Пра гэта «Медузе» распавялі дзве крыніцы, блізкія да Крамля, а таксама пацвердзілі тры супрацоўнікі расійскіх ВНУ, знаёмыя з такімі планамі.

«Маладыя людзі павінны разумець ідэалогію: куды ідзе Расія і навошта», — растлумачыў «Медузе» сэнс новаўвядзення адзін з суразмоўцаў, блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта (АП) РФ.

У школах такія «ідэалагічныя заняткі» ўжо ёсць. Яны называюцца «размовы пра важнае», на іх настаўнікі распавядаюць школьнікам аб вымушаным характары «спецыяльнай ваеннай аперацыі» (так расійскія ўлады называюць вайну) і ўкраінскіх «нацыяналістах».

Паводле інфармацыі суразмоўцаў, курыруе распрацоўку новага прадмета ўнутрыпалітычны блок Крамля на чале з першым намеснікам кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Сяргеем Кірыенкам. Прычым займаецца гэтым не ўпраўленне грамадскіх праектаў АП, якое традыцыйна ўзаемадзейнічае з ВНУ, а ўпраўленне па забеспячэнні спраў Дзяржрады — звычайна гэта падраздзяленне займаецца выбарнымі кампаніямі. Узначальвае яго блізкі паплечнік Кірыенкі Аляксандр Харычаў.

Таксама, па словах крыніц, сярод галоўных куратараў праекта Андрэй Палосін, дырэктар дэпартамента па ўзаемадзеянні з рэгіёнамі «Расатама» (раней Кірыенка працаваў у гэтай дзяржкарпарацыі).

Як сцвярджаюць крыніцы, распрацоўваць сам курс будзе таварыства «Веды», назіральную раду якога ўзначальвае Сяргей Кірыенка, пры ўдзеле міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі.

Мяркуецца, што новы прадмет з'явіцца ў ВНУ ўжо ў наступным навучальным годзе. Па плане Крамля, студэнты негуманітарных спецыяльнасцяў будуць вывучаць яго адзін год, гуманітарыі — некалькі гадоў, а гісторыкі і палітолагі — на працягу ўсяго часу навучання.

Паводле інфармацыі крыніц «Медузы», «ідэалагічны курс» будзе разбіты на чатыры блокі. За распрацоўкай канкрэтных педагагічных матэрыялаў для кожнага з іх будуць сачыць асобныя куратары:

— асноўны «гістарычны» блок. Пакуль мяркуецца, што яго будзе курыраваць былы міністр культуры і памочнік прэзідэнта Уладзімір Мядзінскі;

— блок «культурны код». Яго куратарам можа стаць кіраўнік Эрмітажа Міхаіл Піятроўскі;

— блок «Расія ў свеце». Меркаваны куратар — палітолаг Сяргей Караганаў;

— блок «Вобраз будучыні». Магчымы куратар — кіраўнік «Курчатаўскага інстытута» Міхаіл Кавальчук.

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0