Выдавец Ігар Іваноў і перакладчык «Бейруцкіх апавяданняў» Уладзіслаў Гарбацкі падчас прэзентацыі

Выдавец Ігар Іваноў і перакладчык «Бейруцкіх апавяданняў» Уладзіслаў Гарбацкі падчас прэзентацыі

— Спадар Ігар, выдавецтва — гэта хутчэй бізнэс ці дабрачынная дзейнасць?

— Выдавецтва — гэта хобі для мяне. Яно задуманае як нейкі стратны занятак, калі толькі я не навучуся на гэтым зарабляць (усміхаецца). Па-першае, выдавецтва — гэта вынік маёй прагі рабіць тое, што падабаецца. Па-другое, гэта тое, што трэба рабіць, бо людзі хочуць чытаць па-беларуску. У беларусаў замежжа гэта жаданне было заўсёды, толькі дыяспара была маленькая. А паколькі цяпер нас стала сотні тысячаў, то і попыт на беларускія кнігі значна вырас. Пры гэтым у 2022 годзе людзям, якія знаходзяцца за мяжой, складана нават атрымаць кніжкі з Беларусі.

Прэзентацыя кнігі «Бейруцкія апавяданні» ў Вільні

Прэзентацыя кнігі «Бейруцкія апавяданні» ў Вільні

Акрамя таго, за гэты час тэхналогіі змяніліся. Тое, што было немагчыма зрабіць яшчэ на пачатку нулявых, зараз становіцца магчымым. Цяпер на Захадзе некаторыя кнігі можна выдаць значна прасцей, чым у Беларусі. Па-першае, праз тое, што няма цэнзуры. У Беларусі ўся выдавецкая справа моцна кантралюецца дзяржавай. Каб адкрыць выдавецтва ў Беларусі, ты мусіш мець прафесійную адукацыю, здаць нейкія іспыты. У Брытаніі ж ты проста ідзеш і купляеш ISBN (Заўвага рэдакцыі: ISBN (міжнародны стандартны нумар кнігі) — гэта ўнікальны лічбавы камерцыйны ідэнтыфікатар кнігі. Выдаўцы набываюць ISBN у філіялах Міжнароднага агенцтва ISBN) — і ўсё. Па-другое, выдаваць кнігі за мяжой можна значна танней, чым у Беларусі.

У англамоўным свеце вельмі распаўсюджаны фармат Print-on-demand (англ.: друк на запыт) — кніжка друкуецца, калі хтосьці яе купляе. Напрыклад, Amazon працуе менавіта так і праз гэта мае моцны бізнэс. Выглядае гэта наступным чынам: чалавек замаўляе кнігу, і тады станок пачынае яе друкаваць.

— І такі фармат акупляецца?

— Зразумела, друкаваць адну кнігу трошкі даражэй, чым друкаваць адразу трыста асобнікаў. Але за трыста асобнікаў, напрыклад, трэба заплаціць тысячу даляраў наперад. Потым паўстае пытанне, дзе гэтыя асобнікі захоўваць, як адпраўляць у кнігарні, што таксама каштуе шмат. Дзякуючы друку па замове, людзі, якія такіх вялікіх грошай не маюць, усё адно могуць выдаць свой інтэлектуальны прадукт.

Скрыншот з сайта выдавецтва Skaryna Press

Скрыншот з сайта выдавецтва Skaryna Press

Вось і атрымліваецца, што ў нас за мяжой ёсць тэхналогіі, і пры гэтым адсутнічаюць пагрозы рэпрэсій, і не патрэбны такія значныя фінансавыя ўліванні. На захадзе ёсць файная сістэма распаўсюду. «Бэйруцкія апавяданьні» нашага выдавецтва ад самага пачатку з’явіліся на Amazon, а электронная версія — на Apple Books і Google Play Books.

— Ці ёсць увогуле неабходнасць выпускаць папяровыя кнігі, калі значна танней проста апублікаваць тэкст у інтэрнэце?

Шмат хто пра гэта зараз кажа. Аднак я як прафесійны бібліятэкар таксама супрацоўнічаю з беларускай бібліятэкай у Лондане і ведаю, што лічбавы кантэнт — самы нестабільны кантэнт.

