Расійскія самалёты ў небе над Мінскам. 17 кастрычніка. Скрын з відэа

Расійскія самалёты ў небе над Мінскам. 17 кастрычніка. Скрын з відэа

Пра гэта 17 кастрычніка на брыфінгу расказаў начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Валерый Равенка. 

«Агульная колькасць да прыбыцця ў РБ складзе да 9000 асабовага складу, каля 170 танкаў, да 200 баявых браніраваных машыны і да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм», — адзначыў Равенка.

Памочнік міністра абароны дадаў, што рашэнне аб разгортванні РГВ «прынята і рэалізуецца выключна для ўзмацнення абароны межаў Саюзнай дзяржавы».

«У якасці пагроз бяспекі Саюзнай дзяржавы разглядаюцца разгортванне групоўкі НАТА паблізу межаў на фоне адсутнасці дыялогу, павышэнне інтэнсіўнасці мерапрыемстваў падрыхтоўкі НАТА з наступальнай тэматыкай, заахвочванне беларускіх радыкальных элементаў для звяржэння законнай улады ў Беларусі», — растлумачыў ён.

За мінулы месяц перакідвання расійскай тэхнікі ў Беларусь не фіксавалася. Наадварот, жыхары беларускіх гарадоў зафіксавалі перамяшчэнне ў Расію некалькіх эшалонаў са старымі танкамі і «Ураламі». Чыгуначнікі, якія падтрымліваюць антылукашэнкаўскае падполле, здабылі дакументы, якія сведчаць, што тэхніку перакідваюць са складоў захоўвання пад Любанню на Данбас.

Публічна Аляксандр Лукашэнка, а за ім і генералы заяўляюць, што Беларусь уступіць у вайну толькі ў выпадку нападу на яе тэрыторыю. Адначасова прапаганда праграмуе сілавікоў і насельніцтва, што такі напад з боку Украіны, маўляў, абавязкова адбудзецца, бо да гэтага нібыта ўлады Украіны падштурхоўвае Захад. «Рэспубліка Беларусь пакідае за сабой права прыняцця прэвентыўных мер стратэгічнага стрымлівання для недапушчэння нападу», — заявіў 17 кастрычніка прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі.

Пры гэтым беларускі бок заявіў, што ў Беларусь прыбудзе каля 9000 расійскіх салдат, а Аляксандр Лукашэнка прызнаў удзел Беларусі ў «спецыяльнай ваеннай аперацыі», што робіць нашу краіну легітымнай цэллю для ўзмацнелай украінскай арміі. 

Спроба захапіць Кіеў і поўнач Украіны ў лютым 2022 года была ажыццёўленая з тэрыторыі Беларусі, што зрабіла нашу краіну суагрэсарам у вачах міжнароднай супольнасці. 

Перад нападам Расіі Аляксандр Лукашэнка прагназаваў, што вайна скончыцца перамогай рускіх «за тры-чатыры дні». Правал Расіі на першым этапе вайны стаў нечаканасцю для лукашэнкаўцаў. Прапаганда Мінска працягвала гаварыць пра непазбежнасць перамогі Расіі і асвятляла падзеі ў тым жа духу, што і расійскі афіцыёз. Сам Лукашэнка не раз казаў, што «Расія не можа прайграць». А беларуская разведка, мяркуючы па ўсім, не чакала і таго, што ўкраінцы пяройдуць у контрнаступ на поўдні.

У Мінску ўсё яшчэ вераць, што перамога будзе за «саюзнай дзяржавай Беларусі і Расіі». Кіраўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель у нядаўнім выступе перад супрацоўнікамі БелАЗа нават канкрэтызаваў даты пачатку «пералому» — лістапад 2022-га. 

Чытайце таксама: Крыніцы: Рашэнне аб мабілізацыі ў Беларусі прынятае. Яна пройдзе пад выглядам праверкі баяздольнасці

Як паведамілі «Нашай Ніве» некалькі не звязаных паміж сабой крыніц, у Беларусі прынята рашэнне аб мабілізацыі. Колькасці людзей, якіх плануюць мабілізаваць, мы пакуль не ведаем.

Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне не заяўляць пра мабілізацыю публічна. Гэта было зроблена з улікам наступстваў такога рашэння ў Расіі. «Схаваная мабілізацыя» будзе праходзіць пад выглядам праверкі баяздольнасці часцей і выкліку ваенаабавязаных на зборы, якія ў народзе вядомыя як «набор у партызаны».

Пра мэты мабілізацыі можна будзе меркаваць, ведаючы лічбу набіраных. 

«Набор да 2000 чалавек гаварыў бы пра даўкамплектацыю асобных часцей пад вузкія баявыя задачы, напрыклад, артылерыйскія», — сказаў «Нашай Ніве» афіцэр Узброеных сіл Беларусі. 

«Трывогу трэба будзе біць, калі лічба мабілізаваных пераваліць за пяць тысяч. Гэта будзе азначаць стварэнне ўдарнай групоўкі на нейкім кірунку. Калі пераваліць за 10 тысяч — некалькі груповак», — дадае суразмоўца. 

«Нашай Ніве» дакладна вядома, што пакуль позвы атрымліваюць толькі жыхары невялікіх раёнаў Беларусі. Вялікія гарады першая хваля «схаванай мабілізацыі» пакуль не закранае. 

«Найбольшая ўстаноўка на тыя ваенна-ўліковыя спецыяльнасці, якіх дэфіцыт у расійскай арміі», — кажуць нам абазнаныя крыніцы.

Адна з крыніц кажа, што «на зборы» выклікаюць кіроўцаў. Іншая — «кухараў, кіроўцаў, тэхнічны і тылавы персанал». Магчыма, гаворка ідзе пра набор на першым этапе таго абслугоўваючага персаналу, які зможа забяспечыць падрыхтоўку саміх мабілізаваных і тэхнікі для іх.

«З 12 кастрычніка па 12 лістапада вайсковыя камісарыяты праводзяць зверку ўліковых дадзеных з мясцовымі распараджальна-выканаўчымі органамі і прадпрыемствамі», — гэта ўжо публічна кажуць у эфіры прапагандысцкіх СМІ ваенкамы. Раней такія зверкі аднамомантна не праводзіліся.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рэгіянальная беларуска-расійская групоўка будзе складацца з 70 тысяч чалавек. Праўдзівасць гэтай лічбы мы не можам незалежна праверыць.

Тлумачэнне, чаму спатрэбілася мабілізацыя, чытайце тут: Крыніцы ў арміі патлумачылі, ці можа Лукашэнка адправіць войскі ва Украіну

* * *

Ведаеце важнае, ведаеце больш? Пішыце нам у тэлеграм-бот @nasa_niva_bot. Альбо — асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

З нашага боку гэтыя месенджары абароненыя. Але пільнуйцеся, каб у вас саміх стаяла падвойная аўтэнтыфікацыя і аўтаматычнае выдаленне.

Лукашэнка ўпершыню прызнаў удзел Беларусі ў вайне ва Украіне

Лукашэнка: Мабілізацыі не будзе, будзе праверка рэзервістаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
25