Пуцін падчас прамовы на 9 мая 2014 года ў Севастопалі, адразу пасля анексіі Крыму. Фота: Associated Press

Пуцін падчас прамовы на 9 мая 2014 года ў Севастопалі, адразу пасля анексіі Крыму. Фота: Associated Press

НАТА праводзіць чарговыя і даўно запланаваныя вучэнні па нанясенні ядзернага ўдару пад назвай «Устойлівы поўдзень» («Steadfast noon»). Цягам вучэнняў адпрацоўваецца разгортванне знішчальнікаў, здольных несці ядзерную зброю. А Расія, як чакаецца, правядзе свае ядзерныя вучэнні ў гэтым месяцы, як яна звычайна гэта робіць у адказ на вучэнні НАТА. Хоць гэтыя рэпетыцыі не звязаныя з рэальнымі бамбардзіроўкамі, яны праходзяць у небяспечны момант, улічваючы нядаўнюю заяву Пуціна пра тое, што Крэмль можа ўжыць ядзерную зброю ў вайне супраць Украіны.

Афіцыйныя асобы ЗША і Вялікабрытаніі падкрэслілі, што яны не бачаць прыкметаў таго, што Расія актыўна рыхтуецца да нанясення ядзернага ўдару. А сігналы, на якія міжнародная супольнасць можа абапірацца пры маніторынгу расійскай праграмы ядзернай зброі, хоць і не беспамылковыя, але досыць надзейныя. Гэта значыць, што свет, хутчэй за ўсё, даведаецца пра непазбежнасць ядзернага нападу.

«Мы вельмі сур'ёзна ставімся да любой ядзернай зброі або бразгання ядзернай зброяй», — заявіла журналістам прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер ў пачатку гэтага месяца. Але, дадала яна, «мы не бачым прычынаў для карэкціроўкі нашага стратэгічнага ядзернага патэнцыялу, і ў нас няма ніякіх прыкметаў таго, што Расія рыхтуецца неўзабававе ўжыць ядзерную зброю».

Дырэктар брытанскага разведвальнага агенцтва GCHQ Джэрэмі Флемінг сказаў на мінулым тыдні: «я спадзяюся, што мы ўбачым прыкметы таго, што яны пайшлі па гэтым шляху». Ён дадаў, што існуе «добры шанец» выявіць падрыхтоўку Расіі да ядзернага ўдару.

«У Расіі стары і ўстойлівы арсенал, як і ў ЗША, — кажа Эрык Гомес, які займаецца пытаннямі кантролю над узбраеннямі і ядзернай стабільнасці. — Расія вельмі цесна звязаная міжнароднымі і двухбаковымі дамовамі па кантролі над узбраеннямі, якія забяспечваюць вялікую празрыстасць. Гэта не «адкрытая кніга» — такога няма ні ў якой краіне. Ва ўсіх ёсць пэўныя сакрэты, якія яны захоўваюць. Але калі вы можаце трымаць спадарожнікавыя або авіяцыйныя датчыкі на ключавых кропках, то здолееце ўлавіць, як нешта рухаецца або рассейваецца».

Як і ў ЗША і іншых сусветных ядзерных дзяржавах, расійскія міжкантынентальныя балістычныя ракеты і балістычныя ракеты на падводных лодках заўсёды разгорнутыя і знаходзяцца ў стане гатоўнасці. Гэты від зброі вядомы як «стратэгічная» ядзерная зброя, а гэтыя бомбы прызначаныя для знішчэння цэлых гарадоў або буйных прамысловых аб'ектаў — імаверна, тое, пра што вы думаеце, калі ўяўляеце сабе ядзерную бамбардзіроўку. «Тактычная» ядзерная зброя, выкарыстанне якой больш імавернае ў выпадку расійскага ўдару па Украіне, меншая і прызначаная для больш стрыманых нападаў менавіта ў зонах баявых дзеянняў. Гэтыя бомбы таксама вядомыя як «баявая» або «нестратэгічная» ядзерная зброя і яна яшчэ ніколі не ўжываліся ў баі.