Ігар Іваноў у бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане. Крыніца: novychas.online

Ігар Іваноў у бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане. Крыніца: novychas.online

Я столькі ў сваім жыцці сайтаў стварыў, і столькі іх потым закрыў. Мы столькі ў Скарынаўскай бібліятэцы ўсяго адсканавалі, і дагэтуль яно ўсё ляжыць неапублікаванае ў інтэрнэце, бо нават для такой працы патрэбныя супрацоўнікі. Проста так задарма дадаваць літаратуру на сайт і потым падтрымліваць — не атрымаецца. Дарэчы, таму і функцыя бібліятэкі збіраць і захоўваць у тым ліку папяровыя выданні нікуды не сыходзіць, бо мы тактыльныя стварэнні і нам падабаецца трымаць рэчы ў руках. Акрамя таго, не ўсе могуць адшукаць электронны кантэнт. Ведаеце, мы «Бэйруцкія апавяданьні» выставілі ў інтэрнэт за тры тыдні да таго, як з’явіліся папяровыя асобнікі, але на прэзентацыю ў Вільні прыйшло вельмі шмат людзей, менавіта каб набыць папяровыя кнігі.

— Наколькі складана вам, прафесійнаму бібліятэкару, пачынаць працаваць у выдавецкай справе?

— Насамрэч выдавецтвам я займаўся яшчэ з падлеткавага ўзросту. У школе я рабіў рукапісны часопіс і распаўсюджваў у класе (усміхаецца). Гэта былі часы перабудовы. Я хадзіў на мітынгі, пікеты, сустрэчы з дэпутатамі, чытаў нефармальныя выданні. Тады было шмат нефармальных, «самвыдатаўскіх» газет і часопісаў. Мне ў той момант таксама хацелася неяк дзейнічаць, штосьці рабіць. Але што я, падлетак, мог рабіць? У звычайны школьны сшытак я з тых нефармальных газет нешта выразаў ці перапісваў. Такі сшытак раз на тыдзень я пускаў па класе. Там былі рубрыкі «палітыка», «культура», «рэлігія» — бо ў той час я зацікавіўся рэлігіяй.

Потым я дапамагаў рабіць часопіс «Унія». Для тых часоў, пачатку дзевяностых, гэта быў вельмі прыгожы і інтэлектуальны часопіс.

Часопіс «Унія». Крыніца: carkva-gazeta.by

Часопіс «Унія». Крыніца: carkva-gazeta.by

Калі ўжо я прыехаў вучыцца ў Лондан, то дапамагаў рабіць студэнцкую газету «Наша місія».

То-бок, выдавецкай справай я займаюся ўжо доўгі час, і ў выніку я зразумеў, што трэба рабіць выдавецтва.

— Дарэчы, як вы патрапілі ў Лондан?

— У той жа перыяд, калі я выдаваў свой школьны часопіс, мяне аднойчы запрасілі на богаслужэнне ў грэка-каталіцкую царкву. Там была такая моладзевая «тусоўка», у якой прынамсі было проста прыемна і цікава.

Я заўсёды кажу, што вера існуе амаль на біялагічным узроўні, і я належу да тых, хто больш схільны да рэлігійнай веры. У грэка-каталіцкай царкве я захацеў стаць святаром.

Але да таго, як паступіць у семінарыю, я скончыў гістарычны факультэт у Беларусі і страціў цікавасць да гісторыі. З беларускай адукацыяй была такая рэч, што нас проста напампоўвалі інфармацыяй замест таго, каб вучыць самастойна думаць, нешта абіраць і знаходзіць сябе ў гэтай гісторыі.

У той час, калі я скончыў гістарычны факультэт, айцец Аляксандр Надсан, які быў кіраўніком беларускай каталіцкай місіі ў Лондане, вырашыў, што варта прывесці вучыцца маладых людзей з Беларусі ў Брытанію. Гэта было цалкам натуральна, бо ў Беларусі ніколі не было і няма грэка-каталіцкіх адукацыйных устаноў, і ўсе семінарысты вучацца недзе за мяжой.

