«Хтосьці стаў пасярод дарогі і не ведае, што рабіць»

Ідэя праекта «Узаемадапамога на дарогах Літвы» ўзнікла ў снежні 2021 года, калі ў Вільні была моцная завіруха, а Павел выехаў на дапамогу аўтамабілістам.

«Гэтая звычка дапамагаць на дарозе засталася яшчэ пасля «Хаўера» ў Мінску. У мяне машына, якая добра праходзіць, і недзе апоўначы, калі пачаўся вельмі моцны снегапад, я вырашыў, што магу камусьці дапамагчы. Я прыехаў на запраўку ў Вільні і спытаў аператара, ці ёсць тут нейкая суполка, куды людзі звяртаюцца па дапамогу. Мне сказалі, што такога не ведаюць, таму я проста паехаў калясіць па Вільні, ваколіцах горада і даехаў амаль да мяжы Беларусі, дзе было вельмі шмат машын, якія захраслі. Я проста дапамагаў людзям. Была дзяўчына, якая прабіла кола і не магла паставіць запаску, бо яна вельмі цяжкая. І вось у той момант з'явілася ідэя, што было б класна стварыць такую суполку ўзаемадапамогі», — кажа Павел Філіповіч.

Хлопец кажа, што людзі здзіўляліся яго прапанове дапамагчы.

«Людзі пыталі, колькі будзе каштаваць такая дапамога. Калі я казаў, што мне не трэба грошай, што я проста хачу дапамагчы, то бачыў здзіўленне ў вачах», — усміхаецца Павел.

Да ініцыятыву таксама звяртаюцца людзі, у якіх ёсць цяжкасці з фінансамі, яны не могуць выклікаць эвакуатар.

«Я часта атрымліваю просьбы, што разрадзіўся акумулятар і трэба пад’ехаць «прыкурыць» аўтамабіль. Калі звярнуцца ў службу, то за такую паслугу прыйдзецца аддаць каля 50 еўра. У кагосьці дэфіцыт часу і трэба тэрмінова ехаць, хтосьці стаў пасярод дарогі і не ведае, што рабіць. Таму я вырашыў стварыць такую супольнасць аўтаваланцёраў».

Механізм дзеяння ініцыятывы такі:

«Чалавек піша, напрыклад: «Я знаходжуся па такім і такім адрасе, у мяне разрадзіўся акумулятар, дратоў няма. Мне патрэбная дапамога». Ён пакідае кантакт для сувязі, і тыя, хто можа дапамагчы, звязваюцца і дапамагаюць».

За паўгода існавання ініцыятывы ўдалося дапамагчы 50—60 чалавекам. Павел — дасведчаны аўтамеханік, таму публікуе ў канале шмат карысных пастоў для кіроўцаў.

«Я ведаю розныя нюансы, таму перыядычна выкладваю пасты. Вось цяпер рыхтую матэрыял, як правільна падабраць зімовую гуму, бо там таксама ёсць тонкасці. Я стараюся расказваць пра гэта кіроўцам і павышаць іх дасведчанасць».

«Патраціў пару хвілін, а чалавек шчаслівы паехаў на аўтамабілі»

Самыя частыя выпадкі, якія здараюцца на дарозе, — разраджаныя акумулятары, кажа Павал.

«Хтосьці забывае выключыць святло, у кагосьці акумулятар мае слабую ёмістасць і летам працуе добра, але з надыходам першых халадоў машына пастаіць 2—3 гадзіны — і не можа запусціцца. Бывае, прыходзяць запыты, што кагосьці трэба адбуксаваць на станцыю. Некаторым трэба, каб параілі, дзе купляць запчасткі, куды звярнуцца па рамонт. І вось так усе пытанні, звязаныя з аўтамабілямі, абмяркоўваюцца ў суполцы, людзі дзеляцца сваім досведам і парадамі».

На дарозе здараліся і незвычайныя выпадкі, прыгадвае Павал.

«Быў выпадак, калі хлопец ехаў на старэнькай машыне, у яго скончылася дызельнае паліва, ён неяк даштурхаў яе да запраўкі. Але машына не заводзілася, бо ў паліўнай сістэме ўтварыўся паветраны корак. Ён праваждаўся каля 4 гадзін, але нічога не ўдавалася, яшчэ і акумулятар разрадзіўся. Яго знаёмы расказаў пра наш тэлеграм-канал. Я да яго прыехаў, мы ўзялі запальную вадкасць і пырснулі ў калектар, каб справакаваць іскру выбуху ў рухавіку, — і ўсё атрымалася! На гэта пайшло пару хвілін, а чалавек шчаслівы паехаў на аўтамабілі».

