«Цяпер свабоднага часу для запісу няма». Агляд магчымасцей

Германія. У чэрвені амбасада гэтай краіны ў Мінску аднавіла прыём дакументаў на турыстычныя візы: у Германіі часова знялі каранавірусныя абмежаванні. Рэгістравацца на падачу дакументаў трэба анлайн, але прыйдзецца маніторыць і лавіць даты цягам дня. У які час іх «выкідваюць», невядома.

На сайце амбасады адзначаецца, што цяпер назіраецца вельмі высокі попыт на запіс для афармлення шэнгенскіх віз. Таксама там просяць не звяртацца да платных паслуг трэціх асобаў для браніравання запісу.

Італія. Запіс ажыццяўляецца на сайце візавага цэнтру гэтай краіны і па тэлефоне да 12 гадзін. Мы паспрабавалі першы варыянт, запоўнілі анкету, і праграма выкінула шмат дат, але ні адна з іх не клікабельная.

Грэцыя. Дакументы можна падаць праз грэчаскі візавы цэнтр у Мінску або ў генконсульстве ў Маскве. Выявіць даступнасць дат у мінскім візавым цэнтры нам не ўдалося, таму што зарэгістравацца на сайце — той яшчэ квэст. Іншага спосабу забраніраваць дзень падачы няма.

Дарэчы, крыніцы сярод турфірмаў распавядаюць, што грэкі часцей за ўсё адкрываюць візу на адно падарожжа.

Данія. Дацкі візавы цэнтр у Мінску некалькі месяцаў таму аднавіў прыём заявак па ўсіх катэгорыях віз. Папярэдні запіс для падачы дакументаў не патрэбны. Дакументы ў візавым цэнтры прымаюць з 9 да 16 гадзін па будных днях без папярэдняга запісу.

Сэрвісны збор — €53, але ж цана візы ў Данію — €80, а не €35, таму што дадатковае пагадненне паміж Беларуссю і Даніяй не заключана.

Славакія. Падацца на шэнген гэтай краіны можна па жывой чарзе або трэба маніторыць вольныя даты на сайце візавага цэнтра. Апошняе нам не ўдалося з-за немагчымасці актывацыі акаўнта.

Венгрыя. Вылавіць свабодныя даты на сайце візавага цэнтра і консульства Венгрыі даволі складана. «Паведамляем вам, што цяпер вольных прыёмаў няма. Дадатковыя слоты будуць даступныя ў бліжэйшы час. Калі ласка, паспрабуйце пазней!» — напісаў сайт консульства ў адказ на нашу спробу.

Зарэгістравацца з двух імэйлаў на сайце візавага цэнтру таксама апынулася непасільнай задачай: абяцаная спасылка для актывацыі акаўнта не прыйшла. Але ж на сайце існуе прэміум-паслуга, калі мабільны візавы цэнтр прыедзе да вас дадому для прыёму заявы на візу. Нярэдка людзі, ведаючы сітуацыю з датамі, адразу карыстаюцца паслугамі турфірм.

Нагадаем, што прадстаўніцтвы Польшчы і Літвы не прымаюць дакументаў на турыстычныя візы, але прымаюць на нацыянальныя і гуманітарныя.

«Два месяцы чакалі, але нічога не атрымалася»

Аляксандра (імя жанчыны зменена) разам з мужам афармляла візу пад тур: пара спачатку хацела ў Італію, але менеджарам не ўдалося іх запісаць.

«Гэта было ўлетку. Мы два месяцы чакалі, але нічога не ўдалося. Чэргі, праблемы з запісам… І я чула, што цяпер у італьянскім цэнтры візы адкрываюць на невялікі час. Можа, і добра, што так выйшла», — згадвае Аляксандра.

Пасля няўдалай спробы мінчане вырашылі пайсці ў венгерскі візавы цэнтр — і там усё прайшло добра.

«Прыкладна тыдзень чакалі візы з венгерскага ВЦ. І я, і муж атрымалі шматразовыя візы. Але розных тэрмінаў з-за рознай візавай гісторыі, я лічу. Потым паехалі ў еўратур з абавязковым наведваннем Венгрыі», — распавядае жанчына.

Фота: pixaby.com

Фота: pixaby.com

Раней у яе было шмат гадавых віз, таму Аляксандры адкрылі мультышэнген на два гады, а яе мужу — на некалькі месяцаў.