Айцец Аляксандр Надсан. Крыніца: carkva-gazeta.by

Айцец Аляксандр Надсан. Крыніца: carkva-gazeta.by

Так я патрапіў вучыцца ў Лондан. Наш інстытут быў арганізаваны місіянерскімі супольнасцямі. Усе студэнты, якія паступалі ад іх, меліся стаць святарамі і манахамі. Мая праграма называлася «Каталіцкае багаслоўе для служэння», то-бок гэта не выключна тэарэтычная тэалогія, а практычны курс, выпускнікі якога маглі сваю веру актыўна рэалізаваць у свеце.

Я мусіў вярнуцца ў Беларусь як святар. Для гэтага, пасля сканчэння праграмы ў Лондане, трэба было яшчэ дапоўніць сваю адукацыю адным годам навучання ў Рыме. Я ўжо нават меў квіток, але за тыдзень перад ад’ездам у выніку розных роздумаў і размоў я вырашыў, што не варта гэтага рабіць. Паколькі я гей, я шмат думаў аб тым, як мне быць святаром, пры гэтым і сваё жыццё не паламаць, і, скажам так, царкву не асароміць. У выніку вырашыў, што калі я хачу пражыць сваё жыццё шчыра, то станавіцца святаром мне не варта.

Прыйшлося шукаць, чым яшчэ я магу займацца ў жыцці. Тут мне дапамог досвед сутыкнення з беларускай бібліятэкай імя Францішка Скарыны ў Лондане. Я падумаў, што быць бібліятэкарам — гэта вельмі цікава, вельмі інтэлектуальна. Да таго ж пасля заканчэння маёй святарскай адукацыі я вельмі няўпэўнена сябе адчуваў. Думаў, што калі я буду бібліятэкарам, то змагу недзе схавацца паміж паліцамі, у самоце працаваць з кнігамі і камп’ютарам. Але калі пачаў працаваць, хутка зразумеў, што бібліятэкар большасць свайго часу праводзіць менавіта з людзьмі, і прафесійнае станаўленне таксама для мяне было пэўным тэрапеўтычным працэсам. Я стаў больш упэўнены, больш камунікабельны, пачаў давяраць людзям.

— Як увогуле працуе Скарынаўская бібліятэка?

Біскуп Чэслаў Сіповіч у Скарынаўскай бібліятэцы. Крыніца: wikipedia.org

Біскуп Чэслаў Сіповіч у Скарынаўскай бібліятэцы. Крыніца: wikipedia.org

— Скарынаўская бібліятэка ад пачатку была створаная, каб заахвочваць інтарэс да Беларусі. Тады, у 1960-я — 1970-я гады было зразумела, што патрэбная нейкая бібліятэка, каб адказаць на запыт даследчыкаў Беларусі з усяго свету. Раптам у навуковым свеце з’явілася разуменне, што ёсць такая недаследаваная прастора. Тое, што раней асацыявалася толькі з Расіяй, апынулася зусім ніякай не Расіяй: і свядомасць іншая, і людзі гавораць па-іншаму. Таму з’явілася нейкае акадэмічнае запатрабаванне на вывучэнне Беларусі. Самі беларусы-мігранты ў той перыяд пачалі працаваць у замежных інстытутах.

Хаця ў той перыяд пачалі фінансавацца даследаванні Савецкага Саюза, навукоўцы не маглі проста паехаць у БССР. Калі б і змаглі, то наўрад знайшлі самыя простыя, падаецца, кніжкі, бо шмат чаго было схавана ў спецхранах.

Скарынаўская бібліятэка ад пачатку арыентавалася менавіта на даследчыкаў. Але ў апошнія гады яна пачала разварочвацца менавіта да супольнасцей, ператварылася ў пляцоўку, дзе сябе могуць рэалізоўваць самыя розныя людзі. Хаця навуковы кампанент па-ранейшаму прысутнічае. Тут існуе цэлая праграма для іх, яны могуць прыехаць, спыніцца ў пакоі, працаваць з бібліятэчнымі матэрыяламі, ці са сваімі ўласнымі. Бібліятэка — гэта рэсурсная база для навукоўцаў, каб стварыць нейкую манументальную працу.

Стала зразумела, што ўсё, што пакаленне, якое было да нас, якое сабрала ўсе гэтыя скарбы, жывіць цяпер нашае ўяўленне і разуменне, хто мы такія — беларусы. Што гэта значыць — мы беларусы. Як наша нацыянальная ідэнтычнасць праяўлялася раней і можа праяўляцца ў будучыні.