Павал шмат піша пра свае назіранні аб тым, дзе і які сэрвіс найбольш спадабаўся.

«Напрыклад, я абслугоўваў свой аўтамабіль, прыехаў на станцыю і глядзеў, як механікі выконваюць сваю працу. І вось адна станцыя мне вельмі спадабалася, было ўдвайне прыемна, што гэта нашы беларусы, таму я напісаў пра іх у канале. Гэта не рэклама, а карысныя парады».

Таксама да Паўла звяртаюцца з просьбамі прадэкламаваць розныя аўтамабільныя паслугі.

«Я шмат маю зносін з аўтамабільнымі бізнэсамі. Але рэклама за грошы мяне не цікавіць, я не маю мэты зарабляць на гэтай ініцыятыве. Вось да мяне звярнуліся хлопцы, якія адкрылі аўтахімчыстку, і прасілі расказаць пра іх. Я ім прапанаваў правесці розыгрыш сертыфіката, каб той, хто выйграў, сам напісаў поўны, сумленны водгук пра гэтую кампанію, пра паслугу. Таксама прапанаваў зрабіць праграму лаяльнасці для ўдзельнікаў нашай суполкі».

«У Беларусі ўсе кіроўцы заўсёды кудысьці спяшаюцца»

Бывае, удзельнікі суполкі спрабуюць пісаць пра радары хуткасці ці паліцыю ў розных месцах, але Павел супраць такіх паведамленняў.

«Я кантралюю гэтую сітуацыю. І ў правілах напісана, што мы камунікуем у суполцы толькі па пытаннях, звязаных з тэхнічнай часткай аўтамабіляў. Каб не ператварыць гэтую ініцыятыву ў месца, дзе будзе абмяркоўвацца паліцыя, могуць узнікаць спрэчкі, канфлікты. Мой асноўны пасыл — гэта ўзаемадапамога на дарозе ў тэхнічным плане».

Хлопец кажа, што са свайго досведу аўтамабіліста і валянцёра на дарозе заўважыў розніцу ў культуры кіравання аўтамабілем.

«У Беларусі ўсе кіроўцы заўсёды некуды спяшаюцца. Ад гэтага яны больш у стрэсе, больш адбываецца канфліктаў на дарозе. А ў Літве ўсе кіроўцы едуць даволі спакойна, канфлікты я вельмі рэдка заўважаю, ну і сама манера кіравання больш спакойная».

Павел хоча арганізаваць жывую сустрэчу з удзельнікамі суполкі.

«Магчыма, наступным летам зраблю: каб усе выбраліся, актыўна адпачылі, пагулялі ў футбол, баскетбол, пазнаёміліся між сабой. Я хачу больш з'яднаць супольнасць, унесці яскравыя моманты».

Мужчына дадае, што хацеў бы пашырыць ініцыятыву ўзаемадапамогі на дарогах іншых краін, але пакуль на ўсё не стае часу.

«У мяне ёсць досвед, таму я з задавальненнем падзяліўся б ім з іншымі людзьмі, каму цікава такое рабіць, дапамагаў бы ў тым, каб гэтыя праекты былі ў іншых краінах. Я думаю, гэта класная ідэя, якая павышае згуртаванасць і культуру кіроўцаў».

На што варта звярнуць увагу аўтамабілістам перад пачаткам зімовага сезона?

Самае важнае — абслужыць аўтамабіль да зімы, каб мінімізаваць небяспечныя сітуацыі, кажа Павал.

«Гэта абавязковая праверка вадкасцяў, цечы радыятара. Вельмі важна звярнуць увагу на стан гумы, якую будзеце выкарыстоўваць, яе год выпуску. Важна, каб у машыне заўсёды ляжалі драты, трос, невялікая рыдлёўка — яны дапамогуць справіцца з рознымі сітуацыямі самому або аказаць камусьці дапамогу. Важна праверыць ахаладжальную вадкасць. Напрыклад, чалавек не можа выехаць, хутка расце тэмпература рухавіка, і калі ахаладжальная вадкасць будзе мець слабую шчыльнасць, то матор пачне перагравацца, трэба будзе глушыць аўтамабіль, а чалавеку прыйдзецца мерзнуць. Абавязкова праверце ёмістасць акумулятара, стан батарэі, каб не здарылася так, што вы пакінулі машыну, прыйшлі праз паўгадзіны, а яна ўжо не заводзіцца».

Клас
16
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1