У святара спыталі, што зараз адбываецца паміж Расіяй і Украінай, як з гэтым жыць і што рабіць?

«Вакол раздаюцца галашэнні: як жа хрысціяне могуць ваяваць з хрысціянамі? Але ўспомніце крыжовы паход на праваслаўную Візантыю. І зараз паглядзіце: што ва Украіне робяць з праваслаўнымі храмамі? У сябе ў краіне, якая дала сотні святых, дзясяткі цудатворных абразоў Багародзіцы, апаганьваюць храмы, святароў катуюць і забіваюць», — хлусліва сцвярджае Фёдар Поўны.

Насамрэч ва Украіне храмы разбураліся толькі ў выніку абстрэлаў на лініі фронту і ад расійскіх ракет, а святары гінулі толькі франтавыя. Гэтае сцвярджэнне мае на мэце распальванне варожасці да ўкраінцаў.

«І нам таксама трэба бараніць сваю веру і сваю зямлю. Калі мы верым у Бога, мы абавязаны быць за Божую праўду. А праўда ў тым, што нацызм — гэта д’ябальская ўхмылка. Праўда ў тым, што з намі Бог і Ён нам патрэбен. А на нас ідуць тыя, хто з Богам змагаецца. Як святар, скажу ўсім верным: трэба духоўна мабілізавацца і быць гатовымі да ўсяго. Трэба прымаць рэальнасць, а не падман. Не трэба чакаць, вобразна кажучы, пакуль вораг дойдзе да Масквы, патаптаўшы нас, каб зразумець, што трэба было бегчы да Бога пазаўчора.

І яшчэ. Так, у нас няма мабілізацыі. Намінальна мы — іншая дзяржава. Але гэта не значыць, што мы можам піць, есці, весяліцца, пакуль нашы браты (а мы ж так сябе пазіцыянуем у Саюзнай дзяржаве) ідуць абараняць не толькі сябе, але і нас. Брат прыкрывае нас шчытом, а ў яго самога ляцяць кулі.

Мы хоць крышачку ўдзячныя за гэта? Мы хаця б молімся аб загінулых? Ведаем іх імёны? Ці мы будзем потым казаць гучныя словы аб тым, што ніхто не забыты?

Цяпер за нас усіх мабілізаваны, засяроджаны і вельмі сур’ёзны наш прэзідэнт. Гэта не пафасныя словы. Дык ці надоўга хопіць яго сэрца хаваць нас за сваёй спінай? Мы ж не немаўляты» — мяркуе святар.

Насамрэч усе канфесіі Украіны, у тым ліку і Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхата, асудзілі напад Расіі і рэжыму Лукашэнкі — імперыялістычную вайну з мэтай расчлянення Украіны, у выніку якой загінулі дзясяткі тысяч людзей.

Клас
1
Панылы сорам
42
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
65