— Наконт беларускай супольнасці: скажыце, калі ласка, як у Брытаніі ўвогуле ўзнікла актыўная беларуская дыяспара?

— Глядзіце, актыўная беларуская дыяспара ў Брытаніі — гэта, фактычна, два пакаленні. Гэта тыя, хто вырас у БССР, і больш маладыя людзі, якія або прыехалі пасля 2020 года, або «прачнуліся» ў 2020 годзе.

Што датычыцца беларускай інфраструктуры, усё было створана паваеннай хваляй эміграцыі. У выніку Другой сусветная вайны некалькі тысячаў беларусаў асела ў Брытаніі. Большасць з іх патрапіла сюды з лагераў бежанцаў.

Беларускі часопiс «На Шляху», 1951 г. Крыніца: zbvb.org.uk

Беларускі часопiс «На Шляху», 1951 г. Крыніца: zbvb.org.uk

Яны стварылі спачатку Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі, потым каталіцкую місію. Яшчэ праз некаторы час з’явілася беларуская бібліятэка.

Калі я прыехаў, паваеннае пакаленне было яшчэ актыўнае, але ўжо адыходзіла. Гэта быў даволі складаны перыяд пераходу ад таго пакаленне да майго «пакалення перабудовы». Многія думалі, што мы не сапраўдныя, не моцныя беларусы, бо мы з Савецкага Саюза. Але мы паціху даказвалі, што мы «моцныя беларусы», ды ў іх і сілаў не заставалася змагацца з намі. Што цікава, усе тыя арганізацыі, якія я заспеў, калі прыехаў сюды 20 год таму, працуюць і зараз. То-бок, маё пакаленне, хаця нас было літаральна па пальцах дзвюх рук пералічыць, выцягнула ўсе гэтыя арганізацыі.

Аднак да 2020 года мы ў Брытаніі нават не называлі сябе дыяспарай: здавалася, нас так мала. Менавіта здавалася. У мяне было некалькі размоў, калі людзі распавядалі, што жывуць у Лондане ўжо шмат гадоў, але да 2020 года ім ніколі не было цікава мець якія-кольвек зносіны з дыяспарай. У 2020 жа годзе ім стала гэта важна: людзі гадзінамі стаялі ў чарзе 8 жніўня, каб прагаласаваць. Потым прыходзілі на пікеты пад амбасаду. Цяпер ходзяць на ўсякія беларускія падзеі і на акцыі салідарнасці з Украінай.

— Як супольнасць адрэагавала на пачатак вайны ва Украіне?

— Гэта былі і жах, і страх, і боль, і няёмкасць, бо беларусы адчувалі сваю адказнасць. Увага дыяспары абсалютна звярнулася да Украіны. Калі вы паглядзіце здымкі з украінскіх мітынгаў у Лондане, там практычна заўсёды ёсць беларускія сцягі. Беларусы літаральна ўвесь час ходзяць на акцыі салідарнасці і збіраюць грошы на дапамогу.

Мітынг «London stands with Ukraine» 26 сакавіка. Крыніца: theguardian.com

Мітынг «London stands with Ukraine» 26 сакавіка. Крыніца: theguardian.com

Праз некалькі тыдняў пасля пачатку вайны мы стварылі ініцыятыву «Беларусы Вялікай Брытаніі для Украіны». Мы стварылі сайт, дзе пісалі пра ўсе нашыя ініцыятывы.

Дарэчы, гэтая салідарнасць з Украінай моцна з’яднала нас саміх. Арганізацыі пачалі рабіць рэчы, якія, можа, раней бы і не зрабілі. І гэта настолькі ўсё натуральна, гэтая салідарнасць з Украінай. Украіна для нас, канечне, — страшны боль.

Рэакцыя ж на беларусаў ва ўкраінскім грамадстве вельмі неадназначная. Мне падаецца, праз тое, што ўкраінцы параўнальна мала ведаюць пра Беларусь. Таму для нас не было пытаннем, што пераклад кнігі Агатангела Крымскага трэба выдаваць першым, каб паказаць гэтыя культурныя сувязі паміж Украінай і Беларуссю. Але не з пачуцця віны, а таму што гэта проста класная кніжка (усміхаецца).

