Калі вы даўно не былі ў Galileo, будзеце прыемна здзіўленыя: ГЦ, як і абяцалі, сапраўды змяніўся. Цяпер ён выглядае больш сучасным і прасторным, а на чацвёртым паверсе адкрыўся стыльны фудмол «Канкорс». Гэтае слова пазначае месца, дзе сыходзяцца некалькі дарог.

Фудмол займае плошчу ў 3,5 тысячы квадратных метраў — па памерах гэта як вялікі супермаркет. Тут каля 500 месцаў. Стваральнікі кажуць, што ў Беларусі такі фармат тэстуецца ўпершыню.

Узнікае пытанне: а чым адрозніваецца фудмол ад звыклага фудкорта? Лічыцца, што фудмол — гэта больш самастойная пляцоўка, куды прыходзяць мэтанакіравана, а на фудкорт хутчэй заходзяць перакусіць пасля шопінгу. Тут ёсць зона з амерыканскім і рускім більярдам, сцэна з вялікім экранам. Арганізатары абяцаюць, што тут будуць праходзіць канцэрты, музычныя і спартыўныя вечары.

Яшчэ адно адрозненне ад фудкорта — усе зоны аформлены ў адным стылі: няма стракатых шыльдаў, якія выбіваюцца з агульнай канцэпцыі.

— Характэрнай асаблівасцю афармлення прасторы з'яўляецца індустрыяльны дызайн: грубае аздабленне падлогі і столі, неапрацаваныя паверхні і натуральныя матэрыялы, графіці і нестандартныя арт-аб'екты, — кажуць арганізатары.

На фудмоле больш за 30 корнераў — гэта ўстановы з кухняй розных народаў, прадукты ад фермераў, свежыя садавіна і гародніна і пара нехарчовых пунктаў — парфумерыя і касметыка Zielinski & Rozen, падарункі.

Хто прадстаўлены на фудмоле?

Ёсць установы, якія ўжо вядомыя беларусам. Pad Thai, Poke Bowl, Kokos, Хінкальня Spot, Balkon, Coffe Dolce, Formosa bubble tea і іншыя. Шмат і тых, хто пачынае бізнэс у Беларусі. Сярод пачаткоўцаў Meatare Chuck, Hopper Pizza, Шысу, La Pasteria, Елі Емелі і не толькі. Цікавая асаблівасць «Канкорса» ў тым, што наведвальнікі могуць назіраць, як гатуецца ежа.

— Сёння як ніколі назіраецца рост цікавасці да сферы паўсядзённага харчавання. Тэма ежы пранікае амаль ва ўсе галіны масавай культуры. Мы хацелі стварыць ўтульнае гасціннае месца, дзе можна з густам правесці час, дэгуставаць новыя стравы, паспрабаваць незвычайную ежу, пашыраючы свой гастранамічны кругагляд. І мы гэта зрабілі, — дзеліцца Андрэй Алешкін, партнёр і выканаўчы дырэктар кіруючай кампаніі NAI Belarus, якая займаецца развіццём Galileo.

Што па цэнах?

«Дарагія ў нас толькі госці», — напісана на Корнер Хінкальні Spot. Порцыя хінкалі з 4 штук каштуе тут 9,9 рубля. Хачапуры па-мегрэльску абыдзецца ў 12-17 рублёў у залежнасці ад памеру, хачапуры па-аджарску — 13-19,5. Суп харчо — 10 рублёў.

У «Чабурэкмі» чабурэкі каштуюць ад 4,5 да 15 рублёў. Начынне незвычайнае: самае дарагое, напрыклад, — з аленінай і ядлоўцам.

У Ratov можна купіць сэт з 6 слімакоў у ракавінах за 17 рублёў, а з 12 — за 32. Ёсць «Свет хлеба» ад рамеснікаў, дзе можна купіць не толькі хлеб, але і самаробныя дэсерты — напалеон, мядовік, птушынае малако — каля 10 рублёў за 100 грам.

Клас
15
Панылы сорам
30
Ха-ха
1
Ого
8
Сумна
1
Абуральна
14