніць становішча ў Беларусі.

Бо я бачу, што падзеі развіваюцца так, што ў пуцінскай Расіі ніякіх перспектыў няма, адпаведна, і няма ніякіх перспектываў і ў рэжыму Лукашэнкі. І калі ён пачне валіцца, ніхто за яго жывот класці не будзе. Ні войска, ні нават АМАП. Гэта ілюзіі, нездарма ён [Лукашэнка] і запрасіў расейцаў і стварае супольную вайсковую групоўку», — кажа Пазняк.

Таму, паводле палітыка, важна, каб была рэальная сіла, якая не дазволіць, каб улада валялася пад нагамі, каб яе ўзялі крымінальнікі, як «гэта было ў 1917 годзе».

Таму надзея на беларускае ўзброенае фарміраванне, кажа Пазняк, — гэта вельмі сур’ёзна, гэта тое, што не дасць знішчыць Беларусь.

Паводле яго, нашы жаўнеры, нашы афіцэры, нашы ўзброеныя сілы павінны быць палітычна матываваныя.

«У войску гэта галоўнае. Яны павінны ведаць, што такое Беларусь, што такое наша культура, наша мова, за што яны змагаюцца, што такое свабода. І тады войска будзе моцным. Вельмі важна, каб у войску былі падрыхтаваныя афіцэры, каб быў палітычны аддзел адпаведны. Войска не павіннае займацца палітыкай, але матывацыя ў войску мусіць быць нацыянальная. Гэта вельмі важна», — гаворыць ён.

Валер Сахашчык пагадзіўся, нацыянальная арыентацыя войска — вельмі важная справа.

«Лічу, што ў шэрагу памылак, якія былі зробленыя ў 90-я гады, найбольшай стала тое, што войска не перавялі на родную мову. Бо каб войска пачало размаўляць па-беларуску, то, напэўна, не засталіся б у гэтым войску расейцы, якія нарадзіліся і выраслі ў Расіі, для якіх Беларусь нічога не значыла ніколі.

А зараз яны генералы. І яны не маюць нічога, што іх яднала б з Беларуссю. Яны ўсё сваё жыццё глядзяць на Усход, і будучыню сваю бачаць на Усходзе, і былі б вельмі рады, каб войска расейскае прыйшло назаўсёды на Беларусь. Я ведаю, што гэта ёсць так, на жаль, і гэта вялікая праблема», — кажа Сахашчык.

Пазняк адказаў, што не паспелі за тры гады да «катастрофы 1994 года» гэта зрабіць. Пры ўладзе заставалася камуністычная наменклатура, якая зрабіла ўсё, каб нацыянальна свядомыя людзі не прыйшлі да ўлады.

І цяпер, кажа ён, мы бачым вынікі гэтага.

«Мы бачым, што адбываецца зараз, калі нацыянальная ідэя, нацыянальная павага, веданне культуры, павага саміх сябе не ўвайшлі ў грамадства, вось што адбываецца — акупацыя, беларусаў не лічаць за людзей. Беларусаў нішчаць у турмах, іх катуюць, на іх нашываюць жоўтыя латкі, што яны беларусы. Яны не маюць ніякіх правоў у турме. Гэта Гітлер так рабіў, габрэям нашывалі гэтыя латкі», — кажа Пазняк.

Аб прызнанні Беларусі акупаванай тэрыторыяй

Палітык кажа, што цяпер ва ўкраінскіх колах абмяркоўваюць пытанне аб прызнанні Беларусі акупаванай дзяржавай. Прызнанне Украінай такога статусу ў адносінах да Чачні дае надзеі і Беларусі.

Раз магчыма з Чачнёй, то гэта магчыма і з Беларуссю, мяркуе Пазняк. «У палітыцы гэта станоўча будзе і для нас, і для ўкраінцаў», — перакананы ён.

Пазняк кажа, што расейская прапаганда цяпер працуе, каб сутыкнуць беларусаў і ўкраінцаў, зрабіць ворагам Украіны беларускі народ, «які сядзіць у турмах, які нішчаць, які галаву не можа падняць, і тым не менш — падымае».

«Бо Расея зацікаўленая ў тым, каб зрабіць для ўкраінцаў ворагамі беларусаў. А на самай справе — гэта адна вайна, што супраць Беларусі расейцы, што супраць Украіны.

Беларусь акупавалі за 28 гадоў. А калі ўвялі войскі, то гэта проста стала фактам. Гэтую сітуацыю зараз многія ўкраінскія аналітыкі разглядаюць як правал у інфармацыі. Гэта з абодвух бакоў пытанне неабходна вырашаць. Нельга дапусціць, каб сутыкнулі два народы ў той час, як адзін з народаў прыдушаны, калі людзей кідаюць у турмы, нішчаць толькі за тое, што чалавек па-беларуску пагаварыў. Знішчаная ўся грамадзянская супольнасць. Нават арганізацыя філатэлістаў і «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Гэтая сітуацыя страшная. Ворагам з’яўляецца Лукашэнка і яго кампанія. Вось хто вораг», — гаворыць Пазняк.

