Сяргей Глебка. Фота з сацсетак

Сяргей Глебка. Фота з сацсетак

Глебку затрымалі ў ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах разам з жонкай за тое, што падпаліў бярвенне, каб перашкодзіць руху цягнікоў з тэхнікай і боепрыпасамі расійскіх войскаў. Пазней жонку адпусцілі.

Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», 19 кастрычніка Мінскі раённы суд пакараў Сяргея Глебку 11 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у 9600 рублёў. Суддзя Антон Колабаў прызнаў яго вінаватым у «акце тэрарызму» і «наўмысным пашкоджанні чыгуначных шляхоў».

Хто такі Сяргей Глебка і чаму стаў «рэйкавым партызанам»

Сяргею Глебку 44 гады. У яго трое непаўналетніх дзяцей — дзяўчаткі. Меншая ходзіць у садок, а большая ў 10 клас. Да зняволення шмат год ён рабіў кіроўцам-дальнабойнікам. Падоўгу быў у рэйсах. Хобі? Любіў хадзіць на рыбу.

«Пра яго ніхто кепскага слова не скажа. Ён спагадлівы чалавек. Як трэба было нечым дапамагчы, то адгукаўся», — кажа пра Сяргея жыхар Стоўбцаў.

Паводле землякоў, Сяргей стаў актывістам пасля выбараў 2020 года. Удзельнічаў у мясцовых акцыях пратэсту. Некалькі разоў яго затрымлівалі, а ў доме праводзіўся вобшук.

«Сяргея я б ахарактарызаваў як чалавека, які не ўспрымае гвалт — усё тое, што адбывалася ў 2020 годзе. Ён эмацыйна далучыўся да пратэсту. Ён не мог стрываць», — апавядае пра Сяргея адзін з яго землякоў.

«Тады шмат жыхароў Стоўбцаў выходзілі на пратэсты, — працягвае яшчэ адзін суразмоўца. — Яны аб’ядналі людзей. Утварылася суполка. Сяргей быў сярод актывістаў. Многія раз'ехаліся па здушэнні пратэстаў. Ён застаўся».

«Калі пачалася вайна, то ён хацеў зрабіць нешта для абароны Украіны», — працягвае ён. Суразмоўца мяркуе, што Сяргей доўга выношваў ідэю, як дапамагчы суседняй краіне, таму яго ўчынак быў «свядомым».

«Бывае, мы выношваем ідэю, а тут эмоцыя надышла і мы задуму рэалізуем. Так адбылося і з Сяргеем. Сам ён жыў ля чыгункі і ў пэўны момант пайшоў на яе і зрабіў тое, што зрабіў», — мяркуе пра ўчынак земляка жыхар Стоўбцаў.

Сяргей Глебка. Фота з сацсетак

Сяргей Глебка. Фота з сацсетак

Яшчэ адзін зямляк Глебкі адзначае, што за некалькі дзён да яго ўчынку гутарыў з ім і той быў «эмацыйна напружаным».

«Сяргей не думаў пра ўласную бяспеку. Ён здымаў, што робіць, на відэа, — выказваецца суразмоўца. — Сяргей не мог сцярпець, што вайна ідзе ва Украіне, і зрабіў тое, што зрабіў, бо не мог іначай паўплываць на сітуацыю».

Праваабаронцы адзначаюць, што Сяргей Глебка прызнаў тое, што паклаў на чыгуначным палатне бярвенне і падпаліў яго. Абвінавачванне настойвала, што дзеянні Глебкі «стварылі рэальную пагрозу надыходу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджанні рухомага складу, гібелі альбо траўмавання людзей».

Пазіцыя абвінавачвання і праваабаронцаў

7 ліпеня 2022 году КДБ унёс Сяргея Глебку ў спіс «тэрарыстаў» — у гэтым спісе пераважаюць проста палітычныя праціўнікі дыктатарскага рэжыму. Напрыклад, туды ўключылі Святлану Ціханоўскую і Антона Матольку.

15 ліпеня справу супраць Глебкі пракуратура адправіла ў суд, а ў жніўні пачаўся яе разгляд. Працэс быў адкрыты.

21 красавіка праваабарончая супольнасць прызнала Сяргея Глебку палітзняволеным.

«Беларускія грамадзяне, пазбаўленыя магчымасці ўплываць на рашэнні ўладаў звычайнымі сродкамі, вымушаныя шукаць дзейсныя спосабы ўплыву, у тым ліку меры крайняй неабходнасці (п.3.3.а Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень»). Прававая ацэнка гэтых дзеянняў павінна быць абʼектыўнай, прапарцыйнай, якая выключае ўсякія здагадкі і расплывістыя фармулёўкі, якая ўлічвае як наступствы, так і прадухіленую шкоду», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Паводле іх, на момант прыняцця заявы было вядома аб затрыманні з пачатку вайны ва Украіне мінімум 8 «рэйкавых партызанаў». Усяго з пачатку вайны ў краіне адбыліся дзясяткі акцый дробнага сабатажу, якія мелі на мэце запаволіць рух цягнікоў з расійскай вайсковай тэхнікай у бок Украіны.

Чытайце таксама:

Прызнаныя палітвязнямі яшчэ 5 чалавек, у тым ліку «рэйкавыя партызаны»

Арастовіч: Я не думаю, што беларусы менш адважныя, чым украінцы. Я думаю, беларусы знаходзяцца ў больш складаных умовах

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
9
Абуральна
9