«Мне падказвалі, як быць у бяспецы, раілі не насіць з сабой пашпарт»

35-гадовы Іван прыехаў з Масквы ў Мінск праз некалькі дзён пасля аб’яўлення мабілізацыі ў Расіі. Да гэтага мужчына тройчы бываў у беларускай сталіцы і ўжо больш-менш ведаў горад, загадзя забраніраваў кватэру.

«Я шукаў жыллё праз мясцовыя сайты і мабільныя праграмы. У першыя дні пасля пачатку мабілізацыі кватэр была гара — цэннік, як і звычайна, быў надта танным для Масквы. Але ж у дзень майго прыезду ўсё падскочыла на адсоткаў 50-60 — і так трымалася працяглы час», — распавядае Іван.

У першы дзень у Мінску расіянін высочваў, ці няма дзе міліцыі. 

«А на другі дзень раптам з’явілася адчуванне абсалютнай абароненасці. Я слухаў расповеды мінскіх сяброў пра штодзённыя жахі, але гэта быццам паралельная гісторыя. То-бок у мяне з’явіўся абсалютны спакой абсалютна паўсюль і ў любы час сутак — быў нібы ў адпачынку!»

Таксама Іван адзначае добрае стаўленне да яго з боку беларусаў — як ягоных знаёмых, так і гаспадароў кватэр — апошніх расіянін змяніў тры.

«Мне падказвалі, як быць у бяспецы, распавядалі жудасныя гісторыі, скардзіліся, спачувалі і давалі парады. Напрыклад, адна жанчына расказала, што з заплечнікам лепей не хадзіць у метро, бо могуць праверыць, а таксама лепей не насіць з сабою пашпарт. Карацей, раілі, як застацца ў цені», — гаворыць мужчына.

Ён арэндаваў у Мінску кароткатэрміновае жыллё — і гэта выходзіла 120-140 беларускіх рублёў за двухпакаёўку за суткі. Расіянін выбіраў кватэры з нармальным месцазнаходжаннем і рамонтам.

«Пра дамову на арэнду ніхто не казаў — я быў здзіўлены, што гаспадары самі так хацелі, яны нават мой пашпарт не глядзелі. Дарэчы, звычайна гаспадары самі мянялі грошы, адна нават узяла аплату расійскімі рублямі — усе максімальна ішлі насустрач».

Таксама, кажа Іван, у мінскіх барах і рэстаранах да яго было «максімальна цёплае стаўленне».

«У двух барах мяне нават кармілі ўласнай ежай, калі даведваліся, што я хачу есці, а ў іх нічога не прадавалася, — усміхаецца расіянін. — Проста неверагодна цёплы прыём. Людзі, з якімі толькі пазнаёміліся, прапаноўвалі пажыць у іх».

Цяпер Іван вярнуўся ў Маскву.

«Гаспадары даведваліся, што мы з Расіі, і адмаўлялі ў арэндзе»

Ганна са сваім хлопцам і яшчэ з адной парай прыехала з Расіі ў Беларусь ноччу 29 верасня. Расіяне перасеклі мяжу прыкладна ў 2-3 гадзіны ночы і спыніліся ў гасцініцы ў самым блізкім населеным пункце. Тады нумар з санвузлом дастаўся ім за 75 рублей за суткі на дваіх.

«Мы перадыхнулі і паехалі ў Віцебск, доўга шукалі кватэру пасутачна, але ж не знайшлі прыдатную: у асноўным усё даўно было забраніравана або вельмі дорага — ад 200 рублёў за суткі».

Тады кампанія маладзёнаў вырашыла паехаць у Полацк, бо там знайшоўся хостэл з асобнымі пакоямі, унутраным дворыкам і кухняй. Хостэл вельмі спадабаўся расіянам, і яны правялі там трое сутак, а пасля паехалі ў Мінск.