«Гэты час, вельмі цяжкі для беларускай нацыі, павінны быць асэнсаваным. Павінна быць асэнсавана, што робіць з культурай русіфікацыя, што робіць адмаўленне ад сябе. Чалавек перастае быць сацыяльным чалавекам. Я думаю, што вывады будуць зробленыя, акупацыя доўгай не будзе, Расея будзе разгромленая, Пуцін будзе пакараны. І нацыя беларуская мае зрабіць вялікія высновы, і павінна быць сапраўднае нацыянальнае адраджэнне. І яно будзе», — упэўнены Пазняк.

Наконт спрэчак сярод беларусаў

Пазняк кажа, што не варта сёння прыдаваць значэння нейкім асабістым спрэчкам, крыўдам, абвінавачванням.

«Ёсць агульная справа і агульная задача. Перад небяспекай для нашай нацыі, нашай дзяржавы капацца ў гэтым не варта. Найлепшай аргументацыяй у такіх амаль побытавых спрэчках будзе пазітыўная праца. Калі будзе пазітыўны вынік, нічога не трэба гаварыць. Трэба засяроджвацца на галоўным — каб перамагчы ворага, каб зрабіць наша войска дзеяздольным і баяздольным. Вось на гэтым трэба засяроджвацца».

Як зрабіць беларускія фарміраванні сапраўднай сілай

Зянон Пазняк кажа, што трэба дамаўляцца з украінцамі, каб удасканаліць іх заканадаўства, каб сярод беларусаў з’явіўся афіцэрскі і сяржанцкі корпус, бо цяперашняе ўкраінскае заканадаўства пра іншаземных вайскоўцаў гэта забараняе.

Адносна моцы беларускага войска Пазняк кажа, што калі мы думаем, што войска павіннае змагацца на фронце працягласцю ў тысячы кіламетраў з расейскім войскам, якое знаходзіцца ў Беларусі, то трэба мець усё, нават HIMARS.

«Але калі ўлічваць, што мы дапамагаем украінцам, украінцы перамогуць, імперыя абваліцца, усё пачне валіцца, і не будзе каму выставіць войска нават супраць аднаго палка… І вось тут вельмі важна, каб былі ваяры, падрыхтаваныя на ўзроўні сучаснай вайны. З неабходнай зброяй. Я думаю, што вялікая колькасць ваяроў і не спатрэбіцца ў Беларусі. Украіна паказвае, як змагацца ў сучаснай вайне, а Расея не ўмее ваяваць у сучаснай вайне. Надзея такая», — кажа Пазняк.

Валерый Сахашчык адмовіўся падрабязна распавядаць, што беларусам трэба сёння рабіць, каб сфарміраваць эфектыўнае войска. «Я б гэта аднёс да катэгорыі рэчаў, пра якія не варта разважаць зараз [публічна]», — сказаў ён.

Але Сахашчык звярнуўся да беларускіх вайскоўцаў.

«Я паглядзеў выступ беларускіх вайскоўцаў у адказ на зварот з боку ўкраінцаў. Сімпатычныя хлопцы, добра апранутыя па-вайсковаму, з сур’ёзнымі тварамі гаварылі, каб іх не правакавалі. Хлопцы, вы справакавалі ўсё, што маглі, калі падтрымалі расейскую агрэсію, узялі ўдзел у ёй у лютым. <…>

І Украіна ўтрымліваецца ад таго, каб нанесці ўдар у адказ на ракеты, дроны, самалёты, што ляцяць з Беларусі. Бо народ украінскі — мудры. Ён думае пра будучыню, што вайна завершыцца і трэба будзе жыць нармальна з гэтым суседам. Таму вы, калі ласка, не правакуйце. <…> Інакш вашыя мужныя грозныя твары, якія агучваюць на камеры словы, напісаныя прапагандыстамі, хутка ператворацца ў жаласныя і напалоханыя.

Я веру, што ў нас атрымаецца пазбегнуць гэтага негатыўнага сцэнара, я веру, што мы зможам утрымацца ад таго, што Беларусь распачне вайну з Украінай. І калісьці будзем удзячныя лёсу, Богу і самім сабе, што ў нас хапіла мудрасці, вытрымкі гэтага не зрабіць. А пакуль жа, калі ласка, пачніце чытаць Канстытуцыю Беларусі, законы і задумвацца, што выканаць загад — гэта не заўсёды разумна і добра. Выкананне загадзя злачыннага загада — гэта ваеннае злачынства, за якое можна трапіць на лаву міжнароднага трыбунала пасля вайны. Жадаю вам удачы, міру і вельмі спадзяюся, што ворагамі мы ніколі не будзем», — сказаў ён.

Чытайце таксама:

Пазняк назваў галоўную памылку Украіны на беларускім кірунку

Валерый Сахашчык запісаў зварот да беларускіх вайскоўцаў

Навошта Кіеву расколваць беларускую апазіцыю?

Клас
136
Панылы сорам
7
Ха-ха
8
Ого
13
Сумна
6
Абуральна
21