У распараджэнні выдання аказаўся ліст, датаваны 5 кастрычніка, у якім дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі паведамляе аб прыпыненні выдачы ветэрынарных сертыфікатаў на экспарт для шэрагу мясцовых вытворцаў мяса-малочнага сектара. Рэгулятар абгрунтоўвае гэта неабходнасцю насычэння ўнутранага рынку прадукцыяй.

Пад абмежаванні трапіла прадукцыя «Сервалюкс Агра» (брэнд «Пятруха»), Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі (брэнд «Ганна»), птушкафабрыкі «Дружба», Баранавіцкай птушкафабрыкі (выпускае яйкі пад маркай «Златко») і 1-й Мінскай птушкафабрыкі («Знатныя»). Сярод вытворцаў малочнай прадукцыі забарона на экспарт закранула Рагачоўскі і Лепельскі камбінаты. Усім гэтым кампаніям часова забаронены вываз прадукцыі, у тым ліку і ў Расію, кажа крыніца «Коммерсанта» ў галіне.

У міністэрствах сельскай гаспадаркі Беларусі і Расіі, а таксама ў кампаніях са спісу дэпартамента на запыты «Коммерсанта» не адказалі. З адказу Рассельгаснагляду вынікае, што расійскі бок пакуль не атрымліваў ад беларускага рэгулятара афіцыйных апавяшчэнняў аб забароне на вываз у РФ мяса-малочнай прадукцыі з краіны.

Забарона на вываз, як вынікае, папярэднічала замарозцы цэн у Беларусі з 6 кастрычніка.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе эканамічнага блока ўрада 6 кастрычніка заявіў, што «забараняецца ўсякі рост цэн».

Паводле «Коммерсанта», Беларусь увозіць у РФ 120-140 тыс. тон мяса птушкі на год. Пастаўкі на расійскі рынак з краіны могуць скараціцца на 30 тыс. тон да канца 2022 года. Крыніцы выдання не выключаюць рост на расійскім рынку цэн у сувязі з гэтым.

Напярэдадні ўлады абяцалі, што дэфіцыту прадукцыі ў Беларусі ў сувязі з замарозкай цэн не будзе.

Клас
0
Панылы сорам
6
Ха-ха
10
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
3