— Ці будзе выдавецтва ў далейшым спецыялізавацца на перакладах, ці вы разглядаеце іншыя кірункі для сябе?

— Выдавецтва не профільнае. Запатрабаванняў зараз так шмат, што мы цяпер рыхтуем і кнігі паэзіі, і нам прапануюць кнігу кароткіх апавяданняў. Хутка мае выйсці навуковы зборнік да 50-годдзя Скарынаўскай бібліятэкі. Рыхтуецца «Описание статей Минских епархиальных ведомостей» — крыніца каштоўнай інфармацыі па генеалогіі і краязнаўстве. Гэта для невялікага кола, але гэтая праца зробіць значны ўнёсак, каб навукоўцы зрабілі потым свае даследаванні.

Вокладка кнігі «Тематическая и хронологическая роспись статей «Минских епархиальных ведомостей»». Крыніца: skarynapress.com

Вокладка кнігі «Тематическая и хронологическая роспись статей «Минских епархиальных ведомостей»». Крыніца: skarynapress.com

Увогуле для нас галоўнае — паказаць, як можна рабіць кнігі ў дыяспары. Мы фактычна ствараем мадэль выдавецтва, якой раней не было.

— Цяпер часта гавораць пра разрыў паміж людзьмі ўнутры Беларусі і дыяспарай. Тым часам дзейнасць вашага выдавецтва накіраваная ў першую чаргу на дыяспару. Ці лічыце вы праблемай такі культурны разрыў?

— Я лічу, культурны разрыў існуе, але гэтага не варта баяцца.

Я, напрыклад, лічу, што мая галоўная ідэнтычнасць — беларуская, бо я не магу спыніцца пра яе гаварыць, з кім бы ні размаўляў. Але, калі я прыязджаю ў Беларусь, — я замежнік. Сапраўды, калі ты не дыхаеш беларускім тэлебачаннем, не купляеш глазураваныя сыркі — ты мяняешся, гэта абсалютна натуральна. Аднак гэта ўсё толькі пашырае наш беларускі свет.

Вельмі важна, каб мы разумелі, што беларускі свет не заканчваецца дзяржаўнымі межамі Рэспублікі Беларусь. Рэспубліка Беларусь не спрадукавала ўсёй беларускай спадчыны.

Напрыклад, у сярэдзіне XIX стагоддзя Аляксандр Рыпінскі з Віцебшчыны стварыў у Лондане выдавецтва і друкарню займеў. Пачаў выдаваць там беларускі фальклор — запісы, якія сам рабіў. У той час беларусазнаўства не было, на беларускай мове ніхто не пісаў, але ён апублікаваў фальклор з тых мясцінаў, з якіх сам паходзіў. Ён вынайшаў «у кароткае», ён першы, хто лацінкай напісаў «у кароткае», якое потым пераняў Багушэвіч. Рыпінскі ж вынайшаў фанетычны прынцып беларускага пісьменства. То-бок, тое, што назаўжды застанецца ў беларускай мове і літаратуры, было створана ў Брытаніі.

Вокладка кнігі «Нячысцік», выдадзенай Аляксандрам Рыпінскім у 1853 годзе. Крыніца: polona.pl

Вокладка кнігі «Нячысцік», выдадзенай Аляксандрам Рыпінскім у 1853 годзе. Крыніца: polona.pl

Рэспубліка Беларусь не мае манаполіі на ўсё беларускае. То-бок, гэты беларускі свет нараджаўся ў тым ліку і ў Лондане, і працягвае нараджацца.

Што ж рабіць з тым, што мы такія адрозныя? Нам бракуе культурных фестываляў, дзе маглі б сабрацца беларусы з усяго свету. Напрыклад, кніжнага кірмашу ў Варшаве, ці нечага такога. Беларусам з усяго свету варта размаўляць і абменьвацца досведам.

P. S. Падчас размовы Ігару Іванову прыйшло паведамленне: нехта замовіў папяровы асобнік кнігі «Бейруцкія апавяданні». Замова прыйшла са Швецыі.

Клас
13
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1