«У сталіцу прыехалі позна вечарам, таму хацелі адразу знайсці які-небудзь гатэль, каб заночыць, але без поспеху. Абзванілі каля 15 розных гатэляў і хостэлаў, але ўсё было занята».

Маладым людзям пашанцавала, што падчас абзвону гатэляў ім трапіўся адзін мужчына, які здаваў і кватэры. Ён засяліў расіян у прыстойную двухпакаёўку ў цэнтры Мінска за 120 рублёў за суткі. Без дамовы, усё трымалася на «чэсным слове», высяляліся расіяне самастойна.

«Пакуль мы там жылі, паралельна шукалі кватэру на месяц-два, але ж не змаглі знайсці прыдатны варыянт: усё было дорага, таму мы паехалі назад у Віцебск. Цяпер у абласным цэнтры здымаем аднапакаёвую кватэру з сярэднім рамонтам у спальным раёне, цана — 300 рублёў за месяц з камуналкай», — распавядае Ганна.

Паводле слоў дзяўчыны, паўсюль, дзе б яна ні жыла, гаспадары былі вельмі гасціннымі, што ў гатэлях, што ў кватэрах.

«Праўда, часам пры абзвоне кватэр на месяц гаспадары даведваліся, што мы з Расіі, і адмаўлялі ў арэндзе».

«Міліцыі на вуліцах да расіян няма ніякай справы»

21 верасня беларускія сілавікі атрымалі вуснае распараджэнне ідэнтыфікаваць расіян, якія прыехалі схавацца ад мабілізацыі. У розных чатах хадзілі чуткі, што іх могуць выдаць у тым ліку гаспадары кватэры. Гэтым пужалі і Івана.

«Але ж я чалавек з глыбокім фінансавым разуменнем, я проста смяяўся ў адказ. Цудоўна разумею, што для Лукашэнкі гэты наплыў выгадны, што я і ўбачыў у Мінску», — адзначае суразмоўца.

У чатах расіян і беларусаў многія пішуць, што міліцыі на вуліцах да расіян «няма ніякай справы». Адзінае, што хостэлы і гатэлі заўсёды перадавалі ў міліцыю даныя пра наведвальнікаў — ці мала што можа здарыцца. 

«Магчыма, такая ж сітуацыя і з «пасутачнікамі», — разважаюць у чатах.

Але ж, як вынікае з гісторый нашых расійскіх суразмоўцаў, не ўсе уладальнікі кватэр глядзяць дакументы і заключаюць дамовы.

Што кажуць рыэлтары?

Агенцтва па нерухомасці «Твая сталіца» ў пачатку кастрычніка ў сваім тэлеграм-канале пісала, што агулам цана на арэнду жылля не вырасла. Падаражанне закранула толькі рынак кароткатэрміновай арэнды.

Але ж рыэлтары адзначаюць нямала фактаў, калі ўласнікі, якія прывыклі здаваць свае кватэры надоўга, сапраўды называлі цану, вышэйшую за звычайную.

«Гэта тычылася зваротаў грамадзян РФ і іх запытаў зняць жыллё на кароткі тэрмін — ад двух тыдняў да двух месяцаў», — пісала агенцтва.

Бюджэтнае жыллё (напрыклад, аднапакаёўка ў раёне 180-200 даляраў) ніяк не змянілася ў цэнах.

У адным з буйных сталічных агенцтваў, з якім пагутарыла журналіст «Нашай Нівы», адзначылі: гаспадары не адмаўлялі расіянам з прычыны грамадзянства.

Таксама адзін з рыэлтараў Мінска, які займаецца продажам нерухомасці, адзначыў: у гэтым накірунку з прыездам расіян нічога не змянілася — куплю жылля такія «турысты» ў асноўным не разглядаюць.

Чытайце таксама:

«За 70 даляраў у суткі вы цяпер нічога не знойдзеце». За колькі магчыма зняць кватэру на тыдзень у цэнтры Мінска?

Клас
9
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
16