Расійскія ядзерныя бомбы захоўваюцца на вайсковых аб'ектах, і для іх выкарыстання неабходна транспартаваць і загружаць у самалёты або пускавыя ўстаноўкі. Павел Подвіг, кіраўнік даследчай арганізацыі «Расійскія стратэгічныя ядзерныя сілы», адзначае, што сусветнай супольнасці вядома размяшчэнне прыкладна дванаццаці сховішчаў ядзернай зброі вакол Расіі, дзе, хутчэй за ўсё, будзе адбывацца гэтая актыўнасць. Ён дадае, што ЗША добра ведаюць большасць з гэтых аб'ектаў, бо яны працавалі з Расіяй над павышэннем фізічнай бяспекі сховішчаў з 2003 па 2012 год у межах ініцыятывы «Сумеснае памяншэнне пагрозы».

«Працэдура разгортвання гэтай зброі будзе ўключаць шэраг крокаў, — кажа Подвіг, які таксама з'яўляецца старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута ААН па даследаванні праблемаў раззбраення. — Гэтую зброю дастаюць з бункераў, грузяць на грузавікі і вязуць на аэрадром паблізу да сістэмаў, якія могуць ёй стрэліць, і праводзяць працэдуры праверкі. Мяркуючы па ўсім, можна будзе пабачыць перамяшчэнне пускавых установак, ракет і самалётаў. Гэта была б даволі прыкметная аперацыя, і, шчыра кажучы, я думаю, што Расія хацела б, каб яна была прыкметнай».

Дзяржавы сочаць за праграмамі ядзернай зброі адзін аднаго з дапамогай паветранага і спадарожнікавага назірання, а таксама іншых сродкаў разведкі. Аналіз — гэта троху мастацтва і троху навукі, што паказаў маніторынг ядзернай праграмы Паўночнай Карэі, улічваючы крайнюю ізаляцыю гэтай краіны.

І хоць Флемінг з GCHQ і іншыя даследчыкі папярэджваюць, што ідэальна дакладнай інфармацыі не бывае, веды свету пра ядзерную праграму Расіі і даўнія разведвальныя аперацыі ўнутры краіны, хутчэй за ўсё, дазволяць міжнародным назіральнікам заўважыць любыя расійскія ядзерныя падрыхтоўкі.

«У Паўночнай Карэі ў асноўным мы бачылі тэхналагічныя выпрабаванні, калі яны паказвалі шмат у публічнай прасторы, каб паслаць пэўныя сігналы на міжнародным і ўнутраным узроўнях, — кажа Гомес. — З расіянамі сітуацыя іншая. Напярэдадні ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым адміністрацыя Байдэна распаўсюджвала шмат разведвальнай інфармацыі, кажучы: «мы бачым нарошчванне войскаў тут, а гэтыя падраздзяленні перакідваюцца ў гэтыя месцы». І я думаю, што так будзе і ў выпадку, калі яны ўбачаць прыкметы расійскіх ядзерных падрыхтовак».

Подвіг таксама адзначае, што іншы варыянт размяшчэння ядзернай зброі ў Расіі можа ўключаць транспарціроўку зброі ў непралазныя лясы, а пасля падрыхтоўку да ўдару пад прыкрыццём дрэваў, каб мінімізаваць бачнасць з паветра. Такі падыход усё роўна будзе выяўлены на этапе транспарціроўкі і можа стаць гібрыднай атакай, калі дакладная прырода расійскага плана застаецца невядомай, але дзейнасць усё роўна пасылае сігнал пра эскалацыю канфлікту Украіне і ўсяму свету.

«Я не бачу прычын, па якіх Расія хацела б схаваць разгортванне. — кажа Подвіг. — Але нават калі б яна захацела, я думаю, яны не могуць быць пэўныя, што ў іх гэта атрымаецца.

Я думаю, што амерыканская разведка і ўсе астатнія разведкі свету сочаць за гэтымі аб'ектамі. Амерыканцы не могуць быць пэўныя ў тым, што яны ўбачаць гэтую падрыхтоўку, але ў Расіі няма ўпэўненасці ў тым, што яны не здолеюць убачыць».

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
0
Абуральна
5