«Былі прыклады, калі людзям і на 4 гады адкрывалі. Хапае тых, хто таксама праз тур адчыняе візу, — адзначае яна. — Галоўнае — трэба памятаць пра першы заезд у краіну».

«Я спадзявалася на цану да 500 рублёў і, мякка кажучы, была ў шоку»

Алена (імя зменена) некалькі дзён таму падалася на нацыянальную візу ў Польшчу. Вырашыла сама, таму што ў цэннікі ў пасярэднікаў — 1000 рублёў

«Пасля аб’явы аб мабілізацыі ў Расіі вырашыла, што сапраўды трэба рабіць візу, пакуль ёсць магчымасць выехаць. Праглядзела форумы, падпісалася ў Instagram на турагентаў, каб разумець, якія ёсць візы і на колькі іх зараз даюць. Разумела, што праца агенцтва будзе каштаваць нейкую суму, але на той момант яшчэ не цікавілася. Вырашыла, што мне патрэбна менавіта мультывіза, даўгатэрміновая і шматразовая», — пачынае Алена.

Фота: pixaby.com

Фота: pixaby.com

Паводле яе слоў, лепш за ўсё даюць шматразовыя візы менавіта пад запрашэнне, дзелавыя паездкі, але ж сваякоў у ЕС у мінчанкі няма — толькі сябры.

Такім чынам дзяўчына паспрабавала варыянты амаль ва ўсіх магчымых візавых цэнтрах.

«У Францыі, Германіі і Італіі вельмі працяглы запіс. Цяпер дзве першыя, наколькі я ведаю, даюць даты на снежань, Італія — наогул толькі на вясну праз візавы цэнтр. Хоць і ёсць шчыліна запісацца ў консульства Італіі, але таксама за энную суму грошай, — адзначае дзяўчына. — Іспанскую візу зараз можна атрымаць толькі ў Маскве, але ж зусім не хочацца ехаць у Расію, плюс праблема вяртання без пашпарта».

Але ў выніку Алена выбрала Польшчу. З-за таго, што ўсе яе візы за апошнія 10 гадоў былі польскімі і быў досвед запісу. А таксама яна доктарка, а ў Польшчы ёсць адмысловая праграма для медыкаў.

Фота: pixaby.com

Фота: pixaby.com

«Польшча турыстычных візаў не дае, але затое дае гуманітарныя. На год, з магчымасцю знаходжання ў краіне 365 дзён і з магчымасцю працаўладкавання. Таксама зараз ёсць магчымасць падоўжыць гуманітарную візу на тэрыторыі Польшчы ці падацца на гуманітарны ВНЖ», — тлумачыць беларуска.

Пасярэднік скінуў цану за бронь чаргі — 1000 рублёў, а да гэтага трансляваў у сторыз, што 90% станоўчых выхадаў і 10% адмоў.

«Я чакала цану да 500 рублёў і, мякка кажучы, была ў шоку. У выніку палезла на форумы і прачытала досвед папярэдніх рэгістрацый. Паколькі на папярэднія візы я таксама спрабавала запісацца сама, была гатова, што давядзецца патраціць шмат часу і не спадзявацца, што з першага разу я змагу», — згадвае Алена.

Паводле яе слоў, даты выкідвалі кожную сераду, сайт у гэты дзень ляжаў. Да вечара, пасля пастаянных абнаўленняў Алена ўжо амаль страціла надзею, але на форумах людзі пісалі чакаць свабодных слотаў і ўвечары ў сераду і нават на наступны дзень.

«Акрамя асноўнага, я вырашыла спампаваць на камп’ютар яшчэ тры іншыя браўзеры. Чысціла гісторыю, кукі, кэш, выкарыстоўвала мабільны інтэрнэт, і каб хутчэй ішла загрузка, уключала і адключала інтэрнэт, каб памяняўся IP», — пералічвае яна.

Толькі раніцай чацвярга Алене пашанцавала: сайт стаў працаваць хутчэй, яшчэ былі даты. Да таго моманту былі вольныя слоты толькі ў Магілёве і Гомелі.

«Пакуль абнаўляўся сайт, у Магілёве скончыліся месцы, але я змагла запісаць нас з сяброўкай на Гомель, — адзначае дзяўчына. — Гэта вялікі поспех, і па некалькі месяцаў людзі манітораць даты… Калі гугліць, то кампаніі прапануюць па 850—1000 рублёў за запіс».

Клас
11
Панылы сорам
14
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
20
Абуральна
45